Грані майстэрства Іны Булгакавай

У тэатральных касцюмах, у савецкі час створаных па яе эскізах, выступалі артысты піцерскага Мюзік-хола, Маскоўскага балета на лёдзе, Беларускага тэатра оперы і балета, самыя зорныя музычныя калектывы Беларусі
У тэатральных касцюмах, у савецкі час створаных па яе эскізах, выступалі артысты піцерскага Мюзік-хола, Маскоўскага балета на лёдзе, Беларускага тэатра оперы і балета, самыя зорныя музычныя калектывы Беларусі


Іна Булгакава з мужам і дачкою. Фота: Артур ПРУПАС

Сёлета прайшла персанальная выстава Іны Булгакавай, прысвечаная сцэнічным касцюмам. Яе імя ведаюць многія, гэта, можна сказаць, знакавы персанаж айчыннай моды. Нягледзячы на канкурэнцыю, Іна Барысаўна здолела захаваць у стракатым свеце сучаснай моды свой почырк, стыль. Між тым раскрыць усе яе таленты гэтак жа складана, як і адлюстраваць грані яе майстэрства. Мяркуйце самі. Яна — вядомы мастак тэатральнага касцюма. Вядомы дызайнер сучаснай моды. Да таго ж і выдатны жывапісец. І — цікавы суразмоўца: з ёй гадзінамі можна гаварыць пра моду, гісторыі, з ёю звязаныя, ды пра сусветна вядомых асобаў, з якімі ёй давялося працаваць.

Яна — з сямейнай дынастыі мастакоў. Нарадзілася ў Маскве, марыла быць у кіно, але не як акторка — як мастачка: “Я два гады правучылася ў ВГІКу, на аддзяленні мультыплікацыі, ды мне тое неяк не спадабалася… А перавесціся на аддзяленне мастацкага кіно было практычна немагчыма. Таму паступіла ў Маскоўскі тэкстыльны інстытут: ён называўся Маскоўскай тэкстыльнай акадэміяй імя Касыгіна. І мадэльерам, можна сказаць, стала выпадкова”. Тэмай яе дыпломнай працы быў касцюм Мальчыша-Кібальчыша, гэткага вядомага савецкага дзіцячага супергероя. А манекеншчыцай стала Рэгіна Збарская, прыгажуня з трагічным лёсам: калісьці французкі часопіс ParisMatch назваў яе “галоўнай зброяй Крамля”. Калекцыю адзення заўважылі ды адразу павезлі на выставу ў Канаду. А тым часам Іне прапанавалі працу ў Маскве: у агульнасаюзным Доме мадэляў. Але першым крокам да сапраўднага поспеху Іна Барысаўна лічыць перамогу на 1-м Міжнародным фестывалі моды ў Маскве, у1967-м. Тады калекцыя юнай мадэльеркі паводле фальклорных матываў была прызнана лепшаю. Ёй прысудзілі спецыяльны прыз і медаль, які ўручыла Іне сама Ніна Рычы, французкая мадэльерка італьянскага паходжання.

Яшчэ адным крокам да поспеху стала каханне: “З маім будучым мужам мы разам вучыліся ў акадэміі. Пасля заканчэння вучобы ён быў размеркаваны ў Мінск”. У 1969-м і яна, кінуўшы ўсё ў Маскве, прыехала да яго. Вось так яны і пачалі адраджаць індустрыю моды ў Беларусі. Праз два гады ў Мінску быў адкрыты Дом мод: Уладзімір Булгакаў стаў галоўным мастацкім кіраўніком. А яго жонка ўзначаліла групу перспектыўнага мадэлявання. Валодаючы добрым густам і вялікім жаданнем, пачалі ствараць імідж беларускіх жанчын. Улічваючы ўсе еўрапейскія модныя тэндэнцыі, распрацоўвалі яны лякалы на тэхналогію, каляровую гаму — і рассылалі ўсё гэта па швейных прадпрыемствах. Дарэчы, у 70-я прамысловасць Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, працавала даволі такі стыльна. А беларускі, прызнавалі мужчыны з суседніх саюзных рэспублік, заўсёды мелі свой стыль і кураж! Прэса пісала пра гэту дызайнерскую пару, што яны “адкрылі Парыж” для айчыннай моды. Пазней нарадзілася ідэя: стварыць у Мінску Тэатр моды — першы ў СССР. Стаўшы яго мастацкім кіраўніком, Іна Барысаўна натхняла сваім энтузіязмам і манекеншчыц, і рэжысёраў, і візажыстаў з балетмайстрамі.

У Іны Барысаўны мноства розных узнагарод. Мадэлі яе адзення выстаўляліся ў Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, Канадзе, Японіі. У тэатральных касцюмах, створаных па яе эскізах, выступалі артысты піцерскага Мюзік-хола, Маскоўскага балета на лёдзе, Беларускага тэатра оперы і балета, а таксама самыя зорныя музычныя калектывы Беларусі. Яна ж, нягледзячы на пільную ўвагу прэсы, на новыя калекцыі, прызнаныя лепшымі па дызайне, арыгінальнасці, дасканаласці, усё ж асаблівую прыхільнасць заўсёды мела да фальклорных традыцый: “Фольк — мой любімы стыль. Нацыянальны беларускі строй з яго векавымі традыцыямі — гэта невычэрпная крыніца натхнення. І не важна, што я прыехала з Расіі. Для мяне заўсёды была цікавая беларуская культура, і я, падаецца мне, спазнала яе цалкам. Як свае пяць пальцаў. Аб’ездзіла ўсю Беларусь. Вывучыла гісторыю Беларусі, беларускага касцюма: “прапусціла” ўсё гэта праз сваю галаву і свае рукі. І скажу як ёсць: беларускі народны касцюм не проста прыгожы — ён цудоўны! Гэта, па сутнасці, еўрапейскі гарнітур. У адрозненне ад рускага нацыянальнага жаночага касцюма, які адлюстроўвае ідэю мацярынства (ён заўсёды аб’ёмны, шырокі...), беларускі строй развіваўся пад уплывам Захаду. Ён, прыгледзьцеся, заўсёды да таліі: як і заходнееўрапейскі. У ім ёсць камізэлька, гэткі еўрапейскі гарсэт, і шмат-шмат спадніц. У яго ўкладзена іншая ідэя: жанчына павінна быць роўнаю мужчыне, моцна стаяць на нагах, быць гаспадыняю дома”.

Яшчэ некалькі гадоў таму, заўважае Іна Барысаўна, беларускі традыцыйны касцюм фактычна быў выцеснены з жыцця (ці то ў музеі, ці то на сцэну), і яго месца заняў абсалютна безаблічны імпартны шырспажыў. Сёння ж цікавасць да беларускай нацыянальнай вопраткі у Беларусі становіцца ўсё больш прыкметнай. А маладыя дызайнеры паспяхова асвойваюць айчынную культурную спадчыну. І гэта, лічыць яна, правільна. Іна Булгакава ўпэўнена, што ў нацыянальнай вопратцы беларуская моладзь будзе мець больш шанцаў заявіць пра сябе, чым у нейкіх “усярэдненых”, адасобленых ад нацыянальных традыцый рэчах.

Персанальная выстава Іны Булгакавай, што праходзіла ў Мінску, прысвячалася юбілею майстра. І зроблена была па яе праекце. “Хацела адлюстраваць самыя яркія падзеі майго жыцця, самыя неўзабыўныя сустрэчы, — патлумачыла мне Іна Барысаўна. — А мне ў гэтым плане, можна сказаць, вельмі пашанцавала. Я працавала з вялікімі людзьмі. З Сямёнам Аляксеевічам Штэйнам, галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, з Тэатрам мод П’ера Кардэна, з беларускімі зорнымі калектывамі: “Песняры”, “Верасы”, Народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча, з Нацыянальным акадэмічным народным хорам Беларусі імя Генадзя Цітовіча ды іншымі. Я абсалютна шчаслівы чалавек. Азіраючыся назад, нічога не хацела б мяняць у сваім лёсе. І, нягледзячы на 75 гадоў, адчуваю сябе па-ранейшаму маладой і поўнай творчых сіл і планаў”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter