Капiтанская жонка

...Разразаючы празрыстую ваду, рачны трамвай шпарка бег па Рэйне...

Жонка капiтана Андрэева ледзь не страцiла прытомнасць, калi даведалася, што мужа паставiлi перад выбарам: кiнуць сям’ю з двума дзецьмi цi развiтацца з армiяй

...Разразаючы празрыстую ваду, рачны трамвай шпарка бег па Рэйне. Група людзей нешта ажыўлена абмяркоўвала па-руску. А ў куце хударлявы сiвабароды мужчына з пагардай мармытаў сваёй спадарожнiцы: «Швайнэ-гундэ, швайнэ-гундэ», што азначала: свiннi-сабакi, свiннi-сабакi.

Пажылая, невялiкага росту турыстка добра разумела высокага барадатага немца, бо нядрэнна вывучыла нямецкую мову ў Бухенвальдзе i Таргау.

Калi кацер прычалiў i пасажыры пачалi сходзiць па трапе на бераг, яна рынулася да сiвабародага i выпалiла: «Ду бiст альтэ швайн, ду бiст альтэ гунд, ду бiст фашыст!»

Немец спуджана шарахнуўся.

Аб тым эпiзодзе ў Германii расказала Нiна Адамаўна Андрэева (дзявочае прозвiшча Iльясевiч). Там яна знаходзi­лася па запрашэннi нямецкай антыфашысцкай арганi­зацыi.

Нарадзiлася Нiна Iльясевiч у 1926 годзе ў Папернi пад Мiнскам.

Калi пачалася вайна, у Паперню нахлынулi карнiкi i ўчынiлi аблаву на моладзь. Так пятнаццацiгадовая Нiна Iльясевiч апынулася ў лагеры смерцi Бухенвальдзе.

Зняволеных памылi, пастрыглi, пранумаравалi. Нiна Адамаўна нiколi не забудзе жудаснае донарства: кроў бралi, пакуль донары не гублялi прытомнасць. Iх ляпалi па шчоках, давалi пiць гарбату, затым зноў бралi кроў... Нiна засталася жывой, таму што ў яе была першая група крывi, прыгодная многiм. Менш пашчасцiла тым, у каго была рэдкая кроў: яе выкачвалi ўсю…

Кармiлi дрэнна. На святы наладжвалi для зняволеных «пiр»: давалi па тры бульбiны. У астатнiя днi — па сто грамаў эрзац-хлеба, вараную рэпу, прапушчаную праз машынку (як сечка), i эрзац-каву. Нават цяпер, праз шэсцьдзесят пяць гадоў, Нiна Адамаўна глядзець не можа на рэпу.

У лагеры была лютая наглядчыца, якую звалi фрау Штаўбе, што ў перакладзе з нямецкай мовы азначае «жанчына спакою». Фрау была на рэдкасць бязлiтаснай.

— Русiш швайн! Русiш гунд! — крычала яна i са звярынай лютасцю секла бiзуном з любой нагоды i без нагоды кволых дзяўчат. На канцы бiзуна матляўся свiнцовы шарык.

Калi ў 2004 годзе ў Нiны Андрэевай выявiлi пухлiну галавы, рэнтген паказаў, што аб сабе нагадаў той самы кавалачак свiнцу...

На шчасце, сярод немцаў не ўсе былi садыстамi. Лагерны ўрач Курт, якi вярнуўся з фронту без нагi, шкадаваў Нiну. Калi б не ён, успамiнала Нiна Адамаўна, памерла б з голаду. Бязногi доктар даваў ёй сухар i наказваў, каб ела i маўчала. А дзяўчына баялася грызцi той сухар, каб побач не пачулi трэск. Аднойчы яна захварэла, паднялася высокая тэмпература. Курт улажыў яе ў лазарэце на скураны тапчан, памераў тэмпературу. Зашкалiла за 40.

— Оля-ля! Кранк кляйнэ мэдхен, — спачувальна прамармытаў ён i надзеў на галаву Нiне нейкую скрынку з трыма сiнiмi лямпачкамi: — Кальт копф?

Хвiлiн праз сорак тэмпература спала, галава перастала балець. «Што гэта быў за апарат?» — гадае па сённяшнi дзень Нiна Адамаўна.

У Бухенвальдзе беларускiя дзяўчаты прабылi паўгода. Затым iх рассартыравалi, i Нiна Iльясевiч аказалася ў канцлагеры Таргау.

У 1945 годзе зняволеных вызвалiлi амерыканцы. Адносiлiся да няшчасных з пашанай. Кармiлi так, што дзяўчатам здавалася: яны трапiлi ў рай. Саюзнiкi прапаноўвалi застацца на Захадзе. Але ўсе думкi былi пра радзiму.

Аднак нават у кашмарным сне не магла ўявiць беларуская дзяўчына, як сустрэнуць яе свае. З кароткачасовага раю саюзнiкаў Нiна трапiла ў лапы берыеўскага халуя.

Энкавэдзiст, якi дапытваў яе ў сартыровачным лагеры, нагадваў ненавiсную фрау Штаўбе.

— Нямецкая падсцiлка, пад немцам ляжала? Прызнавайся! — стукаючы рукаяткай нагана па стале, крычаў раз’­юшаны асабiст.

Пасля выматваючых допытаў Нiну Iльясевiч адправiлi маршрутам Д-5 на радзiму пешшу. Начавала дзе давя­дзецца: у стагах сена, копах саломы… Яна бачыла нямала пакут нашых дзяўчат, якiя вярталiся з фашысцкага палону. Аб той горкай праўдзе нiдзе не напiсана. Толькi пра подзвiгi. Але хiба мала было свалаты не толькi сярод немцаў, але i сярод сваiх?

Не думала пакутнiца Бухенвальда i Таргау, што нямецкiя канцлагеры доўга будуць вiсець на ёй чорным кляймом...

Пасля вайны Нiна пазнаё­мiлася з маладым лейтэнантам-танкiстам Валянцiнам Андрэевым. Яны закахалiся i пажанiлiся. У шчаслiвым шлюбе займелi дваiх дзяцей. Валянцiн даслужыўся да капiтана. Нiшто не прадракала бяды. Але аднойчы муж прыйшоў дадому ў невясёлым роздуме. Ад роспытаў жонкi ўсяляк ўхiляўся...

Толькi праз месяц Нiна даведалася, што яго паставiлi перад выбарам: развесцiся цi развiтацца з армiяй з-за таго, што жонка была ў нямецкiм палоне.

Даведаўшыся пра гэта, Нiна рашуча накiравалася ў штаб дывiзii. Шлях ёй перагарадзiў часавы на КПП. Нiна паказала дакумент, што яна жонка афi­цэра Андрэева.

Шум пачуў гаспадар кабiнета i адчынiў дзверы.

— У чым справа? — спытаў генерал.

— Я — жонка капiтана Андрэева. Прыйшла ратаваць мужа...

Генерал даводзiў, што Нiна была ў нямецкiм палоне, таму яе муж не мае права быць савецкiм афiцэрам.

Нiна тлумачыла генералу, што не па сваёй волi была ў Бухенвальдзе i Таргау, што ад фашысцкiх здзекаў яна ледзь выжыла...

Генерал гнуў сваё: калi была ў палоне, значыць здраднiца.

Тады Нiна пачала пагражаць, што дойдзе да самога Сталiна, i ўсiмi сiламi старалася не расплакацца...

Генерал не вытрымаў такога напору, змякчыўся i прымiральна сказаў, каб муж вяртаўся на службу.

Як на крылах ляцела Нiна з генеральскага кабiнета.

— Вяртайцеся, капiтан Андрэеў, у часць! — радасна ўляцела яна ў кватэру. — Гэта загад генерала.

Шчаслiвы танкiст апрануў мундзiр, якi не насiў ужо другi месяц, i накiраваўся ў штаб дывiзii.

Генерал працягнуў яго рапарт аб звальненнi з армii i загадаў парваць. Капiтан адмовiўся. Тады генерал парваў яго сам.

— А цяпер я пайду да свайго генерала! — радасна выпалiў Андрэеў.

— Якога яшчэ генерала?! — здзiвiўся камандзiр дывiзii.

— Да сваёй жонкi, таварыш генерал.

— Калi ваша жонка — генерал, то хто ж мая?

— Ваша жонка, таварыш генерал, — маршал! — не разгубiўся падначалены.

Камандзiр дывiзii рассмяяўся, паляпаў афiцэра па плячы:

— Служы, капiтан Андрэеў. Намыляць мне шыю, але бяру цябе пад сваю адказнасць. Падзякуй сваёй капiтаншы. З такою не прападзеш...

Танкiст Валянцiн Андрэеў даслужыўся да палкоўнiка, камандзiра танкавай брыгады. На жаль, пятнаццаць гадоў назад ён памёр.

А з мiнчанкай Нiнай Адамаўнай Андрэевай я пазнаё­мiўся ў 2006 годзе. Цяпер ёй 84 гады.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter