У Год культуры вакальны гурт “Чысты голас” праедзецца па Беларусі з вялікім канцэртным турам

Гучанне мірнага неба

У Год культуры вакальны гурт “Чысты голас” праедзе па Беларусі з вялікім канцэртным турам. Ужо сёння першымі слухачамі новай праграмы гурта стануць жыхары Рэчыцы. Затым, падарожнічаючы па Гомельшчыне, артысты адправяцца ў Жлобін і абласны цэнтр. Усяго гурт плануе да канца года даць у розных гарадах краіны каля паўсотні канцэртаў пад агульнай назвай “Гэта неба для нас”.

— Такую назву тур атрымаў не выпадкова, — патлумачыла дырэктар вакальнага гурта “Чысты голас” Святлана Дземядчук. — Летась наша краіна стала пляцоўкай вырашэння міжнародных канфліктаў, у першую чаргу ва Украіне, дзе жывуць сябры і родныя многіх з нас. Уся Беларусь, у тым ліку і артысты “Чыстага голасу”, сачылі за падзеямі ў суседняй краіне, прымаючы блізка да сэрца тое, што там дзеелася. Нам хацелася стварыць праграму, якая аб’яднала б разам мірныя творы на розных мовах.

Дарэчы, у рэпертуары калектыву ёсць творы на ўкраінскай, кіргізскай, турэцкай, нямецкай, англійскай, французскай, італьянскай і іншых мовах. Акрамя таго, назву тура далі словы з новай песні “Неба”, з якой “Чысты голас” прыняў удзел у нацыянальным адборы на конкурс “Еўрабачанне”.

Аб’ядноўваюць тур і розныя жанры. Класіка і фальклор, духоўная і эстрадная музыка, рамансы і сучасная аўтарская песня — для пяці таленавітых і вопытных артыстаў гэтага гурта няма нічога немагчымага.

— “Чысты голас”, напэўна, адзіны калектыў у краіне, які здольны на такім высокім прафесійным узроўні ўвасобіць у жыццё любы музычны жанр, — лічыць Святлана Уладзіміраўна. — Упэўніцца ў майстэрстве артыстаў у поўнай меры можна будзе 5 красавіка ў КЗ “Мінск” на канцэрце “#Новы фармат”, які афіцыйна адкрые наш гастрольны тур. “Чысты голас” пазнаёміць слухачоў з рознымі музычнымі жанрамі, якія існуюць у свеце, і адкрые сябе з зусім новага, нечаканага боку.

Унікальнасць тура “Гэта неба для нас” не толькі ў тым, што ён ахопіць амаль усе жанры і ўсю Беларусь — ад невялікага Астраўца на паўночным захадзе да буйнога Гомеля на паўднёвым усходзе краіны. На працягу года артысты будуць прадстаўляць не адну праграму, як звычайна бывае падчас гастрольных тураў, а некалькі. Праграмы прымеркаваныя да розных дат і падзей. Да прыкладу, напярэдадні Дня Перамогі “Чысты голас” выступіць з канцэртамі “Дзеля жыцця на зямлі”, прагучаць песні ваенных часоў і творы сучасных аўтараў. А да Дня Незалежнасці гурт рыхтуе праграму “За Беларусь мая малітва”.

Як бачым, “Чысты голас” грунтоўна падышоў да арганізацыі гэтага канцэртнага тура. Калі ўжо праехаць па краіне і паказаць творчасць, то максімальна, падкрэсліла Святлана Дземядчук.

Нагадаем, вакальная група “Чысты голас” — заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат міжнародных конкурсаў і прэміі “За духоўнае адраджэнне”. У 2016 годзе калектыў адсвяткуе сваё 25-годдзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter