Бясплатная вада, душ на вулiцах i ванна для мядзведзя - як краіна перажывае гарачыя дзянькі

Гарачы прыём лета

У нас стала горача — слупок тэрмометра ў гэтыя дні падымаецца вышэй за +30. Сіноптыкі аб’явілі на 2 жніўня аранжавы ўзровень небяспекі. Карэспандэнты «Р» даведаліся, як краіна спраўляецца са спякотай і якое надвор’е чакаць у жніўні.

Па краіне прагназуецца тэмпература да 30—32 градусаў

Сіноптыкі абяцаюць, што анамальная тэмпература пратрымаецца нядоўга. Святлана Рыбакова, спецыяліст Белгідраметцэнтра, кажа, што самыя гарачыя дні на гэтым тыдні — 2 і 3 жніўня:

— 3 жніўня па краіне прагназуецца тэмпература да 30—32 градусаў. Ноччу і днём магчымы навальніцы і шквалісты вецер. Пасля гарачыня спадзе, і да канца тыдня 30-градусных тэмператур не будзе, слупок тэрмометра падымецца да +30 толькі па паўднёвым усходзе краіны. Тэмпературны фон на тыдні чакаецца +21...+27. Перыядычна будуць ісці дажджы.

Сіноптыкі абяцаюць, што анамальная гарачыня пратрымаецца нядоўга

Супрацоўнікі ДАІ і гарадскіх бальніц адсочваюць сітуацыю, якая складваецца з так званай сонечнай небяспекай.

— Сонечных апёкаў больш не стала. Калі яны і ёсць, то ў асноўным «завозныя»: людзі прыязджаюць з імі з яшчэ гарачэйшых месцаў, — расказвае загадчык апёкавага аддзялення для дарослых Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Дзмітрый Мазалеўскі.

Аднак цеплавыя ўдары яшчэ ніхто не адмяняў. Супрацоўнікі ДАІ рэкамендуюць адмовіцца ад дальніх паездак за рулём, бо ў гарачыню вадзіцелі могуць быць менш уважлівымі. А млявасць і санлівасць — не самыя лепшыя спадарожнікі. Калі ж неабходна выехаць у дальнюю дарогу, трэба запасціся вадой і рабіць частыя прыпынкі. Тым больш кіраваць транспартам у стомленым стане забараняюць ПДР.

Аказвае дапамогу людзям у гарачыя жнівеньскія дні Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Як толькі тэмпература паветра падымаецца вышэй за +25 градусаў, арганізацыя аб'яўляе так званую аперацыю «Спякота».

Валанцёры Чырвонага Крыжа падчас спякоты бясплатна раздаюць ваду і аказваюць першую дапамогу пры цеплавым удары
ctv.by

— У месцах, дзе збіраецца шмат людзей, мы ўсталёўваем палаткі: у іх дзяжураць нашы валанцёры. Яны бясплатна раздаюць ваду, расказваюць, як паводзіць сябе ў спякоту і што рабіць у выпадку цеплавога ўдару. Работнікі рэгіянальных арганізацый аказваюць першую дапамогу на прапускных пунктах. Ёсць і валанцёры, якія сочаць за станам людзей на палях падчас уборачнай, — падзяліўся Яўгеній Карнеявец, спецыяліст па камунікацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Яшчэ цяжэй перажываць спякоту братам нашым меншым — жывёле. У заапарках прадугледжаны найлепшыя ўмовы на такія выпадкі.


— Ад гарачыні жывёліны хаваюцца ў хатках. У некаторых вальерах прадугледжаны спецыяльныя вадаёмы. Магчымасць папесціцца ў такіх басейнах ёсць у вінтарогіх казлоў, бенгальскіх тыграў, ільвоў, фламінга, бакланаў, — дзеліцца самаадчуваннем жывёлін малодшы навуковы супрацоўнік Мінскага заапарка Алена Богдан. — У чырвоных малпаў і зебраў вальеры абнесены ровам, які пры неабходнасці таксама запаўняецца вадой.

Напэўна, найлепш за ўсіх пачувае сябе мядзведзь Трыстан. Некалькі разоў на дзень ён прымае душ. А каб схавацца ад пякучага сонца, Трыстан ідзе адпачыць у сваю бярлогу.

Жнівень, які пачаўся з анамальнай спякоты, па прагнозах, будзе на адзін градус цяплейшы за сярэднія шматгадовыя значэнні, а што датычыцца ападкаў, яны прагназуюцца ў межах кліматычнай нормы.

Юлія МАТУЗАВА, Вераніка УЛАСЕВІЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter