Калідор у будучыню

Беларускія навукоўцы прымуць удзел ва ўдасканаленні Вялікага адроннага калайдара і стварэнні для яго электронікі новага пакаленняСёння Вялікі адронны калайдар (ВАК), бадай, адна з самых гарачых тэм на сайтах навін. Збудаваны ў 2008-м у 27-кіламетровым колцавым тунэлі, ён пралягае пад зямлёй на мяжы Францыі ды Швейцарыі. Для чаго будавалі? Каб вывучаць фізіку звышмалых часцін, шукаць адказы на пытанні, якія пралілі б святло на загадкі будовы Сусвету. ВАК сёння — самая складаная ўстаноўка з калі-небудзь зробленых людзьмі. Унікальны аб’ект, мусіць, не толькі на Зямлі, але і ў Сонечнай сістэме. Апісаць яго настолькі ж складана, як і ўявіць. З аднаго боку, нутро калайдара — самае пустое месца ў нашай Галактыцы. З іншага — месца самае гарачае: пры сутыкненні элементарных часцін утвараецца тэмпература ў сотні мільёнаў градусаў: гэта ў 100 000 разоў больш, чым у сярэдзіне Сонца!
Беларускія навукоўцы прымуць удзел ва ўдасканаленні Вялікага адроннага калайдара і стварэнні для яго электронікі новага пакалення

Многімі распрацоўкамі айчынных навукоўцаў цікавяцца і замежныя калегіСёння Вялікі адронны калайдар (ВАК), бадай, адна з самых гарачых тэм на сайтах навін. Збудаваны ў 2008-м у 27-кіламетровым колцавым тунэлі, ён пралягае пад зямлёй на мяжы Францыі ды Швейцарыі. Для чаго будавалі? Каб вывучаць фізіку звышмалых часцін, шукаць адказы на пытанні, якія пралілі б святло на загадкі будовы Сусвету. ВАК сёння — самая складаная ўстаноўка з калі-небудзь зробленых людзьмі. Унікальны аб’ект, мусіць, не толькі на Зямлі, але і ў Сонечнай сістэме. Апісаць яго настолькі ж складана, як і ўявіць. З аднаго боку, нутро калайдара — самае пустое месца ў нашай Галактыцы. З іншага — месца самае гарачае: пры сутыкненні элементарных часцін утвараецца тэмпература ў сотні мільёнаў градусаў: гэта ў 100 000 разоў больш, чым у сярэдзіне Сонца!
Праца ВАКа разлічана на некалькі этапаў. У канцы мінулага года сенсацыйным адкрыццём — знойдзены так званы базон Хігса! — завяршыўся першы этап. Базон назвалі “чароўнай часцінай”, ад якой, паводле версіі навукоўцаў, утварылася ўся існуючая матэрыя, якая і вызначыла аблічча нашага Сусвету. І беларусам, пэўна ж, будзе цікава даведацца: доўгачаканы таямнічы базон быў “злоўлены” ў рукотворным пекле калайдара з удзелам і беларускіх вучоных.
Супрацоўніцтва нашых фізікаў з Еўрапейскім цэнтрам ядзерных даследаванняў (ЦЭРН), арганізацыяй, якая курыруе праект ВАК, пачалося задоўга да нара-джэння ідэі яго стварэння. Высокі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх вучоных-фізікаў быў адзначаны яшчэ ў 1977 годзе, калі ў Гомельскую школу-семінар па фізіцы часцін прыехаў будучы гендырэктар цэнтра і будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Карла Рубіа.
Сёння ў найбуйнейшай у свеце лабараторыі фізікі высокіх энергій працуюць дзясяткі лепшых спецыялістаў у галіне фізікі, ядзернай энергетыкі, оптыкі з Беларусі.
Ажыццяўленне праекта ВАК пачалося ў 1992 годзе. У яго праектаванні, тэставанні і навуковым суправаджэнні ўдзельнічалі спецыялісты з амаль ста краін. Беларускія навукоўцы з Нацыянальнага цэнтра фізікі часцін і высокіх энергій БДУ, Інстытута па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі, Інстытута фізікі НАН Беларусі, НДІ ядзерных праблем БДУ ў тым спісе — на ганаровых першых месцах. Як распавёў дырэктар Нацыянальнага цэнтра фізікі часцін і высокіх энергій БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Мікалай Шумейка, ад Беларусі за перыяд стварэння і працы ВАК каля сотні беларускіх вучоных у розны час увайшлі ў “спісы калабарацыі”. “Кантынгент спецыялістаў мяняўся, — удакладняе Мікалай Максімавіч. — На этапе будаўніцтва ВАКа працавалі нашы матэрыялазнаўцы — спецыялісты па стварэнні дэтэктараў. Цяпер акцэнт — на фізікаў. Сёння мы ўдзельнічаем у ажыццяўленні двух праектаў, якія працуюць абсалютна незалежна, скарочана яны называюцца: SMS і ATLAS”.
Вучоны адзначае, што даследаванні беларускіх вучоных у галіне электронікі і дакладнай механікі ўдастоіліся сусветнага прызнання. Гэта пацвярджаецца сотнямі публікацый у самых прэстыжных сусветных навуковых выданнях. Велізарную ролю ў стварэнні ВАКа адыгралі вядомыя беларускія прадпрыемствы: мінскія трактарны і станкабудаўнічы заводы. Без унікальных распрацовак іх спецыялістаў, без стварэння шматлікіх вузлоў падсістэм такія вынікі, якія вучоныя маюць сёння, не былі б атрыманы. Так, на заводзе “МЗОР” (абрэвіятура ад рускамоўнай назвы: Минский станкостроительный завод имени Октябрьской революции) у Мінску, былым флагмане савецкай высокадакладнай індустрыі, вырабляліся латуневыя паглынальнікі для прыбораў, якія вымяраюць энергію цяжкіх часцін. Кожны з іх важыць па 260 тон! Дарэчы, іх стварэнне, па словах прафесара Мікалая Шумейкі, было б немагчыма без... пераплаўлення артснарадаў з арсеналаў Паўночнага марскога флоту. Патрэбная колькасць сплаву з латуні была “ўзята” з мільёнаў гільзаў! На гэтым мінскім заводзе былі механічна апрацаваны і тарцы бэлек, якія злучаюць 25-метровыя магніты дэтэктара ў адно цэлае. Высокі ўклад беларускіх прадпрыемстваў адзначаны “Залатой прэміяй ад калабарацыі SMS” і спецыяльным дыпломам калабарацыі ATLAS. Гэта вельмі высокія ўзнагароды: іх уладальнікамі пакуль з’яўляюцца адзінкі прадпрыемстваў свету.
Цяпер паскаральнік зара-джаных часцін спынены: ідзе яго мадэрнізацыя, гэта гады на два. Навукоўцы ЦЭРНа правядуць работы па паляпшэнні яго характарыстык. Прычым і беларускія фізікі, інжынеры будуць працаваць над праектаваннем і тэставаннем электронікі новага пакалення калайдара. “Перад нашымі спецыялістамі пастаўлены дзве задачы, — расказаў Мікалай Шумейка. — Гэта, па-першае, мадэрнізацыя адроннага каларыметра дэтэктараў SMS і ATLAS з мэтай дасягнення максімальных энергій часцін, якія саўдараюцца. Па-другое, стварэнне так званай міённай сістэмы — яна рэгіструе міёны, асаблівы клас часцін. Гэта ўжо з класа новай электронікі. У мадэрнізацыі прыме ўдзел Навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл” з прадпрыемствамі, што прымыкаюць да яго”.
Што будзе яшчэ адкрыта навукоўцамі пасля мадэрнізацыі ВАК — і ўявіць складана. Бо ВАК пабіў ўжо ўсе рэкорды. Напрыклад, створаны вакуум у паскаральніку “чысцейшы”, чым ва ўсёй Сонечнай сістэме. Але, як запэўніваюць спецыялісты, запас для адкрыццяў ёсць. “Колькасць задач, якія патрабуюць вырашэння, велізарная, — лічыць Мікалай Шумейка. — Бо наш Сусвет прыкладна на 70 працэнтаў складаецца з так званай цёмнай энергіі, пра якую мы па гэты час нічога не ведаем. Гэта невядомыя нам часціны, вылічаныя пакуль тэарэтычна. І мы спрабуем зафіксаваць іх у Вялікім адронным калайдары”.

Іна Ганчаровіч

На здымку:
Многімі распрацоўкамі айчынных навукоўцаў цікавяцца і замежныя калегі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter