Какие меры принимает Освод, чтобы минимизировать количество погибших на воде

Халодныя абдымкі плыні

Мінулыя выхадныя ўдаліся не ва ўсіх — некаторыя сем’і напаткала бяда. Так, вечарам у ня­дзелю не выйшлі на сувязь з роднымі два браты, якія з раніцы выправіліся рыбачыць на возера Інава, што ў Браслаўскім раёне. У панядзелак целы 45-гадовага і 57-гадовага мужчын знайшлі ў вадзе. Возера гэта зусім невялікае, але яго максімальная глыбіня дасягае 9 метраў. 

За апошні тыдзень у краіне патанулі 33 чалавекі, трое з іх — дзеці.

У абедзенны час панядзелка на вадаём каля аграгарадка Охава ў Пінскім раёне, дзе, дарэчы, забаронена купацца, адправіліся два стрыечныя браты 2008 года нараджэння. З пластыкавых бутэлек хлопчыкі збудавалі нешта накшталт плыта, на якім і адправіўся ў плаванне адзін з іх. Імправізаваны плыт выслізнуў, і дзіця, якое не ўмела плаваць, стала тануць. Яго брат паклікаў на дапамогу. Жанчына, якая пачула крыкі, выклікала супрацоўнікаў МНС. Прыехалі яны хутка, але дзіця ўжо паспела пайсці пад ваду. Хлопчыка знайшлі недалёка ад берага, на глыбіні 2 метраў.

Як паведамілі ў Асводзе, за мінулы ты­дзень у краіне патанулі 33 чалавекі, трое з іх — дзеці. Прычыны таму розныя: купанне ў забароненых месцах, падзенне ў ваду падчас рыбалкі, стан алкагольнага ап’янення. Адзін з загінулых заблытаўся ва ўласнай рыбалоўнай сетцы. 

Чарговую ахвяру прыняла Сеніцкае вадасховішча: там знайшлі цела 40-гадовага мужчыны, які адправіўся купацца ноччу. Аншлагі там рэгулярна знікаюць, таму надпісы аб забароне купання нанесены яркімі вялізнымі літарамі проста на пліты берага. На жаль, гэта мала каго стрымлівае. Між тым, вадасховішча не надта глыбокае, але мае «пасткі»: можна ісці па пояс у вадзе, а потым знянацку зваліцца ў двухмятровую яму. 

— За чэрвень у краіне патанула 8 непаўналетніх, — не хавае смутку Алег Баразна, вядучы спецыяліст Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах. — Ні ў якім разе нельга пакідаць дзяцей каля вады без нагляду! І ўвогуле, у баку не павінен застацца ніводзін дарослы. Не праходзьце міма, калі вы бачыце адных дзяцей на беразе вадаёма ці ў вадзе. Паспрабуйце пераканаць іх вылезці, хаця б папярэдзьце аб небяспецы, калі магчыма, пазавіце бацькоў. 

Что датычыць дарослых, то больш за 60 працэнтаў ад агульнай колькасці загінулых — а іх у гэтым годзе ўжо каля 170 чалавек — знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. 

У Асводзе яшчэ раз напамінаюць, што пры купанні нельга ныраць ці скакаць з плацін, дамбаў, разнастайных «тарзанак». У лепшым выпадку гэта можа скончыцца пераломам рук ці ног, у горшым — траўмай пазваночніка. Не варта плаваць на непрадназначаных для гэтага прадметах: надзіманых камерах, мячыках, самаробных плытах і інш. Рызыкоўна купацца ў патэнцыяльна небяспечных месцах, дзе ёсць віры, ямы, хуткая плынь — з імі могуць не справіцца і вопытныя плыўцы. І лепш не парушаць правілы карыстання маламернымі суднамі ці плавальнымі сродкамі. Прафілактычныя размовы аб гэтым пастаянна праводзяцца на прадпрыемствах, ва ўстановах, дзе зараз бавяць час дзеці, а таксама проста на вадаёмах. На гарачы сезон значна павялічана колькасць матросаў-ратавальнікаў.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter