Канцэрт на плошчы Славы

Магілёў сустракае Дзень Незалежнасці ў прыўзнятым настроі

Кветкі, музыка, нацыянальныя і рознакаляровыя сцягі — Магілёў, як заўсёды, сустракае Дзень Незалежнасці ў прыўзнятым настроі.

Па традыцыі сёння ізноў будзе высказана падзяка у адрас тых, хто заваяваў для нас свабоду, а да мемарыяльных комплексаў і помнікаў герояў апошняй вайны лягуць вянкі. Ім прысвечана і выдадзеная ў Магілёве напярэдадні свята кніга «Наша Перамога», куды ўвайшлі нарысы, вершы, нататкі мясцовых журналістаў. Тут прадстаўлены рэдкія музейныя дакументы, успаміны ветэранаў, унікальная фота-хроніка, рэпрадукцыі карцін.

Яшчэ адна навіна стала вядома на гэтым тыдні: Савецкай плошчы, адной з галоўных у горадзе, вырашана даць новае імя — Славы. Сёння яна, як і іншыя плошчы і вуліцы, ператворыцца ў канцэртныя і танцавальныя пляцоўкі. Арганізатары распрацавалі святочную праграму так, каб ні дзеці, ні дарослыя не сумавалі. Днём у скверы 40-годдзя Перамогі будуць ладзіць пазнавальныя забавы для самых маленькіх, а ў шэсць гадзін вечара тут пройдзе традыцыйны «Вечар ля фантана», дзе гараджане больш сталага ўзросту змогуць станцаваць вальс ці танга. Яркім завяршэннем самага важнага ў нашым жыцці свята стане агульнарэспубліканская акцыя «Спяём гімн разам». А потым будзе святочны салют.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter