Фотапогляд у мінулае

Выстава Юрыя Іванова як ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з творчым шлякам знакамітага заснавальніка “Песняроў”
У Мінску, у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Палац Рэспублікі), выстава мела назву “Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна”. Праект невялікі, можна сказаць, камерны: 20 фотаработ. Аднак тут за кожным здымкам, — свая эпоха, свая гісторыя, свой настрой. Калі пастарацца, то ў кожным імгненні, захаваным на плёнцы, — пра лічбавую тэхніку й гаворкі не ішло — можна пабачыць Уладзіміра Мулявіна такім, які шырокай публіцы быў невядомым.



Стваральнік, кіраўнік, душа беларускага ансамбля “Песняры” — чалавек рускі, родам са Свярдлоўска (цяпер Екацерынбург). Чым глыбінна прыцягнула яго Беларусь, наша культура — пра тое ёсць розныя меркаванні. Пэўна, у той вялікай павазе і любові ўральца да беларускіх песень, мелодый была свая таямніца. Харызматычнаму Уладзіміру Мулявіну ўдалося знайсці ў Беларусі таленавітых аднадумцаў ды талакою, разам не толькі зрабіць папулярнымі многія беларускія народныя песні, але й дасягнуць у спасціжэнні прыхаванай іх прыгажосці, у яе творчым развіцці сусветнага ўзроўню. Цяпер многія ведаюць ансамбль “Песняры” як унікальную з’яву, якая не мае пакуль аналагаў у музычнай прасторы Беларусі.


Юрый Іваноў

Мулявін. Скажаш — і неяк цёпла становіцца на душы. Мы прывыклі бачыць яго на сцэне, на экране тэлевізара, на вокладках часопісаў. Мне здаралася з ім сустракацца і ў звычайным жыцці — бо жылі недалёка адно ад аднаго, і дзеці нашыя вучыліся ў адным класе. Разглядваючы фотаздымкі на выставе, задумалася: а якім ён помніцца мне? Успрымала вядомага артыста як чалавека складанага, замкнёнага ў сабе, некалькі напышлівага і, як мне падавалася, абсалютна не кантактнага. І ўсім тым “пантам”, як ні дзіўна, мне ўдавалася знаходзіць апраўданне, проста даючы ім канкрэтнае вызначэнне, называючы іх: спадарожнікі славы. Ну вы ж ведаеце: з’яву, асобу з усімі яе “тараканамі” заўжды лягчэй прымаць, калі паспрабаваць разумець, назваць. Магчыма, мне таму тое ўдавалася, бо я любіла яго творчасць. І ўся мая сям’я, радня была ў вялікім захапленні ад песень “Песняроў”. А мой дзед захоўваў у скрынцы разам з сямейнымі каштоўнасцямі, як рэліквію, стары, зайграны вінілавы іх дыск, падораны мною. Карацей, усё гэта — як прыгожая частка майго асабістага жыцця, у якім яшчэ не згусціліся хмары, і душа разам з “Песнярамі” спявала…


На здымках Юрыя Іванова — творчы летапіс легендарнага ансамбля “Песняры” і яго заснавальніка  Уладзіміра Мулявіна 

На выставе ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” мне ўдалося пагаварыць з фотамайстрам. Юрый Сяргеевіч патлумачыў, што прысвяціў свой праект як 75-м угодкам аднаго з выбітных дзеячаў беларускай культуры, народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, так і абвешчанаму ў Беларусі Году культуры. “2016-ы багаты на юбілейныя даты выдатных дзеячаў беларускай культуры, і сярод іх — імя Уладзіміра Мулявіна, — расказваў субяседнік. — Я быў знаёмы з ім, ды не магу назваць яго сваім сябрам... Ён пазнаваў мяне сярод іншых, дазваляў знаходзіцца побач, здымаць яго…” Заслугоўвае павагі такая сціпласць фотамайстра. Бо не сакрэт: у культурным асяроддзі Юрыя Сяргеевіча называлі фоталетапісцам “Песняроў”. За гады знаёмства фотарэпарцёр зрабіў мноства здымкаў вялікага музыкі. “А як жа чуткі: маўляў, Уладзімір Георгіевіч быў чалавекам “зазвездившимся”, замкнёным, далёка не ўсіх падпускаў да сябе?” — спрабую высветліць. І вельмі шчыра дзівіцца Юрый Сяргеевіч: “Можа, некаму ён і здаваўся такім, для мяне ж быў вельмі адкрытым і даступным. Мне падабалася тое, што робіць Мулявін. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова. Хутчэй за ўсё, адчувалі нябачную хвалю павагі адзін да аднаго”.



Першае знаёмства Іванова з Мулявіным адбылося больш за 40 гадоў таму: “На пачатку 70-х перад гастролямі “Песняроў” у Амерыку я, працуючы карэспандэнтам АПН (Агентство печати “Новости”. — Рэд.) атрымаў заданне з Масквы: зрабіць фотанарыс пра іх. Безумоўна, ведаў пра іх, але чамусьці лічыў, што “Песняры” — гэта рок-ансамбль. Таму, каб быць “у тэме”, паглядзеў фатаграфіі калег, з канцэрта нейкага польскага рок-калектыву: там яны ўсе тузаліся, выгіналіся на сцэне. Вось і прапанаваў на здымках Уладзіміру Георгіевічу таксама парухацца на сцэне. На што ён вельмі дыпламатычна, але “с выражением” адказаў: “Юра, ты разумееш, мы не акцёры — мы музыканты, мы такія, як ёсць...” Мяне гэты адказ цалкам задаволіў, і мы працавалі без чужых клішэ”.



На фотавыставе мы бачым гісторыю Уладзіміра Мулявіна ад моманту з’яўлення яго ансамбля на вялікай сцэне да пачатку першых сімптомаў крызісу ў калектыве. Усе фатаграфіі, акрамя адной, нідзе раней не публікаваліся. А вядомая — гэта вялікі партрэт (1х1,5 метра), які займаў цэнтральную частку экспазіцыі. “Гэта, дарэчы, выпадковы кадр, — з цеплынёй і сумам успамінаў Юрый Сяргеевіч. — У той дзень у нас абодвух быў добры настрой. Ён нечым займаўся, і я нешта рабіў. Раптам я сказаў яму: “Паглядзі сюды”. Імгненне: ён азірнуўся, я сфатаграфаваў. А потым, разглядаючы здымак, я раптам чамусьці ўпершыню падумаў: “А Уладзімір Георгіевіч, аказваецца, да мяне нядрэнна ставіцца...” І не ведаў я тады, што гэта будзе, на жаль, развітальны кадр”.



Кожная з фатаграфій на выставе — як асобная цікавая гісторыя. І ў кожнай я сапраўды бачыла нешта ад раней невядомага мне Мулявіна. “У мяне часта пытаюцца: якім быў Мулявін? — працягвае ўспаміны Юрый Сяргеевіч. — Ён быў чалавекам слова і вельмі лёгкім на ўздым”. У пацвярджэнне майстар падводзіць мяне да фатаграфіі з датай: 1 мая 1977 года. Мулявін пасярод вясковых бабуль, якія спяваюць. “Я даведаўся, што на Беларускае тэлебачанне на запіс прыехалі ўдзельнікі фальклорнага ансамбля з калгаса імя Гастэла. А тым часам у філармоніі праходзіў канцэрт ансамбля “Песняры”. Я паехаў у філармонію, пасля канцэрта падышоў да Уладзіміра і кажу яму: “Ты не пераапранайся, паехалі на тэлебачанне: я хачу зрабіць некалькі кадраў з табой і ўдзельнікамі ансамбля”. Іншы б мяне, можа, проста паслаў бы куды падалей... Час даволі позні, Мулявін адпрацаваў, сарваў шквал апладысментаў. І ён, не задумаўшыся ні на секунду, раптам кажа: “А паехалі!” Так і з’явіўся гэты здымак. Вось такім быў Мулявін”.

А што за гісторыя прыхавана за здымкам, дзе “Песняры” ўзімку едуць на тройцы коней? “Гэта 1981 год, — успамінае Іваноў. — Я рабіў фотаальбом пра горад Мсціслаў. Там ёсць вядомы конезавод, вырошчвалі цяжкавагавікоў. Каб паказаць усю сілу і моц савецкіх жарабцоў, я прадумваў кадр і месяцы за тры да прызначанага дня здымак прапанаваў Мулявіну разам з ансамблем пакатацца на тройцы. Ён пагадзіўся. Прычым усё было падрыхтавана: коні, сані, кажухі… Калі я падышоў да яго за тры дні да здымак, ён раптам кажа: “Ты ведаеш стары, а нічога не атрымаецца... Мы выязджаем у Адэсу. Нас запрасілі на канцэрт і абяцалі вельмі добры ганарар за ўдзел. Мы едзем туды”. Я нічога не адказаў, толькі паглядзеў у вочы. Ён не адвёў погляд. А праз секунд 20-30 раптам крыкнуў свайму дырэктару ансамбля: “Звані ў Адэсу! Кажы, што мы ўсе тут пахварэлі! І ўсім ансамблем — у Мсціслаў. Вось такі быў яшчэ Уладзімір Георгіевіч. Чалавек слова”.

Слухаючы такія “закадравыя” гісторыі, уважліва, зблізку ўглядаючыся ў твар Уладзіміра Георгіевіча, я ўпершыню ў жыцці падумала: “Як жа мала мы ведалі пра гэтага хлопца з Урала”. Усяго 20 імгненняў з яго жыцця. Глядзіш на фатаграфіі ды адчуваеш: такое нешта цёплае падступае да сэрца... За кожным здымкам — жывая частка гісторыі, жыцця знакамітасці. Па-за ўсёй той “сцэнічнай” шуміхай то быў звычайны чалавек. Такі ж, як мы: які ўмее сумаваць, суперажываць, весяліцца і здзіўляцца. Толькі — вельмі таленавіты. Можа быць, таму такі самотны і вельмі ранімы.

Вялікі дзякуй Юрыю Іванову за выставу! За памяць пра вялікага Песняра. За тое, што дае нам магчымасць атрымліваць асалоду, сузіраючы невядомыя моманты яго жыцця. І адкрываць для сябе — іншага Мулявіна. І адкрываць у сабе разуменне: з вышыні часу многае, што хвалюе і трывожыць нас сёння, будзе праз гады выглядаць зусім па-іншаму. То чаму б ужо сёння не вучыцца нам глядзець на жыццё як на вялікую Гульню, у якой — усё да месца. І не бывае ў тым “сцэнарыі” аніякіх выпадковасцяў — ёсць толькі прадвызначаная плынь жыцця, у якой усяму — свой час. І кожнаму — сваё.

Іна Ганчаровіч


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter