Па ініцыятыве самарскіх беларусаў у абласным цэнтры прайшла выстава-кірмаш тавараў беларускіх вытворцаў

Ехаў горад на кірмаш...

2110 кіламетраў — такую адлегласць пераадолелі сябры з Брэстчыны, якія прывезлі ў Самару шырокі асартымент тавараў. Прычым не толькі з Брэста і вобласці, але і з Мінска, Мазыра ды іншых гарадоў Беларусі. Ініцыятыву пра выставу-продаж тавараў беларускіх вытворцаў падала Ірына Глуская, кіраўніца самарскай суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Яе падтрымала Брэсцкае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, адміністрацыя і дума гарадской акругі Самара.

Урачыстае адкрыццё беларускага кірмашу ў Самары
Урачыстае адкрыццё беларускага кірмашу ў Самары

Жыхарам Самары спадабаўся мёд, атрыманы з перасоўнага пчальніка, і таму каштоўны прадукт — аж на 25 адценняў: ад кіпенна-белага з іван-чаю да дзягцярна-чорнага чарнічнага. Ацанілі ў Паволжы мясныя дэлікатэсы, зробленыя па старадаўніх рэцэптах, пернікі з начынкамі — альтэрнатыва тульскім, бабруйскія зефір і халву, сыры і малочную прадукцыю розных вытворцаў. Асаблівым попытам карыстаўся і беларускі хлеб. Былі шырока прадстаўлены тканіны, адзенне. У прыватнасці, пакарыў самарцаў беларускі трыкатаж. Дарэчы, праходзіў кірмаш на вуліцы Перамогі, у скверы “Радзіма”, а гэта насупраць Дома дружбы народаў з офісам беларускай суполкі. 

“Беларусь я лічу сваёй другою Радзімай, — казаў на адкрыцці выставы-кірмашу старшыня гардумы Аляксандр Фяцісаў. — Гэта цудоўная зямля, дзе жывуць вельмі працавітыя і таленавітыя людзі, і  нашы народы вельмі многае лучыць. Важна, каб сёння ўмацоўваліся і нашы гандлёва-эканамічныя адносіны”. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі іншыя вядомыя людзі Самары, прадстаўнікі Брэсцкага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Валянцін Ярошчык і Сяргей Дзяркач, кіраўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў Самарскай вобласці. Ірына Глуская падзякавала спікеру гардумы за садзеянне ў арганізацыі праекта на самарскай зямлі, адзначыўшы: гэта значны крок ва ўмацаванні брацкіх стасункаў паміж народамі Расіі ды Беларусі, гандлёва-эканамічных стасункаў паміж рэгіёнамі.

Два тыдні кірмашовы гарадок — палаткі з чырвона-зялёным арнаментам, беларускімі сцягамі, а яшчэ і беларускімі песнямі, якія выконваў вядомы гурт “Каданс” —  запрашаў самарцаў. Многія набывалі беларускую прадукцыю. А Ірына Глуская, іншыя актывісты суполкі абмеркавалі з брэсцкімі сябрамі магчымыя шляхі далейшага супрацоўніцтва. 

Між тым парк транспарту Самары папоўніўся сёлета новымі тралейбусамі беларускай вытворчасці. У мясцовае Трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне прыйшло 19 машын — першая буйная пастаўка тралейбусаў з Беларусі за апошнія гады. Ключы ад іх вадзіцелі атрымалі з рук губернатара вобласці Мікалая Мяркушкіна і кіраўніка гарадміністрацыі Алега Фурсава. Тралейбусы ўжо выйшлі на маршруты. Такія значныя падзеі — радасць для мясцовых беларусаў. “Сёлета нашай суполцы — 15 гадоў, — гаворыць Ірына Глуская. — З першых дзён яе заснавання мы працуем на станоўчы імідж Беларусі ў вобласці, на прасоўванне беларускіх тавараў на рынак рэгіёну. Вельмі рады, што вобласць становіцца прывабнай для беларускіх вытворцаў. Па вуліцах Самары ходзяць тралейбусы беларускай вытворчасці. Прыемна! Можна сказаць: самарскія беларусы, нарэшце, абзавяліся “сваім” транспартам.” 

Навукоўцы сцвярджаюць: у сучасным свеце ёсць тэндэнцыі, якія паказваюць на глыбокія змены ў адносінах паміж культурай і эканомікай: яны збліжаюцца. І самарскія беларусы, арганізаваўшы выставу-кірмаш тавараў беларускіх вытворцаў, прыгожа пацвердзілі гэты тэзіс. 

Мікалай Бойка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter