Калі душа душу чуе

Не толькі экзотыка, помнікі старажытнай гісторыі, культуры Індыі робяць яе прыцягальнай для беларусаў. У нас з індусамі, сцвярджаюць даследчыкі, агульнае як слова “веды”, так і родавыя індаарыйскія карані.
Не толькі экзотыка, помнікі старажытнай гісторыі, культуры Індыі робяць яе прыцягальнай для беларусаў. У нас з індусамі, сцвярджаюць даследчыкі, агульнае як слова “веды”, так і родавыя індаарыйскія карані.

Пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці ў Беларуска-Індыйскім цэнтрыПра духоўную роднасць народаў гаварылася на цырымоніі адкрыцця Індыйскага інфармацыйнага і каардынацыйнага цэнтра па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Манодж Кумар Бхарці, а таксама старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў засяродзілі ўвагу і на тым, у якіх сферах эканомікі, навукі супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца і можа быць найбольш плённым. “Сённяшняе мерапрыемства яшчэ раз сведчыць пра жаданне беларускага народа даведацца больш пра дасягненні культуры, навукі і тэхнікі Індыі, што паслужыць узаемаўзбагачэнню нашых краін”, — падкрэсліў Ігар Войтаў. Адначасова ў РНТБ прэзентавалася база дадзеных “Індыя. Інфармацыйныя рэсурсы Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі” — яе, дарэчы, цяпер можна пабачыць на сайце бібліятэкі ў раздзеле “Беларуска-Індыйскі цэнтр”.
Пра роднасць духоўную беларусаў ды індусаў можа шмат расказаць Алена Сіпач, мастацкі кіраўнік гурта індыйскага танца “Сапна” , ці “Мара” ў перакладзе з хіндзі. Любоў беларускі да экзатычнай краіны, цікавасць да яе культуры абудзілі ў душы індыйскія фільмы. Дарэчы, любіў іх глядзець і тата дзяўчынкі. Алена пачала займацца ў школе індыйскага танца, а ў 2002-м стварыла свой гурт, у 2003-м быў яго першы канцэрт. Сярод прыхільнікаў творчасці “беларускіх індусак” аказаўся ўвесь склад Пасольства Індыі ў Беларусі, і ў хуткім часе Алена, якая ўжо валодала мовай хіндзі, паехала на тры гады на стажыроўку ў Нью-Дэлі, у Інстытут класічнага танца “Катхак”. У 2007-м Алена вярнулася дадому, працуе з ансамблем на базе Палаца культуры прафсаюзаў. У гурце шмат шчырых прыхільнікаў індыйскай культуры розных узростаў, “Сапна” шмат выступае ў Беларусі і за межамі. Ансамбль не раз быў лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Выступаючы на ўрачыстасці, Пасол Індыі заўважыў: у яго краіне шмат кантрастаў, розны ўровень жыцця людзей — аднак ёй удаецца захоўваць сацыяльную стабільнасць. Той досвед можа быць цікавым для іншых. Па-філасофску разважыў ён і пра тое, што цяжкасці на шляху краіны, чалавека заканамерныя. Толькі праз іх ідзе развіццё. Па сутнасці, такая жыццёвая пазіцыя блізкая і беларусам. А калі ўлічыць, што і ў мове беларускай шмат словаў, сугучных з санкрытам (напрыклад: веды), то становіцца зразумелым, чаму беларускія кантакты з Індыяй у розных сферах дынамічна развіваюцца. Пэўна, душы ў нас родныя…
Пасольства Індыі падарыла Беларусі шэраг цікавых кніг пра краіну, яны прадстаўлены на спецыяльным стэндзе, працуе фотавыстава “Беларусь — наш агульны дом: Індыя і Беларусь”. Дарэчы, на ўзор “Беларуска-Індыйскага цэнтра” будзе створана і адпаведная ўстанова ў Індыі: дамоўленасць аб тым дасягнута пад час мінулагодняга візіту ў дружалюбную краіну Прэм’ер -міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча.

Рыгор Арэшка

На здымку:
Пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці ў Беларуска-Індыйскім цэнтры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter