Уручэнне Нацыянальных тэатральных прэмій урачыста прайшло на сцэне Купалаўскага тэатра

Эфектнае завяршэнне вечара

Уручэнне Нацыянальных тэатральных прэмій урачыста прайшло на сцэне Купалаўскага тэатра

Уладальнікі ўзнагарод трэцяга рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” названы вечарам 30 лістапада на цырымоніі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. На лаўры прэтэндаваў 21 спектакль, у тым ліку 11 пастановак тэатра драмы, 6 — тэатра лялек і 4 — музычнага тэатра.

Хто і ў якіх намінацыях прызнаны лепшым — пра тое напісалі розныя беларускія СМІ. Эфектным завяршэннем вечара стала аб’яўленне ўладальніка ўзнагароды “За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва”. На сцэну Купалаўскага тэатра выехаў… аўтамабіль “Шэўрале дэ Люкс” 1937 года — той самы, які належаў Янку Купалу. З яго выйшла народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, якой намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік уручыў узнагароду.

Упершыню Нацыянальныя тэатральныя прэміі ўручалі ў 2011 годзе. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter