Минск
+16 oC
USD: 2.05
EUR: 2.26

В страну идет похолодание: мы опять вспомнили про простуды

Каб вірус не вырас

Здаецца, самая папулярная фраза восені — я іду на бальнічны. Тое што ў аптэках стала больш наведвальнікаў, а таксама працяглае «апчхі» ў транспарце, гаворыць толькі пра адно: пачаўся сезон ВРВІ. Як засцерагчы сябе ад лятаючых у паветры інфекцый і колькі чалавек у гэтым годзе плануюць прышчапіць ад грыпу, высветліла карэспандэнт «Р».

Ад грыпу ў гэтым сезоне плануюць прышчапіць каля 40 працэнтаў насельніцтва. 
s13.stc.all.kpcdn.net

Іна Карабан, намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя, распавяла, што ў год у нашай краіне на ВРВІ хварэе каля 3 мільёнаў чалавек. Пакуль вялікага ўсплёску захворванняў няма. Між тым спецыялісты ўжо рыхтуюцца да сезона грыпу і плануюць прышчапіць каля 40 працэнтаў насельніцтва. Трохвалентная вакцына, якую мы зараз выкарыстоўваем, ужо закуплена, але, верагодна, у наступным годзе паліклінікі пяройдуць на больш сучасную тэтравакцыну.

— Каб вакцына падзейнічала, трэба ад тыдня да 21 дня. Таму мы плануем пачаць вакцынацыю ў першых днях кастрычніка і завяршыць яе да 1 снежня, каб у поўным узбраенні падысці да сезона захворванняў, — адзначыла Вераніка Высоцкая, загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. — Вакцына дзейнічае ад 6 да 12 месяцаў, так што прышчэпкі трэба рабіць кожны год. Астатнія меры прафілактыкі не аказваюць непасрэднага ўплыву на вірус, але іх таксама варта выконваць. Памятайце аб рэспіраторным этыкеце: выкарыстоўвайце аднаразовыя насоўкі, менш знаходзьцеся ў месцах, дзе збіраецца вялікая колькасць лю-дзей. Трэба мыць рукі, паласкаць рот і нос — гэта механічнае выдаленне магчымых вірусаў, якія маглі патрапіць пры дыханні.

Спецыялісты паведамілі, што вірусы грыпу А, якія цыркулявалі ў мінулым сезоне, атрымалі некаторыя антыгенныя змены. Таму вакцына, якая ўжывалася летась, цяпер ужо неэфектыўная. СААЗ рэкамендавала абнавіць састаў, у якім замянілі вірусы грыпу H1N1, H3N2.

— Мы выкарыстоўваем вакцыны расійскай, французскай, нідэрландскай вытворчасці, — пералічвае прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. — Калі вы хочаце за свой кошт зрабіць вакцыну, прыйдзецца заплаціць ад 10 да 18 рублёў. Дзяржава для бясплатных прышчэпак закупляе 1,5 мільёна доз вакцыны расійскай вытворчасці, яна для нас каштуе ад 1,5 да 2 рублёў. 

Расказалі спецыялісты і пра сітуацыю з адром. З пачатку года ў краіне зарэгістравана 199 выпадкаў захворвання, з іх 56 прывезены з Украіны і Расіі.

— Хварэюць у нас ва ўсіх рэгіёнах, каля 71 працэнта пацыентаў — дарослыя, астатнія дзеці. Больш за палову захварэлых не мелі прышчэпак. А вось у вакцынаваных пацыентаў захворванне працякае вельмі лёгка, яно хутка праходзіць. Падкрэслю, што вакцыны змяніліся, яны ўжо не такія, як былі 70 гадоў таму, а больш вычышчаныя. Таму мне дзіўна, што некаторыя дарослыя людзі давяраюць байкам і адмаўляюцца ад вакцынацыі сваіх дзяцей. Сумнявацца ў імунапрафілактыцы вельмі няправільна, — падагульніла Іна Карабан.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
5
Загрузка...