Эдуард Зарыцкі: Мне цікава сачыняць сучасную музыку на вершы, якія ствараліся ў далёкія часы

Канцэрт без скрыпкi з аркестрам

Эдуард Зарыцкі:  Мне цікава сачыняць сучасную музыку на вершы, якія ствараліся ў далёкія часы
Да таго, каб стаць менавіта кампазітарам-песеннікам, Эдуард Зарыцкі сябе не рыхтаваў. У кансерваторыі вучыўся сачыняць, як гавораць, сур`ёзную музыку. Вучань самога Анатоля Багатырова, а да эстрады маэстра ставіўся, мякка кажучы, скептычна. Наогул, у канцы 1960-х кансерваторская прафесура гэты жанр не вітала, сваю цікавасць да яго даводзілася хаваць. Лічылася, што эстрадная песня не нашмат лепшая, чым крамольны джаз.

13-лица-зарицкий29-270116 (Копировать) (3).jpg

Да песні Эдуард Зарыцкі прыйшоў праз тагачасны КВЗ. Менавіта яго творы суправаджалі выступленні беларускай зборнай у Маскве. І, між іншым, з імі ў 1970 годзе яна стала чэмпіёнам СССР.

А прафесар пра захапленне свайго студэнта песняй усё ж даведаўся. Праўда, ужо пасля выдачы дыплома. І выбар маладога калегі прыняў. Той жа застаецца ўдзячным акадэмічнай школе Багатырова дагэтуль. І ад яе не адвярнуўся: аўтар трох канцэртаў, шасці сюіт, музыкі амаль да 30 тэатральных спектакляў і фільмаў. Але галоўнае ў творчым багажы — песні, якіх ужо каля 600.

На днях народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі адзначыць 70-гадовы юбілей.

— Эдуард Барысавіч, а ці ёсць тая песня, ад якой ведзяце адлік?

— Можна такой назваць «Паверце, дзеванькі». Яна была вельмі папулярная. З ёй, дарэчы, звязана камічная гісторыя. Першай гэтую песню выконвала Вольга Шутава. Прэм`ера на адкрытай эстрадзе ў парку Чалюскінцаў. Вядучая канцэрта гучна абвяшчае назву: «Праверцеся, дзеванькі». Публіка замёрла, я — здрыгануўся, спявачка ад нечаканасці не магла пачаць. Такая вось памятная прэм`ера.

— Лірыка-драматычная, як і сама песня. У апошнія гады вы займаецеся куды больш сур`ёзнымі кампазіцыямі, ствараеце музычную анталогію класічнай беларускай паэзіі, пачынаючы ад XVIII стагоддзя.

— Гэта была ініцыятыва маэстра Міхаіла Фінберга. З Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам, які ён узначальвае, я працую ўжо больш за 20 гадоў. Пачалося ўсё са стварэння цыкла песень на словы Купалы і Коласа. Сёння ж напісаны ўжо дзясяткі твораў на вершы Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Адама Міцкевіча, Міхася Чарота, Яна Чачота...

— Чым прыцягвае гэтая праца?

— Мне цікава сачыняць сучасную музыку на вершы, якія ствараліся ў далёкія часы. Пішу, як быццам іх аўтары — мае сучаснікі. І дзіўна, як арганічна спалучаюцца вершы і музыка. Наогул, сапраўдная паэзія сама па сабе ўжо вельмі моцная, музыку за сабой падцягвае. Ведаеце, яшчэ кампазітарам-пачаткоўцам я ўзяў сабе за правіла працаваць толькі з добрай паэзіяй і не здраджваю яму да гэтага часу. Ніколі не звязваюся з самапальнымі вершамі.

— Але, пагадзіцеся, нават з вельмі добрага верша не заўсёды можа атрымацца добрая песня.

— Так. Вельмі цяжка, напрыклад, было з вершамі Уладзіміра Караткевіча. Самі па сабе яны цікавыя, значныя, філасафічныя, але досыць складаныя для музычнага ўспрымання. Вось Адам Русак у гэтым сэнсе — поўная супрацьлегласць. Ледзь дачытаеш апошні радок верша, мелодыю можна запісваць. Але мяне прыцягвае сам працэс пераадолення, як з Караткевічам: калі не атрымліваецца, але зрабіць трэба. Прыйшлося пастарацца, і атрымалася ў выніку.

— Ці можна прадбачыць поспех песні?

— Многія лічаць, што можна. Вядома, ёсць пэўныя законы, пры дапамозе якіх няцяжка прымусіць гледача пляскаць у такт, але ўсё ж нараджэнне хіта — рэч непрадказальная, гэта таямніца, латарэя. Бывае, нічога асаблівага не чакаеш ад песні, а яна раптам выскачыць, як Папялушка, і загучыць. І чуеш потым з акна: распявае яе кампанія, ідучы святочным вечарам. 

— З вашага акна і напісаная вамі «Так прыйшла да нас Перамога» чутная. 

— На 9 Мая — абавязкова. Наогул, у святочныя дні на плошчы Перамогі, дзе я жыву, дынамік з самай раніцы на ўсю моц. Іншы раз раздражняе, але, як смеючыся кажу сябрам, не ў выпадку, калі гучыць мая песня. Тады — добра, каб яшчэ і грамчэй было.

— Калісьці вашу песню «Чорныя вейкі» ўзяў у свой рэпертуар Філіп Кіркораў. Больш не звяртаўся?

— Тое даўняя гісторыя пачатку 1990-х. Памятаю, як, выступаючы з гэтай песняй у Мінску, Кіркораў са сцэны заўсёды аб`яўляў публіцы аўтара музыкі. На той момант для мяне гэта было вялікім гонарам — нават ганарару не патрабавалася. А іншых зваротаў не было, і гэта няважна. Мне дастаткова таго, што мае песні спявалі практычна ўсе нашы вядомыя артысты. Паплаўская з Ціхановічам, Саладуха, Афанасьева, Дарафеева… Усе, хто прайшоў праз аркестр Фінберга, працавалі з маім рэпертуарам. Спяваюць яго і сённяшнія салісты аркестра. Вось зараз рыхтуюць у мой гонар канцэрт юбілейны. Хвалююча — такое ў мяне ўпершыню, каб спецыяльна для мяне спявалі.

— А ў філармоніі юбілей вы адзначыце вялікім канцэртам твораў для дзіцячых хароў, ансамбляў, салістаў. Новая старонка ў творчасці?

— Цалкам. Дзіцячую музыку я практычна не пісаў, да юбілею «здзяцініўся». Атрымалася праграма амаль з 30 кампазіцый, усе прэм`ерныя. А галоўнае — дзецям, якія выконваюць, падабаецца. Гэта самае важнае для мяне. Я ж у журы многіх дзіцячых конкурсаў, адбораў на «Еўрабачанне» і «Славянскі базар» сяджу. Часта бачу: кормім дзяцей «маннай кашай». Праз сілу дзіця спявае, яму не падабаецца песня, і на гэтым прайграе. Я стараўся, каб мае творы дзеці выконвалі з задавальненнем.

— Прызнайцеся, музыкай у іх узросце займаліся без асаблівага энтузіязму?

— Вядома, як і ўсе прыстойныя дзеці. Я пачынаў са скрыпкі. Год вучыўся і вельмі яе не любіў. Бацькі ішлі на працу, пакідалі мяне на апеку бабулі. Загадвалі: іграй, пакуль маленькая стрэлка гадзінніка не прасунецца адсюль — дасюль. А яна ж не рухаецца зусім! Тут я сцяміў: смычок! Паціху адкрываў дзверцу падлогавага гадзінніка, ён, дарэчы, і сёння ў маёй кватэры стаіць, і перасоўваў смычком тую стрэлку да запаветнай лічбы. За дваццаць хвілін гадзіна праходзіла.

— Можа, загубілі ў сабе будучага вялікага скрыпача.

— Наўрад, бо надта я гэты інструмент неўзлюбіў. Вось для розных пасля музыку пісаў, акрамя скрыпкі. І не буду. Памятаеце, як у Жванецкага пра яе геніяльна сказана: крохкі кавалачак фанеры, а колькі юных жыццяў зламана. Толькі са мной у яе гэтага не выйшла.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter