Для суполкі ў прыгожым украінскім горадзе суайчыннікі выбралі імя: “Голас Радзімы”

Голас землякоў з Мікалаева

Мікалай Бойка

Гэты горад вядомы найперш як горад караблебудаўнікоў. Менавіта ў Мікалаеве 28 снежня 1972 года на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе № 444 быў закладзены цяжкі авіяносны крэйсер “Мінск”. Гэта быў флагман Ціхаакіянскага флоту, які аж да выключэння ў 93-м са складу ВМФ Расіі прадстаўляў 
імя сталіцы Беларусі на акіянскіх прасторах. На Мікалаеўшчыне, паводле Усеўкраінскага перапісу насельніцтва 2001 года, жывуць прадстаўнікі 133 нацыянальнасцяў, у тым ліку і звыш 8 тысяч беларусаў. Традыцыі міру і згоды ўмацоўвае і штогадовы фестываль нацыя-нальных культур “Дружба”, што праходзіць пры падтрымцы абласной дзяржадміністрацыі і аблсавета. У вобласці — 36 нацыянальна-культурных таварыстваў і 5 цэнтраў этнакультур. Хутка будзе зарэгістраваны Мікалаеўскі цэнтр беларускай культуры “Голас Радзімы” — тым займаецца ўраджэнка вёскі Сіманавічы Глуска-га раёна Таццяна Дзяменнікава. Пра яе, дарэчы, газета расказвала сёлета ў тэксце “І Глуск, і слёзы, і любоў”. І на ХХ фэсце “Дружба”, які праходзіў у абласным Палацы культуры, суполка ўжо была прадстаўлена.

Таццяна Дзяменнікава (у цэнтры) з землякамі стварыла “беларускі кут” на фестывалі “Дружба”
Таццяна Дзяменнікава (у цэнтры) з землякамі стварыла “беларускі кут” на фестывалі “Дружба”

Удзел у падобных форумах — справа няпростая, патрабуе немалых укладанняў і фінансаў, і душэўных сіл. “Мне вельмі хацелася, каб беларусы былі годна прадстаўлены на юбілейным фэсце, — расказвае Таццяна. — Цяжкасцяў, як вядома, ва ўкраінскай рэальнасці цяпер шмат, ды, напэўна, нацыянальны беларускі гонар ўва мне ўзяў верх. Вырашыла дзейнічаць. Праз суайчыннікаў знайшла добрую спявачку: каб выканала беларускую песню. А прадстаўляла яе, расказвала пра Беларусь я сама. Прыгожую шыльду на свае грошы замовіў Міхаіл Іванавіч Кандрацьеў, высакародны чалавек. Ён займаецца адраджэннем храмаў, устаноўкай памятных знакаў у гістарычных месцах вобласці. Такая падтрымка акрыляе!”

На фэст Таццяна спакавала “тры сумкі самага дарагога: матчыны вышываныя пакрывалы, яе ж вышываныя і тканыя ручнікі...” Прывезла кнігі, буклеты, кампакт-дыскі пра Беларусь — падарункі ад 
дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова. І яшчэ былі нумары газеты “Голас Радзімы”. Давялося ўсё на таксі везці ў Палац культуры, там сяброўкі дапамаглі аформіць прэзентацыйны стол беларусаў Мікалаева. Сустракала Таццяна гасцей у “беларускім кутку” вершам, у якім ёсць радкі: “Мы ўсе, каго зваць беларусамі,/ Хто душою жыве, не прымусамі,/ Людзям добрае долі жадаем,/ Жыць у дружбе мы ўсіх запрашаем ! ”.

На фэсце Таццяна расказала пра беларускую культуру і традыцыі, нацыянальныя сімвалы, строі, суполка ўдзельнічала і ў выставе народнай творчасці. А на Гала-канцэрце гучала вядомая “Лясная песня” Уладзіміра Алоўнікава на словы Адама Русака. Памятаеце: “Ой, бярозы да сосны, партызанскія сёстры,/ Вас ніколі ў жыцці не забыць…”. Яе выдатна выканала Алена Манахава, кіраўнік цэнтра культуры і мастацтва Чарнаморскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Магілы. Пасля песні на сцэну падняўся ўдзельнік партызанскага руху ў Беларусь Іван Сямёнавіч Прыстаўка. Ён падзякаваў спявачцы, падарыў букет руж. 

Таццяна Дзяменнікава вельмі рада, што беларусы Мікалаева нарэшце прынялі ўдзел у фестывалі. Цяпер, лічыць, працэс станаўлення суполкі пойдзе значна хутчэй. “Я сустрэла на фэсце шмат нашых суродзічаў: падыходзілі, дзякавалі ініцыятыўнай групе, радаваліся, што, нарэшце, і беларусы падалі голас свой, — задаволена зямлячка. — Абменьваліся кантактамі, дамаўляліся: дзе можна сустракацца надалей. Адна жанчына да нас на рэпетыцыю прыйшла ўжо на наступны дзень, ды так хораша спявае!”

Ад рэдакцыі. Днямі Таццяна Дзяменнікава паведаміла ў рэдакцыю: суполка “Голас Радзімы” ўжо ладзіла цікавую сустрэчу з суродзічамі ў беларускім сяле Бармашова ў Жоўтнэвым раёне Мікалаеўшчыны. Пра тое мы яшчэ раскажам. А на фестывалі “Дружба” некалькі экзэмпляраў газеты “Голас Радзімы” ўсе прасілі хаця б паглядзець. “То нашы дзяўчаты моцна трымалі іх у руках, каб ніхто не забраў і казалі: толькі з нашых рук, гэта — музейныя экспанаты!” — напісала Таццяна. Спадзяемся, на наступны год новая беларуская суполка ў Мікалаеве зможа атрымліваць нашае выданне па рэдакцыйнай рассылцы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter