Дзе шукаць крыж Еўфрасінні?

Кожная з версій пра месцазнаходжанне крыжа Еўфрасінні Полацкай дэталёва правяраецца
Кожная з версій пра месцазнаходжанне крыжа Еўфрасінні Полацкай дэталёва правяраецца

Існуе мноства версій пра месцазнаходжанне гэтага твора мастацтва XII стагоддзя. Адна з апошніх была звязана з Троіца-Сергіевай Лаўрай (Маскоўская вобласць), дзе нібыта бачылі крыж. Аднак і яна не пацвердзілася. “Як толькі з’яўляецца чарговая версія пра тое, дзе можа знаходзіцца крыж Еўфрасінні, інфармацыя да дробязяў правяраецца, — казаў Міністр культуры Барыс Святлоў пад час семінара ідэалагічнага актыву Беларусбанка. — Пакуль ніводная з версій не пацвердзілася”.

Міністр паведаміў, што сёння рэстаўруецца Спаса-Праабражэнскі храм у Полацку, які звязаны з імем і дзейнасцю прападобнай Еўфрасінні. У храме, дзе знаходзяцца яе мошчы, вядуцца работы па адкрыцці ды захаванні знойдзеных там фрэсак. Храм — унікальны, аналагаў яму няма ва Усходняй Еўропе. Цяпер у ім працуюць навукоўцы. І тыя высновы, да якіх яны прыходзяць, сапраўды могуць стаць сенсацыйнымі. 

Як вядома, Крыж Еўфрасінні Полацкай быў выраблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Ён уяўляў сабой каўчэг, у якім знаходзіліся вялікія хрысціянскія святыні: часцінка Дрэва Крыжа Гасподняга з кропляй крыві Збавіцеля, часціны камянёў Магілы Гасподняй і Гроба Божай Маці, часціны мошчаў першамучаніка архідыякана Стэфана, велікамучаніка і лекара Панцеляймона і кропля крыві велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага. Вышыня крыжа — 52 см, верхняе перакрыжаванне — 14 см, ніжняе — 21 см. Ён быў зроблены з кіпарыса, пакрыты залатымі ды сярэбранымі пласцінамі з выявамі, выкананымі ў тэхніцы перагародкавай эмалі, ды ўпрыгожаны васьмю каштоўнымі камянямі, пярлінамі. Выявы на крыжы перадаюць асноўныя падзеі Новага Запавету.

Крыж быў згублены на пачатку вайны ў 1941-м, пасля яго шукалі, але беспаспяхова. З’явілася мноства розных версій знікнення святыні, яе лёсу. Блытаніну ў пошуках сапраўднага крыжа Еўфрасінні Полацкай уносіць існаванне яго копій. Ёсць версія пра знаходжанне святыні ў адной з прыватных калекцый за межамі Беларусі. 

Цяпер у Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку знаходзіцца адноўлены крыж прападобнай Еўфрасінні, які быў перададзены туды ў 1997 годзе. 

Аліна Немагай

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter