Упрыгожыць ёлку, прыгатаваць аліўе, запрасiць гасцей і пад бой курантаў з шампанскім у руках сустрэць надыходзячы год. Класіка навагодняга свята. Карэспандэнт «Рэспублікі» сустрэлася з мнагадзетнай сям’ёй Крывянок з Мінска, у якой свой адметны сцэнарый і свая філасофія Новага года.
Смак чакання
Іна і яе муж Сяргей упэўнены, што чаканне цуду не менш прыемнае за сам цуд. Таму рыхтавацца да свята сям’я, дзе выхоўваюцца 14-гадовы Слава, 12-гадовая Міла і 2-гадовая Галя, пачалі аж з першага дня зімы. Яшчэ да таго, як дома з’явіўся галоўны атрыбут свята — прыгажуня-ёлка, на кухнi, сярод дзіцячых малюнкаў і геаграфічных карт, вывешаны адвент-календары, якія паказваюць, колькі дзён засталося да Новага года. Кожную раніцу дзеці перш за ўсё адгортваюць папяровае акенца і зачытваюць услых заданне на дзень. Учора «па патрабаванні» выконвалі ранішнюю зарадку, напярэдадні пісалі лісты Дзеду Марозу, складалі планы на будучы год і рабілі добрыя справы.
— Я бабулі месца ў тралейбусе ўступіла, — паведамляе Міла. — Пайшло ў залік!
Усім цікава — кожны пераднавагодні дзень не падобны да папярэдняга.
Падарункі — сродак выхавання
Як большасць падлеткаў, Міла і Слава цудоўна разумеюць, хто прыносіць ім падарункі пад ёлку. Аднак ад дзіцячай звычкі пісаць лісты Дзеду Марозу з загаданым пажаданнем не адмаўляюцца. Па традыцыі запячатваюць у канверцік і кладуць на падаконнік.
Адзіным членам сям’і, які па-сапраўднаму верыць у існаванне Дзеда Мароза, застаецца малая Галечка. Хаця ёй нічога асаблівага ні ад яго, ні ад бацькоў не патрэбна. Галоўнае — каб была ёлка. На яе агні дзяўчынка гатовая глядзець гадзінамі.
— Прыкладна да шасці гадоў дзецям было ўсе роўна, што менавіта ім падораць, — дзеліцца бацькоўскім вопытам мама Іна. — Уручыш мандарынку — столькі радасці! А чым сталейшыя дзеці, тым больш аформленымі становяцца іх жаданні і тым больш у іх шанцаў… расчаравацца.
Кожнаму ў свой час мама данесла ўласнае ўяўленне пра Дзеда Мароза. Па яе тлумачэнні, гэта такі ўнутраны голас, які
нашэптвае бацькам, чым можна парадаваць дзяцей напярэдадні свята. Аднак магчымасці таты і мамы, якія слухаюць гэтыя парады, не бязмежныя. Па адукацыі абое — педагогі, па спецыяльнасці не працуюць. Мама — офісны супрацоўнік, тата — загадчык склада. Прыбытак у сям’і невялікі, а таму здзяйсняць прыгожыя мары ўдаецца не заўсёды i не адразу.
— Я ў мінулым годзе загадала новы смартфон з добрай фотакамерай, каб можна было рабіць прыгожыя сэлфі, — распавядае Міла. — А атрымала ў падарунак… калготкі!
Слава, які дагэтуль безадрыўна вывучаў віртуальныя гарызонты смартфона, раптам падняў галаву і выдаў:
— Затое я аднойчы знайшоў пад ёлкай вялізны набор канструктара лега! Мая вера ў Дзеда Мароза, якая за апошнія гады сышла на нішто, адразу памацнела!
І тут жа падлетак прызнаецца: насамрэч яго найлепшы падарунак — той, што зарабіў сам. У гэтым годзе ён на школьных канікулах працаваў кур’ерам і на сваю першую зарплату набыў тэлефон.
— Самастойна здзяйсняць уласныя мары нашмат прыемней, — робiць выснову Слава. — Адчуваеш сябе незалежным.
Сястра Міла таксама паспрабавала сябе ў ролі выканаўцы чужых жаданняў.
— Адкладала частку кішэнных грошай i набыла бацькам цёплыя шкарпэткі, — расказвае яна. — Дык крыўдна, што яны іх не носяць! Захоўваюць, нібы сувенір!
Аднак усе члены сям’і пагаджаюцца, што самае каштоўнае ў навагодніх падарунках — момант, калі іх атрымліваеш.
— Ува мне цяга да інтрыгі закладзена бацькамі, — гаворыць мама. — Аднойчы яны паклалі падарункі не пад ёлку, як звычайна, а ля ўваходных дзвярэй. І сказалi, што прыходзіў Дзед Мароз і нешта там пакінуў. Дагэтуль памятаю свае яркія эмоцыі.
Штолен і караоке
У навагоднім меню сям'і Крывянок — мандарыны, салат аліўе, сыр «Дарблю», запечаная курыца і торт, які мама робіць
выключна ўласнаручна. Яшчэ адзін элемент святочнага стала рыхтуецца загадзя. Штолен — традыцыйны калядны нямецкі пірог з цукатамі і арэхамі, пячэцца за два тыдні да Новага года, доўга прамакае і з’ядаецца толькі з наступленнем свята.
Чаго ніколі няма на стале ў Крывянкоў, дык гэта алкаголю.
— Я згублены для алкаголевытворчай галіны спажывец, — смяецца Іна. — Акрамя дзіцячага шампанскага, нічога не набываю: то цяжарная, то кармлю дзіця. Ну а мужу нічога не застаецца, як далучыцца да нашай гарантавана цвярозай кампаніі.
Абавязковая частка навагодняга сцэнарыя сям’і Крывянок — спевы караоке. Музычным слыхам і добрымі галасамі, дзякуй богу, ніхто не пакрыўджаны. Слава і Міла наведваюць музычную школу. А самае, бадай, цікавае, што бою курантаў ні дзеці, ні дарослыя не чакаюць — усе дружна кладуцца спаць у дзесяць гадзін. Сям’я — прыхільніца здаровага спосабу жыцця і паўнавартаснага сну. Усе знаёмыя і блізкія пра гэта ведаюць і віншаванні адкладаюць на светлую частку сутак. Прачнуўшыся, дзеці адразу бягуць «даследаваць», што «вырасла» пад ёлкай. А потым усе разам ідуць гуляць.
— Для кагосьці важней за ўсё першая ноч новага года, а для нас — першая яго раніца, — гаворыць мама. — Так не хочацца яе праспаць!
Алена БЕЛАЯ.
Как встречают Новый год в многодетной семье
Дзед Мароз, мандарыны і карагод жаданняў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.