Фантазіі на роўным месцы

Вясна абуджае ў нас ахвоту да перамены месцаў. Душа патрабуе новых ўражанняў. Пра аб’екты, што могуць даць эмацыянальнае сілкаванне, а вёсцы — устойлівае развіццё, і хочацца паразважаць

Не абавязкова імкнуцца ў Парыж, каб пабачыць яго, а потым памерці. Аднойчы сябры адкрылі мне Расонскі раён. На возеры Гасцінец мужчыны з нашай кампаніі былі адзінымі рыбакамі і лавілі такіх шчупакоў, якіх страшнавата было браць у рукі: вялікая рыбіна проста магла цапнуць за палец. А калі ўпершыню з цэнтральнага рэгіёна з яго сасновымі пейзажамі прыехала на Прыпяцкае Палессе, наогул здалося, што патрапіла кудысьці за мяжу: настолькі адрозніваюцца там краявіды.

Знаёмыя з Расіі зважаюць на нашы дагледжаныя палі, вёскі і аграгарадкі, на тое, да чаго мы прызвычаіліся. На жаль, беларуская глыбінка малавядомая для замежных турыстаў. А для сваіх, як ні сорамна, нецікавая. Так, як некалі Мосар. Хто ведаў аб гэтым паселішчы? І вось з’явіўся ксёндз Булька, і Мосар стаў Мекай, да таго ж тэрыторыяй непітушчых. Зрэшты, і пра Дудуткі раней мала хто чуў. У добраўпарадкаванне малых гарадоў дзяржава ўклала немалыя сродкі, і яны могуць прынесці аддачу.

Ведаю, у Валагодскай вобласці ёсць вёска Сізьма з возерам Шчучым. Звычайная правінцыя. Неяк вярнуўся туды з Санкт-Пецярбурга былы яе жыхар, прадпрымальнік, і прапанаваў аб’явіць Сізьму радзімай казачнага героя Ямелі. Ён з аднадумцамі арганізаваў у пустуючай хаце музей, на адну вуліцу звёз старажытныя пабудовы, што яшчэ заставаліся ў наваколлі. Інфармацыю размясцілі ў Інтэрнэце. Цяпер турысты, якія едуць у Кірыла-Белазёрскі манастыр, абавязкова наведваюць былую глухамань, і сваімі грашовымі ўнёскамі за розныя сувеніры ды пачастункі мясцовых жыхароў дапамагаюць вёсцы ўстойліва развівацца. Так адмысловы брэнд паспрыяў гэтай сельскай тэрыторыі. Яскравы прыклад, як можна стварыць непаўторны вобраз самай непрэзентабельнай з першага погляду мясцовасці літаральна на пустым месцы. Што ўжо казаць пра ўтульны аграгарадок ці населены пункт з багатай гісторыяй? Прэзентаваць іх прасцей. Варта толькі заняцца.

Праўда, гістарычныя каштоўнасці, славутасці і брэнд — не адно і тое ж. Без апошняга матэрыяльная спадчына нічога не варта. Патрэбна ідэя, якая аб’яднае вяскоўцаў і народны «пасаг» са знешнім светам. У тым ліку з уладальнікамі тоўстых кашалькоў, якіх прываблівае пах сена і сырадою, і інвестарамі, якія адчуюць там пах грошай. Хто гэта зразумеў, шукае новы імідж свайго краю, за які мы будзем гатовы плаціць.

Вось і я ў пошуках летніх уражанняў знайшла ўсё ж штосьці інтрыгуючае: двухдзённы «зялёны» маршрут, што прапануе аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Полацкага райвыканкама «Зоркавая дыядэма Полацкай зямлі». Яго распрацоўшчыкі прыкмецілі, што абрысы існуючых у раёне азёр супадаюць з… размяшчэннем зорак на небе, адлюстраваным на старажытных картах. Возера Гомель нагадвае сузор’е Вялікага сабакі, а Паульскае — Цяльца. На іх берагах размешчаны старажытныя капішчы і валуны, якія па форме нагадваюць піраміды. Каля вёскі Бікульнічы і наогул захавалася каменная “абсерваторыя”, такі беларускі Стоунхендж. У камянёў магутная энергетыка і незвычайныя формы — сэрца, стралы, аркі. Дотык да іх можа і не вылечыць ад хваробы, але пазітыву прыбавіць. Чым ні брэнд для Бікульнічаў? Нават калі такіх містычных аб’ектаў на вашай тэрыторыі няма, малой радзіме можна прыдумаць “фішку”. Поспех бывае там, дзе прысутнічаюць крэатыў у адміністратыўным кіраванні і падтрымка ініцыятывы сваіх жа жыхароў. А казак на ўсіх хопіць.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter