Каханне без межаў

На беларускай зямлі з’яўляецца ўсё больш інтэрнацыянальных сем’яўСэрцу ўсё роўна, які колер скуры або вачэй у выбранніка ці выбранніцы, пашпарт якой краіны яны маюць, дзе жывуць. Калі прыходзіць каханне, усё астатняе раптам губляе сэнс. Закаханыя хочуць аднаго — быць побач, дзяліць радасць і гора да апошняга ўздыху...У Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці колькасць шлюбаў грамадзян Беларусі з замежнымі грамадзянамі пастаянна расце. Калі ў 2000 годзе іх заключылі восем пар, у 2007-м — дванаццаць, то ў мінулым — дваццаць адна. У спісе краін, адкуль прыбылі муж ці жонка, фігуруюць Расія, Украіна, Латвія, Таджыкістан, Казахстан, Малдова, Польшча, Германія, Арменія, Вялікабрытанія і іншыя.

Вануш і Марына
Зарэгістравалі шлюб грамадзянка Рэспублікі Беларусь Марыны Лазовік і грамадзянін Арменіі Вануш Навасардзян 30 студзеня. Пасля ўрачыстай рэгістрацыі працэсія накіравалася ў Свята-Міхайлаўскі храм, дзе Вануш і Марына сталі адным цэлым перад Богам.
...Сям’я Навасардзянаў перабралася ў Беларусь у 1994-м услед за галавой сямейства, які прыехаў сюды на заробкі. Ванушу тады было дзевяць гадоў, яго брату Аганезу — сем. Хлопчыкі хутка прыжыліся ў гасцінным пасёлку Астрына і сталі называцца Ванем і Вовам. Скончыўшы Астрынскую сярэднюю школу, Іван паступіў у Гродзенскі гандлёвы каледж, а потым прыехаў на работу ў Шчучынскае райспажыўтаварыства, дзе зараз займае пасаду начальніка гандлёвага аддзела.
— У той час я быў бухгалтарам “Прадгандлю”, і мяне адправілі на рэвізію ў магазін № 1, дзе працавала і дагэтуль працуе прадаўцом мая будучая абранніца, — дзеліцца Іван. — Калі ўпершыню ўбачыў Марыну, асабліва ўразілі яе вочы. Мне яны падаліся абсалютна чорнымі... Патануў я ў іх назаўсёды...
Пачаліся сустрэчы. Цукеркава-букетны перыяд, можа б, зацягнуўся і надалей, але маладым людзям давялося развітацца: у лістападзе мінулага года Іван паехаў на сесію ў Гомельскі гандлёва-эканамічны універсітэт “Белкаапсаюза”, дзе завочна вучыцца. Менавіта там востра адчуў, што не можа жыць без каханай дзяўчыны, і вырашыў зрабіць ёй прапанову рукі і сэрца.
Вяселле было шумным, вясёлым, яркім. Маладыя свяціліся шчасцем, іх госці з абодвух бакоў крычалі “горка” і спявалі песні на дзвюх мовах: армянскай і беларускай. Сваты — мясцовыя жыхары — стараліся ўдзяліць як мага больш увагі гасцям-армянам, якія прыехалі на вяселле да пляменніка і сваяка з розных куткоў былога СССР. Усім спадабаліся нашы звычаі і абрады, а ад чысценькага і ўтульнага Шчучына яны былі проста ў захапленні!

Пакуль Ваня і Марына жывуць у бацькоў маладой у Тапілішках. Але неўзабаве пераселяцца ў інтэрнат і пачнуць будаваць самастойную сям’ю. Для армяніна Івана Навасардзяна Беларусь стала другой Бацькаўшчынай, якую ён шчыра любіць і дзе адчувае сябе сваім.

Раджабалі і Наталля
Падчас Вялікай Айчыннай дзед Раджабалі Бабахонава Хакім вызваляў Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў. Быў паранены, дайшоў да Берліна. Ён шмат расказваў старэйшаму ўнуку пра цудоўную краіну з блакітнымі азёрамі, шумлівымі гаямі і беластволымі бярозамі. Радзік любіў слухаць аповеды дзеда, але ніколі не думаў, што амаль праз 65 гадоў ён пабачыць гэтую краіну. І нават пусціць тут карані...
Усё было, як у рамантычнай меладраме: беларуская дзяўчына Наташа Дубілевіч і таджыкскі хлопец Раджабалі Бабахонаў сустрэліся ў 2007-м у турэцкім курортным гарадку Кімер. Яна позняй восенню прыехала адпачыць на мора, а ён працаваў на пляжы. Іскра паміж імі прабегла адразу, але здаровы сэнс перамог эмоцыі: рабіць крокі насустрач адзін другому не спяшаліся. І раз’ехаліся, не зразумеўшы, што гэта... лёс. Той, што настойліва кідаў маладых людзей адзін да другога. І прыгатаваў ім новую сустрэчу праз пэўны час — там жа, у Кімеры! Потым было пакутлівае расставанне, перапіска, міжнародныя званкі. Наташа пасля заканчэння ВНУ жыла і працавала ў Мінску, Радзік па-ранейшаму — у Турцыі. Новы, 2008 год яны вырашылі сустракаць разам у Стамбуле. Падзея была незабыўная!
— І мы зразумелі: трэба нешта рабіць, бо жыць адзін без другога ўжо не маглі, — успамінае Наталля. — Радзік кінуў працу ў Турцыі, я пераканала яго асталявацца ў Беларусі.
...Вяселле справілі ў Шчучыне. Імпазантны Радзік і вясёлая прыгажуня Наташа цешылі вочы і сэрцы ўсіх, хто прысутнічаў на гэтай падзеі.
Зараз маладыя жывуць у Мінску. Радзік працуе ахоўнікам у адным з магазінаў, Наталля — галоўным бухгалтарам у фірме. Яны бясконца шчаслівыя, разумеюць адзін другога з паўслова, ладзяць адносіны па законах узаемапавагі і любві. А неўзабаве тут, на зямлі, за якую некалі праліваў кроў продак Раджабалі, з’явіцца маленькі чалавечак — плод вялікай любві беларускі і таджыка...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter