Івянец: усё змяшалася ў доме Каспяровiчаў

З ГАНДЛЁВАЙ плошчы старажытнага Івянца разыходзяцца ў розныя бакі, як сонечныя промні, сем вуліц. Упрыгожваюць мястэчка мураваныя касцёлы Святых Аляксея і Міхаіла Архангела, праваслаўны храм Святой Ефрасінні Полацкай, драўляная сінагога — адна з трох уцалелых у Беларусі. Колішняя сталіца Івянецкага графства ўпершыню ўзгадваецца ў гістарычных дакументах другой паловы ХIV стагоддзя як уладанне вялікага літоўскага князя Вітаўта, а потым і заможнага роду Салагубаў, якія парадніліся з магнатамі Радзівіламі. Непадалёку ад мястэчка захаваліся разваліны сядзібы роду Радзівілаў. З гэтым куточкам звязаны лепшыя творчыя гады класіка беларускай літаратуры і стваральніка першага беларускага тэатральнага калектыву Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.


Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Івянец стаў цэнтрам воласці Менскага павета. Царскія ўлады перавялі вольных жыхароў мястэчка ў стан прыгонных сялян, і толькі праз паўвека яны дабіліся вяртання мяшчанскага статусу. Актыўна падтрымалі тутэйшыя паўстанцаў Кастуся Каліноўскага і многія ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе.

Моцным быў партызанскі рух на Івянеччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пяць брыгад народных мсціўцаў дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы.  У зоне ліквідавалі акупантаў і аднавілі савецкую ўладу. Нягледзячы на жорсткія баі і карныя аперацыі фашыстаў, да поўнай перамогі больш ні разу не ступіў варожы бот на гэтую тэрыторыю.

Ветэран працы Сцяпан САБКО з праўнукамі

Яшчэ да вайны, у трыццатыя гады мінулага стагоддзя, прыватныя асобы заснавалі ў Івянцы электрычную станцыю, якая размясцілася над рэчкай Волмай. На электраэнергію перавялі мясцовую лесапільню.

Мястэчка, як і суседнія Пяршаі, спрадвеку славілася багатымі сялянскімі кірмашамі, якія ладзіліся два разы на год. Зерне, лён, жывёлу, вырабы з дрэва, гліны, жалеза прапаноўвалі гандляры. Здаўна развіваліся тут ганчарства, кавальская справа, лозапляценне, ткацтва, бандарства, разьбярства. 

Музеем стала сядзіба вядомага івянецкага майстра-разьбяра Апалінарыя Пупко. На базе Цэнтра рамёстваў, што дзейнічае пры Музеі традыцыйнай культуры, перыядычна праводзіцца абласное свята-конкурс “Ганчарны звон”. У комплексе кляштара францысканцаў пры касцёле Святога Міхаіла Архангела ладзяцца  міждыяцэзіяльныя сустрэчы моладзі.

Старшыня Івянецкага пасялковага Савета Тэрэза ЛІПНІЦКАЯ

На аснове радавога герба “Праўдзіч” магнатаў Салагубаў распрацаваны і афіцыйна зацверджаны сучасны герб гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна. 

У далёкія студэнцкія гады не аднойчы даводзілася бываць у Івянцы. Запрэжаным у вазок конікам прыязджалі на івянецкую пякарню па духмяны хлеб, пах якога і сёння помніцца. Як і смак івянецкіх малочных цукерак “Кароўка”. 

Ніколі не забыць і сустрэчу з народным разьбяром Апалінарыем Пупко на яго прывабным падворку, трапна аздобленым драўлянымі скульптурамі. Невысокага расточку каржакаваты дзядок запрасіў у хату, якая падобная была на казачную. Разгалістыя яблыні, густа ўвешаныя чырвонымі пладамі, натуральна дапаўнялі створаную ўмельцам вясковую ідылію. 

Айцец Лех.

Паверх бруку вуліцы гарадскога пасёлка пакрыты асфальтам і тратуарнай пліткай. Прыгожыя пафарбаваныя дамы, акуратныя агароджы, прыбраныя палісаднікі, дзе вось-вось успыхнуць першымі вясновымі фарбамі кветкі. Велічныя будынкі храмаў, рэкламныя бігборды, вітрыны магазінаў, запалоненая аўтамабілямі стаянка на галоўнай вуліцы. Для поўнага гарадскога каларыту не стае толькі светлафораў. 

Такі сённяшні Івянец, вандроўку па якім пачаў з кабінета старшыні пасялковага Савета Тэрэзы Ліпніцкай. 

Карані Тэрэзы Яўгенаўны звязаны з мястэчкам. Тут прайшлі дзяцінства і юнацтва. Дыплом настаўніка пачатковых класаў атрымала ў Мінскім педвучылішчы і выйшла замуж за мясцовага юнака Уладзіслава Ліпніцкага. Як пісаў у сваім вершы Максім Багдановіч, “маладыя гады, маладыя жаданні”. У пошуках рамантыкі адправілася юная пара да сваякоў у балтыйскі партовы горад Ліепая. Там маладая настаўніца закончыла Ліепайскі педінстытут. 

Шматдзетная сям' я Юрыя і Вольгі КАСПЯРОВІЧАЎ

Сэрца прагла родных мясцін. Вярнуліся дамоў.  Закончыла ў Мінску Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Яны з мужам трох дачок выхавалі. Старэйшая Ірына і малодшая Вераніка — педагогі, а сярэдняя  Карына — медык. Трое ўнукаў у Ліпніцкіх. Доўгі век у яе бацькоў — Яўгена Браніслававіча і Станіславы Станіславаўны Капуста, якія жывуць побач у Івянцы. Дачушка Ірына з сям’ёю атабарылася ў Валожыне.

Чацвёрты год Тэрэза Ліпніцкая ўзначальвае пасялковы Савет. Даводзіцца прымаць смелыя рашэнні. Напрыклад, выдзелілі маладым сем’ям сядзібы побач з забудаванымі ўчасткамі, гаспадары якіх тут жа выбухнулі гневам на старшыню Савета. Пасыпаліся скаргі ў розныя інстанцыі, а за імі, як правіла, пачынаюцца ўсялякія праверкі. Але Тэрэза Яўгенаўна ўмее і пастаяць за праўду. І аўтарытэт яе ад гэтага толькі ўмацоўваецца. 

Ёсць і іншыя праблемы. У тым ліку з працаўладкаваннем. Кандытарская фабрыка “Іўкон”, дзе раней было задзейнічана больш як паўтысячы чалавек, працуе тры дні на тыдзень. Палова рабочых вымушана звольніліся. На закупку мадэрнізаванай лініі затрачаны вялікія сродкі. Прадпрыемства мае запазычанасць перад банкам. Не стае абаротных сродкаў на аплату электраэнергіі і газу. З-за гэтага бываюць адключэнні энергіі. 

Завуч Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната Валянціна СОЛТАН, Таццяна ТОРБАН, Міхаіл УЛАДЫКА, Алена ЛЫСЕНКА

Ганчарныя вырабы — брэнд Івянца. На фабрыцы мастацкай керамікі занята толькі трэцяя частка ад былога калектыву. 

Птушкафабрыка стала ўчасткам ААТ “Пухавіцкі камбікормавы завод”. Узначальвае калектыў Анатоль Шыроцкі. З пятнаццаці некалі дзеючых птушнікаў толькі адзін запоўнены курамі-нясушкамі. Распрацоўваецца дакументацыя на газіфікацыю прадпрыемства. Да лета плануецца запусціць яшчэ адзін птушнік, а ўвосень наладзіць адкорм бройлераў. 

З-за недахопу сродкаў на ўтрыманне плануецца выставіць на аўкцыён сучасны гандлёвы цэнтр Валожынскага спажывецкага таварыства. Ёсць і іншыя шляхі вырашэння праблем у прамысловасці.

Памяняла ўласніка мэблевая фабрыка. Яе выкупіў мінчанін Юрый Ламанік і паўсотні чалавек забяспечыў працай. Яны вырабляюць мэблю з дубу пад заказы спажыўцоў з Масквы і Санкт-Пецярбурга.

З пачаткам вясны запатрабаваны механізатары ў гаспадарцы “Сівіца”. Дваццаць агрэгатаў выйдуць на веснавое поле, якім прадстаіць засеяць яравымі збожжавымі звыш тысячы гектараў. Чакае старту палявых работ механізатар Алег Бібік. Раннія яравыя даручана сеяць на МТЗ-3022 вопытнаму Анатолю Бадаку. А бульбу па традыцыі будзе вырошчваць Генадзь Бібік. Ёсць вакансіі ў жывёлагадоўлі. Але жадаючых няма. Нялёгкая праца на ферме. У будаўнічай брыгадзе працуе Валерый Ліпніцкі з Івянца. Галоўны эканаміст гаспадаркі Тэафіла Мазура і галоўны ўрач Лілія Аксёнава, як і механізатар Андрэй Шыла, жывуць ў мястэчку. 

Вадзіцель Васіль МАЦВЕЕЎ і камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста№16 Арцём РОСЛІК

Нягледзячы на праблемы працаўладкавання, моладзь не спяшаецца пакідаць сваё мястэчка. Сюды амаль семдзесят гадоў таму трыццацітысячнікам па лініі партыі прыехаў умацоўваць калгасны лад Сцяпан Сабко. Ён нарадзіўся і вырас у Заходняй Украіне. Сорак гадоў узначальваў Сцяпан Усцінавіч калгас “Шлях да камунізму” былога Івянецкага раёна. Калектыў выходзіў пераможцам рэспубліканскага і ўсесаюзнага спаборніцтва сярод ільнаводаў. Разам з перадавікамі Сцяпан Усцінавіч прадстаўляў гаспадарку на ВДНГ, дзе атрымаў аўтамабіль “Ніва”. Працоўныя дасягненні таленавітага кіраўніка тройчы адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Дружбы народаў і “Знак Пашаны”, шматлікімі медалямі і граматамі. Яму прысвоена званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі. Дзясяты дзясятак размяняў ветэран працы. Разам з жонкай Адэльфінай Станіславаўнай, якой таксама хутка будзе дзевяноста, прымаюць у сваім утульным доме сыноў з нявесткамі, унукаў і праўнукаў. Часта бывае ў іх і старшыня пасялковага Савета. 

Знаходзіць час Тэрэза Яўгенаўна і на сяброўства з настаяцелямі івянецкіх касцёлаў і царквы. Адраджэнне храмаў тут пачалося ў гады беларускай незалежнасці. Айцец Лех сямнаццаць гадоў таму прыехаў з польскай зямлі Мазоўша і застаўся ў Беларусі. Афармляе грамадзянства. Актыўна садзейнічае аднаўленню касцёлаў. Па падказцы старажылаў ля паўднёвай сцяны храма Святога Міхаіла Архангела адшукалі ў зямлі медны звон, адліты ў трыццатыя гады мінулага стагод- дзя мясцовым майстрам Якубам. 

Па ініцыятыве айца Леха пры касцёле Святога Міхаіла Архангела створаны і працуюць дзіцячая пляцоўка, кавярня, спартыўная зала. Летам праводзіцца шмат культурна-масавых мерапрыемстваў, у якіх задзейнічаны і прыхажане царквы Святой Ефрасінні Полацкай. Пабудаваны храм два дзясяткі гадоў таму на падмурку касцёла Найсвяцейшай Тройцы, разбуранага ў даваенныя гады. Правіць у ім айцец Віктар.

Экскурсію ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры праводзіць вядучы метадыст Таццяна ЗАДРЭЙКА

— Часта бываюць у нас архіепіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел і Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, — адзначае кіраўнік спраў пасялковага Савета Галіна Несцяровіч. — Любяць наведваць Музей традыцыйнай культуры, дзе сабрана багатая калекцыя матэрыялаў пра гісторыю мястэчка. З нашых мясцін бацькі народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай. Летнія месяцы з дачушкай праводзілі тут. Не забывае родныя вытокі Ядвіга Канстанцінаўна. З мужам народным артыстам Беларусі Аляксандрам Ціхановічам бывала ў нашых храмах. 

Штогод арганізуюцца пры касцёле Святога Міхаіла Архангела фестывалі каталіцкай моладзі. У правядзенні іх актыўны ўдзел прымае грамадская арганізацыя “Саюз беларускіх палякаў”, якую ўзначальвае ў Івянцы Сцяпан Бурачэўскі. Не пераманіла яго ў маладыя гады сталіца, дзе вучыўся ў культасветвучылішчы. Закончыў завочна і тры курсы інстытута культуры, але так склаліся сямейныя абставіны, што вымушана пакінуў вучобу. Кіруе Сцяпан Іванавіч гарадскім Домам культуры. Ні адзін канцэрт ці фэст у мястэчку не праходзіць без яго ўдзелу. 

У івянецкім Доме палякаў дзейнічаюць курсы вывучэння польскай мовы, праводзяцца святочныя мерапрыемствы, урачыстасці з удзелам вернікаў абедзвюх хрысціянскіх канфесій. Большасць сем’яў тут змешаныя, але няма ніякіх недарэчнасцей. Праваслаўны і каталіцкі святары разам прыхо- дзяць на школьныя ўрачыстасці. Букетамі кветак адорваюць іх вучні.

Цэнтральная плошчаІвянца ўтрыццатыягадымінулага стагоддзя.

Юрый Каспяровіч, які выкраіў час, каб разам павандраваць па Івянцы, вырас на праваслаўным хутары, працуе ў касцёле Святога Міхаіла Архангела, а яго жонка Вольга — з каталіцкай сям’і. Вянчаліся ў праваслаўным храме лідскай вёскі Бакшты. Пяцярых дзетак выхоўваюць. Іх утульны дом, які атрымалі ў спадчыну ад сваячкі і дабудоўваюць сваімі рукамі, напоўнены дзіцячым шчасцем. Старэйшая дачушка Алена марыць застацца ў Івянцы і працягваць справу маці на кандытарскай фабрыцы. Сына Лёню больш вабіць тэхніка. Малодшыя сястрычка і брацікі на падхваце ў маці, якая вучыць іх кухарыць. Лепшымі, як у Каспяровічаў, пончыкамі не даводзілася частавацца. 

Такіх маладых шматдзетных сем’яў у Івянцы за семдзесят. Сярэдняя школа самая вялікая ў раёне. Звыш семісот вучняў. 

Перапоўнены выхаванцамі і адзіны дзіцячы садзік, размешчаны ў стагадовых памяшканнях былой казармы Войска Польскага. Збіраліся рамантаваць будынкі, але вырашылі, што сэнсу няма. Танней пабудаваць тыпавую дашкольную ўстанову. 

Штогод у мястэчку паляпшаецца дэмаграфія. Толькі летась нарадзілася 65 немаўлятак. З праблемай будаўніцтва дзіцячага садзіка старшыня пасялковага Савета Тэрэза Ліпніцкая звярталася да абласнога кіраўніцтва і спадзяецца, што яе пачуюць.

Многія выпускнікі Івянецкай сярэдняй школы пасля вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах вяртаюцца дамоў, дзе іх чакае надзейны прычал. Побач сталіца, дзе можна ўладкавацца на працу, а жыць у Івянцы. Толькі за апошнія гады забудаваны моладдзю вуліцы Зялёная, Івянецкая, Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Дуніна-Марцінкевіча. Адна з новых вуліц атрымае назву ў гонар паважанага педагога-арганізатара Фёдара Лазаравіча Голдшміта, які кіраваў Івянецкім дзіцячым домам-інвалідаў. 

Кажуць, што бласлаўлёна тая зямля, дзе гучаць царкоўныя званы. Мелодыі трох храмаў поўняць івянецкае наваколле. Мо таму так трымаюцца за гэтыя цудоўныя мясціны тутэйшыя людзі.

Валожынскі раён

Фота аўтара і з Івянецкага музея традыцыйнай культуры

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter