Кожан-Городок Лунинецкого района богат на историю, знаменитых людей и рабочие достижения

Кажан-Гарадок: з квеценню абрыкосаў, пізанскай царквою і лонданскім кварталам

Разгалістыя дубы-веліканы і старыя ліпы вякамі вартуюць кажан-гарадоцкія курганы. На Гарбаравай гары, акружанай прыпяцкай нізінай, археолагі выявілі рэшткі паўзямляначнага жытла першабытных людзей. 

Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца пад назвай Гарадзец у 1493 годзе як уладанне магната Мантыгердавіча ў Навагрудскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. З 1588 года мястэчкам валодаў віленскі кашталян Ян Кішка. 

У 1613 годзе Кажан-Гарадок стаў цэнтрам воласці і перайшоў ва ўладанні шляхціца Падбярэзскага, а потым заможным Тарнаўскім. 

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай, якая доўжылася некалькі гадоў у канцы ХVІІ стагоддзя, усе пабудовы згарэлі. Не паспелі адбудаваць мястэчка, як у 1702 годзе ўварвалася шведскае войска караля Карла ХІІ. 

У 1818 годзе без адзінага цвіка ўзведзены драўляны Свята-Мікалаеўскі храм. Пры ім адкрылася двухкласная школа. Двухсотгадовая царква — гістарычна-культурная каштоўнасць Беларусі. 

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Кажан-Гарадок адышоў да Расійскай імперыі і стаў цэнтрам воласці Пінскага павета. 

Амаль два вякі, па 1939 год, мястэчкам уладарыў шляхетны род Шчытоў-Неміровічаў. Дзейнічалі царква, каталіцкая капліца, сінагога, два яўрэйскія малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны двор. Па некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы.

Згодна з Рыжскай дамовай, з 1920 года Кажан-Гарадок — цэнтр гміны Лунінецкага павета буржуазнай Польшчы, а пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР — цэнтр сельсавета. У 1940-м статус яго панізілі да вёскі.

Восенню 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты спалілі 152 кажан-гарадоцкія сядзібы і загубілі 937 тутэйшых. 

З пасляваенных гадоў Кажан-Гарадок — цэнтр калгаса, рэфармаванага ў ДП «Гарадоцкае». З 2000 года — аграгарадок Лунінецкага раёна. 


Два шляхі вядуць з Лунінца ў Кажан-Гарадок, што раскінуўся на пясчаных выспах Прыпяцкай нізіны ў няпоўных двух дзясятках кіламетраў ад райцэнтра. Побач праходзіць чыгунка з Брэста на Гомель. Перш чым адправіцца ў вандроўку па старажытным мястэчку, якое летась адсвяткавала 525-годдзе, завітаў да старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко. Аляксандр Мікалаевіч паведаміў, што раён густазаселены. Многія вяскоўцы, у тым ліку і жыхары Кажан-Гарадка, папаўняюць калектыў магутнага горна-абагачальнага камбіната, што ўзведзены побач з вёскай Сітніца. Больш за дзве сотні чалавек працуе на палях і фермах дзяржаўнага прадпрыемства «Гарадоцкае» — аднаго з найбольш буйных у раёне. Дзесяць гадоў таму да яго далучылі суседнюю гаспадарку. Урадлівасць зямель невысокая, але з кожнага гектара летась намалацілі звыш 30 цэнтнераў збожжа. Сярэднегадавы надой ад каровы ў гаспадарцы набліжаецца да 6 тысяч кілаграмаў. 

Неаднойчы даводзілася бываць у Кажан-Гарадку. І вось чарговая вандроўка. Райвыканкамаўскі вадзіцель Мікалай Яраховіч выбраў карацейшы шлях праз лунінецкія вёскі Яжаўкі, Язвінкі, Ракітнае. Мяне здзівіла, што шмат тэхнікі працавала на трасе. Самазвалы падвозілі гравій, магутныя бульдозеры раўнялі дарожнае палатно. Вадзіцель патлумачыў, што бетонная магістраль Гомель-Кобрын закрываецца на капітальны рамонт і транспарт пусцяць у абход. Дарожнікі рыхтуюць палатно да ўкладкі асфальта.


Праехалі праз доўгія вясковыя вуліцы, забудаваныя пераважна прыгожымі мурамі. У зацішных палісадніках белай квеценню ўжо красуюць галінкі абрыкосаў. Сёлета яны зацвілі раней звычайнага. 

Старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Зубко пры сустрэчы прыкмеціў: некаторыя гаспадары паспелі ўжо ў агародах пасадзіць бульбу. Ажывілася праца на шматлікіх плантацыях клубніц. На пачатку лета пачнецца ягадны кірмаш ля прыдарожнай вёскі Дварэц. Вырошчванне клубніц заўважна поўніць скарбонкі вяскоўцаў. 

Старшыня сельвыканкама Іван ЗУБКО і стараста вёскі Цна Ніна ПАТУРАЙ.

Дзейнічала ў Кажан-Гарадку цяп- лічная гаспадарка, дзе вырошчваннем гародніны займалася сотня працаўнікоў. Ад цяплічных збудаванняў засталіся металічныя каркасы. Сельгаспрадпрыемст-ва не вытрымала канкурэнцыі з лунінецкімі фермерамі і стала ўчасткам суседняга ААТ «Дварэцкі». Па сучасных тэхналогіях на былых балотных масівах вырошчваюць фермеры моркву, буракі, капусту і іншую гародніну.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Гарадоцкі» спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса. Пераважную частку сельгасугоддзяў займаюць пасевы збожжавых і кармавых культур. 

Аднымі з першых у раёне механізатары гаспадаркі справіліся з сяўбою ранніх збожжавых і зернебабовых. На прасторным палетку за вёскай Цна, куды прыехалі з Іванам Зубко, трактарыст Анатоль Ільіч на «Джон Дзіры» рыхтаваў глебу пад сяўбу кукурузы. Ад вясновага цяпла над раллёю ўздымалася пара. 

Механізатар дзяржаўнага прадпрыемства «Гарадоцкі» Анатоль ІЛЬІЧ.

На полі сустрэліся з галоўным аграномам Сяргеем Скібам. Ледзьве паспявае ён аб’язджаць гаспадарку: амаль 700 гектараў адведзена пад кукурузу, такую ж плошчу займаюць яравыя збожжавыя і бабовыя культуры, крыху пазней пачнуць сеяць грэчку, садзіць бульбу. Сучасная тэхніка дазваляе аператыўна спраўляцца з палявымі работамі. Кожнае поле па тэхналогіі запраўлена арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. 

Галоўны аграном ДП «Гарадоцкі» Сяргей СКІБА.

У гаспадарцы звыш 3 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, трэцяя частка якой — дойны статак. Сярод жывёлаводаў, як і механізатараў, шмат моладзі. Выпускнікі Кажан-Гарадоц-кай сярэдняй школы маюць магчымасць атрымліваць працоўныя спецыяльнасці ў Лунінецкім дзяржпрафтэхкаледжы сельгасвытворчасці. Выпускнік школы Якаў Бірыла — адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі. Багаты ён сем’янін. Разам з жонкай выхоўваюць чацвёра дзяцей. З дзяржаўнай падтрымкай пабудавалі ў вёсцы Дрэбск прасторны катэдж на пяць пакояў. На прысядзібным участку пасадзілі сад.

Летась у сярэдняй школе адноўлена прафарыентацыя старшакласнікаў. Амаль 20 вучняў 11-га класа атрымліваюць прафесію кухара. Займаецца з імі педагог Антаніна Гоман. 

Настаўнікам фізкультуры стаў выпускнік Генадзь Кавалевіч, якога засталі з юнымі спартсменамі на школьным стадыёне. Хлапчукі заўзята гулялі ў баскетбол. Сёлета выхаванцы Генадзя Міхайлавіча сталі прызёрамі на спаборніцтвах школьных баскетбалістаў раёна.

Настаўнік фізкультуры Генадзь КАВАЛЕВІЧ з юнымі спартсменамі. 

На тэрыторыі сельсавета, акрамя сярэдняй школы, у якой больш за 200 вучняў, амаль 70 выхаванцаў у адзінай захаванай у раёне Дрэбскай пачатковай школе — дзіцячым садку. Колькасць дзяцей у сельсавеце паступова павялічваецца. Кажан-Гарадок, вёскі Цна і Дрэбск прырастаюць новымі сядзібамі. Летась 5 сем’яў справілі наваселле, у тым ліку 2 шматдзетныя. Аграсядзіба ўпрыгожыла адзін з куточкаў аграгарадка. Яшчэ два арыгінальныя падворкі ажывілі аддалены хутар Бабы, што непадалёку ад Прыпяці. Турысты аблюбавалі гэтыя мясціны. Вабіць іх у Кажан-Гарадок і ўнікальны помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква. Айцец Дзмітрый Грыб заўважыў: тутэйшыя ганарацца непаўторным храмам з драўлянымі разнымі абразамі, калонамі і статуямі. Таму што будынак з-за штучна насыпанага пагорка нахіліўся, царкву называюць пізанскай. Ніводны з 6 купалаў не глядзіць у неба вертыкальна. Служэнне тут не спынялася нават у час вайны. Побач з гістарычным будынкам узведзены невялікі храм у гонар вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага. Богаслужэнні ў ім праводзяцца зімой, бо Свята-Мікалаеўская царква не ацяпляецца. 

Упрыгожваюць аграгарадок адміністрацыйныя будынкі сельсавета, дырэкцыі сельгаспрадпрыемства, бібліятэкі-клуба, сярэдняй школы, дзіцячага садка, філіяла Лунінецкай дзіцячай музычнай школы, бальнічнага комплексу, кафе, магазінаў. Старшыня сельвыканкама Іван Зубко заклапочаны навядзеннем парадку ў грамадскіх месцах. Закрасуюць рознымі колерамі кветнікі. Аздабляецца зелянінай і тэрыторыя жывёлагадоўчых ферм. 

За навядзеннем парадку засталі жывёлаводаў на малочна-таварнай ферме «Дрэбск». Даглядчык кароў Леанід Шчур увіхаўся ля кармушак уздоўж выгульнай пляцоўкі. Ён спрытна раскладваў укормленым каровам бярэмкі духмянага сена. Да выхаду на пенсію даіла кароў яго жонка Марыя Канстанцінаўна. Леанід Уладзіміравіч быў міліцыянерам. Перад выхадам на пенсію ўзнагароджаны медалём за бездакорную службу. 

Жывёлавод МТФ «Дрэбск» ДП «Гарадоцкі» Леанід ШЧУР.

У час размовы з даглядчыкам падышла загадчыца фермы Надзея Грушко. З малых гадоў яна дапамагала маці даіць кароў. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла на заатэхнічнае аддзяленне Пінскага саўгаса-тэхнікума. Атрымала дыплом і вярнулася дамоў. Амаль 30 гадоў Надзея Рыгораўна кіруе калектывам. Зваршчыкам у рамонтнай майстэрні працуе яе муж Віктар Уладзіміравіч. Маюць трое дзяцей, ад гаспадаркі атрымалі катэдж і прыватызавалі. Па надоях малака дрэбскія жывёлаводы сярод лепшых у раёне. 

З дыпломам вучонага агранома пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта вярнуўся ў Кажан-Гарадок і брат Надзеі Рыгораўны — Сяргей Грыневіч. Ён узначальвае дзяржаўны насенны ўчастак. 

Амаль усе галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемства і педагогі — выпускнікі Кажан-Гарадоцкай сярэдняй школы. Выхаванец яе і старшыня сельвыканкама Іван Зубко. Дыплом педагога атрымаў у Мазырскім дзяржпедуніверсітэце імя Івана Шамякіна і прыехаў дамоў настаўнічаць. Кіраваў педкалектывам Дрэбскай пачатковай школы — дзіцячага садка. Трэці год Іван Карпавіч узначальвае сельвыканкам. 

Веласіпед — галоўны транспарт кажан-гарадоцкіх кабет.

Пакуль вандравалі па Кажан-Гарадку і ваколіцах, ён захапляльна расказваў пра сваіх землякоў. Завіталі да старасты вялікай палескай вёскі Цна Ніны Патурай. Вуліцы выцягнуліся ўздоўж рачулкі Цны. Зарэчную частку, дзе жыве Ніна Сцяпанаўна, тутэйшыя называюць Лонданам. Пацікавіўся, чаму з’явілася такая назва. Усё даволі проста: сядзібы за ракою, як частка Лондана за Тэмзай. 

Ніна Сцяпанаўна цудоўны арганізатар. Ладзіць суботнікі па добраўпарадкаванні вёскі, могілак. Па яе ініцыятыве талакою збудавалі пешаходны масток праз рэчку Цну. Жыхарам палескага Лондана ён скараціў шлях у цэнтр вёскі. 

Арганізавала стараста збор сродкаў на ўзвядзенне на могілках абеліска землякам, расстраляным нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў ваенны час. Значна дапамог сродкамі брэсцкі прадпрымальнік Аляксей Кіпцэвіч, які родам з Цны. Загарэлася стараста пераабсталяваць закінуты будынак лазні ў праваслаўную царкву. Людзі яе падтрымалі, бо ад Цны да Кажан-Гарадка 7 кіламетраў, і не заўсёды атрымліваецца састарэлым дабірацца ў храм Мікалая Свяціцеля на богаслужэнні. Айцец Дзмітрый пасля малебна ў аграгарадку прыязджае ў цнянскую царквушку.

Запала ў сэрца і сустрэча з аўдавелым ветэранам вайны і працы з вёскі Дрэбск Максімам Грыневічам. Дома яго не засталі. Прайшліся па прыбранаму падворку, на якім прыгожа глядзяцца не толькі ўтульны дом, але і гаспадарчыя пабудовы. Нічога лішняга. Вось-вось зацвіце сад. 

Ветэран вайны і працы Максім ГРЫНЕВІЧ з унучкай Вольгай і праўнучкай Паўлінкай.

Пакуль аглядалі сядзібу, з вуліцы зайшоў з кавенькай худзенькі Максім Нічыпаравіч. Запрасіў у хату, дзе таксама панавалі чысціня і парадак. Гаспадар узгадаў пра перажытае за доўгі век. Маладосць яго выпала на ваеннае ліхалецце. Вясною 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты вывезлі яго разам амаль з 70 вясковымі равеснікамі ў рабства. Працаваў ў баўэра. Пасля вызвалення пайшоў служыць у армію. З пераможанай Германіі байцоў яго вайсковай часці чыгуначным эшалонам адправілі на Дальні Усход. Але з паўдарогі радавога Грыневіча вярнулі дамоў, дзе засталася аўдавелая маці з 5 дзецьмі на руках. Бацька загінуў на вайне. Прыехаў і стаў працаваць на сваёй зямлі. Калгаса яшчэ не было. Калі вяскоўцы аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку, пайшоў вучыцца на механізатара. Да выхаду на пенсію Максім Нічыпаравіч працаваў трактарыстам. Ажаніўся і перавёз з хутара Падмарочнае ў вёску Дрэбск бацькоўскую хату. З жонкай Юляй Фёдараўнай выхавалі 4 дзяцей. 

Пакуль размаўлялі з гаспадаром, у дом ўвайшла маладая жанчына з дзяўчынкай. Прыходу ўнучкі Вольгі і маленькай праўнучкі Паўлінкі гаспадар абрадаваўся. Падумалася, што і старасць у радасць, калі ты не адзін. Сельвыканкам падтрымлівае адзінокіх састарэлых вяскоўцаў. За імі замацаваны сацыяльныя работнікі. Мо таму і багаты на доўгажыхароў гэты ціхі куточак Палесся. 

Лунінецкі раён

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter