У Іркуцку даўнія народныя традыцыі беларусаў гарманічна адаптуюцца да гарадскога жыцця

Каляды побач з Байкалам

У Іркуцку даўнія народныя традыцыі беларусаў гарманічна адаптуюцца да гарадскога жыцця


Упрыгожваюць народныя традыцыі беларусак Прыбайкалля

Наколькі далёка ад свайго вытоку можа сысці мова, традыцыя і культура, у прыватнасці, беларуская? Нехта скажа: самы далёкі і незвычайны куток свету, у якім можна пачуць беларускую мову, гэта Канада, Амерыка, Аўстралія… Але не менш дзіўна і тое, што пасярод тайгі, на спрадвечных бурацкіх землях, дзе бурацкiя шаманы на беразе Байкала з бубнамі праводзяць абрады, а будысцкiя ламы чытаюць малітвы-мантры, у расійскім Іркуцку ды яго ваколіцах з размахам святкуюць Каляды — адно з галоўных славянскіх святаў. Тут звіняць беларускія песні, гучыць наша мова і гуляюць у беларускія гульні.

Каляды ў Іркуцку пачаліся, як і належыць па Сонечным календары нашых продкаў-язычнікаў, з канца снежня. А 7 студзеня беларусы Іркуцка, сабраныя Таварыствам імя Яна Чэрскага, у мясцовым доме-музеі адзначылі заканчэнне гэтага вясёлага земляробчага свята. На закрыццё Калядаў прыйшло шмат іркуцкix беларусаў розных узростаў. Ра-зам весяліліся, цешыліся раскошаю зносінаў з блізкімі па духу і крыві людзьмі пажылыя беларусы, чые продкі апынуліся на гэтай зямлі яшчэ пад час сталыпінскix рэформаў, і тыя, хто прыкіпеў да Сібіры з часоў СССР. І, што не менш важна, былі дзеці і сваякі тых людзей, што дае надзею: традыцыя будзе жыць і далей!

Беларусы і госці свята паглядзелі дакументальны фільм, прысвечаны Калядам, а затым падзяліліся на чатыры гурты. Кожны з іх меў сваю ролю: адны былі калядоўшчыкамі, другія — ветлівымі, гасціннымі гаспадарамі, хтосьці ладзіў для іншых і гуляў сам у беларускія гульні, а іншым па душы была варажба. Такім чынам, у ролі ўдзельнікаў ці арганізатараў свята апынуліся амаль усе без выключэння. Не кажучы ўжо пра тое, што, безумоўна, амаль усе па заканчэнні афіцыйнай часткі далучыліся да традыцыйных карагодаў, танцаў, і, вядома ж, застолля з багаццем хатніх страў.

Так што жыве наша Беларусь і ў самых далёкіх кутках свету. І Каляды нашы, як і спрадвеку, спрыяюць паразуменню ды згодзе паміж людзьмі, гармоніі паміж Небам і Зямлёю, якую з кожным днём усё мацней, набліжаючы Вясну, пачынае саграваць новае, паслякаляднае Сонца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter