Дыялог на мове сяброўства

Як вядома, і раней прадстаўнікі дыяспары не раз збіраліся на этнічнай Радзіме, каб пазнаёміцца, расказаць пра свае справы і нешта пераняць адзін у аднаго. Сёлетні ж іх дыялог быў адметным. Мы паведамлялі ўжо пра ўдзел беларусаў з Латвіі, Польшчы, Расіі ў міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі”. З нагоды выставы ў Нацыянальным прэс-цэнтры прайшоў і круглы стол “Дыялог дыяспар: шматнацыянальная Беларусь — беларускае замежжа”
Як вядома, і раней прадстаўнікі дыяспары не раз збіраліся на этнічнай Радзіме, каб пазнаёміцца, расказаць пра свае справы і нешта пераняць адзін у аднаго. Сёлетні ж іх дыялог быў адметным. Мы паведамлялі ўжо пра ўдзел беларусаў з Латвіі, Польшчы, Расіі ў міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі”. З нагоды выставы ў Нацыянальным прэс-цэнтры прайшоў і круглы стол “Дыялог дыяспар: шматнацыянальная Беларусь — беларускае замежжа”.

Для людзей розных нацыянальнасцяў Беларусь стала родным домамНа сустрэчу, арганізаваную ў Нацыянальным прэс-цэнтры апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Міністэрствам інфармацыі і грамадскім таварыствам “Радзіма”, упершыню былі запрошаны як госці з беларускага замежжа, так і лідэры нацыянальных супольнасцяў Беларусі, якія ўваходзяць у склад Кансультацыйнага міжэтнічнага савета.

Якія ж яны, “нацыянальныя асаблівасці міжнацыянальных працэсаў”? Як рэалізуюць людзі свой этнічны, нацыянальны патэнцыял у розных краінах?

Леанід Гуляка,
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі:


Пра колькасны склад беларускай дыяспары скажу шчыра: і мне дакладная лічба невядомая. Называюць лічбы ад 1мільёна 200 тысяч да 4 мільёнаў чалавек, і нават больш. Мы карыстаемся дадзенымі, атрыманымі Міністэрствам замежных спраў праз пасольствы. Але гэта неафіцыйная статыстыка. Важна адно: мы зацікаўлены ў тым, каб людзі з беларускімі каранямі адчувалі сябе беларусамі ў любой краіне.

Скажу адразу: жывых грошай, як гаворыцца, беларускай дыяспары мы не даем. Але падтрымліваем самадзейныя мастацкія калектывы: сцэнічныя касцюмы, музычныя інструменты... Можам пасадзейнічаць удзелу ў сумесных культурных акцыях, напрыклад, у фестывалях: іх нямала праходзіць у Беларусі. Сёння такія кантакты важныя.

Нагадаю пра конкурс “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой”. Яго мэта — скарыстаўшы патэнцыял дыяспары, наладзіць дзелавыя кантакты, супрацоўніцтва з беларускімі рэгіёнамі. Магчыма, нехта пакуль не зарыентаваўся ў сітуацыі, некаму інфармацыя не дайшла — яна ёсць на нашым інтэрнэт-сайце belarus21.by. Былі, на жаль, выпадкі, калі рэгіён прапаноўвае “руку дружбы”, а суполка не гатова салідна супрацоўнічаць. І наадварот. Аднак за мінулы год гэты рух пашырыўся: мы не хочам яго штучна развіваць, але бізнес-кантакты вельмі патрэбныя. Больш таго: наш апарат патрапіў і ў дзяржаўныя праграмы, дзе побач з Міністэрствам прамысловасці, Міністэрствам замежных спраў і іншымі структурамі нам даручана наладжваць партнёрскія сувязі з замежжам. На гэта выдзяляюцца сродкі, і вам раю паспрабаваць іх “асвоіць” — для ўзаемнай карысці Беларусі і краін, дзе вы цяпер жывяце.

Нам важна ведаць пра ваш вопыт работы, паслухаць прапановы, просьбы, падказкі, крытыку.

Максім Дубянок,
старшыня праўлення Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма”:


Я ўдзячны за арганізацыю такой сустрэчы. У нашых гасцей насычаная праграма, яны шмат кантактуюць і між сабой, і з прадстаўнікамі розных дзяржаўных структур. Дзякуючы гэтаму суайчыннікі за мяжой і грама-дзяне Беларусі больш даведваюцца адзін пра другога, пра тое, што і дзеля чаго яны робяць. Мяркую, менавіта такія зносіны ўмацуюць сяброўства, дапамагаюць адладзіць цесныя і плённыя кантакты. Бо звычайна за добрым дыялогам ідуць і добрыя справы. Хачу тут, у сяброўскім коле, сказаць словы вялікай павагі і ўдзячнасці прадстаўнікам беларускай дыяспары, якія нягледзячы на цяжкасці знаходзяць магчымасці, сілы і жаданне працаваць, часцей на энтузіязме, і тым самым пашыраюць прысутнасць беларускай культуры ў свеце. Прыемна, што да гэтай пачэснай справы далучана і наша таварыства, у якога, дарэчы, сёлета юбілей: “Радзіме” споўнілася 45 гадоў. Сёння мы разам. Многія суполкі звяртаюцца ў “Радзіму”, калі шукаюць новыя шляхі для рэалізацыі сваіх праектаў, набыцця вопыту работы, партнёраў для супрацоўніцтва.

Валянціна Піскунова,
старшыня Саюза беларусаў Латвіі і таварыства “Прамень” (г.Рыга):


Беларусаў у Латвіі цяпер звыш 80 тысяч. Мы адна з нямногіх дыяспар у Латвіі, якая аб’ядналася. У склад саюза ўваходзіць па рэгіёнах 10 арганізацый. І цяпер адна з галоўных задач — далейшае аб’яднанне, у тым ліку і ўсіх беларусаў замежжа. Калі мы аб’ядналіся, нам стала зручней пашыраць нашу культуру, наладзіць вывучэнне мовы. У нас працуе беларуская школа, з ёй цесныя кантакты. Мы адзіныя і ў патрыятычным пачуцці да Радзімы, маем паразуменне і ў ацэнцы таго, як развіваецца Беларусь. А яшчэ мы дапамагаем умацоўваць і эканамічныя стасункі паміж Беларуссю і Латвіяй. Гэта, дарэчы, адзін з галоўных напрамкаў нашай дзейнасці. Не толькі культурнае, але і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва прапісана ў статуце таварыства.

Думаю, на беларусаў Латвіі з часам будуць раўняцца і суполкі іншых краін. І гэта не пахвальба. Бо аб’ядноўвацца — цяжкая, але ўдзячная праца, і мы яе робім. Мы падтрымліваем і ідэю стварэння Кансультацыйнага савета з прадстаўнікоў беларускай дыяспары пры апараце Упаўнаважанага: павінен быць у беларускай дзяржаве савет, які б каардынаваў гэту працу. Хачу сказаць, што вельмі чакаем усе Закон аб суайчынніках, і на сустрэчы з дэпутатамі Нацыянальнага сходу пра гэта гаварылі. Нам сказалі, што яго вярнулі на дапрацоўку. Кажуць, у Расіі падобны закон прыняты. Мы за тое, каб прайшоў З’езд беларусаў замежжа пад патранатам дзяржавы. Бо на той, які праводзіць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, не ўсе трапяць. А шырокае яднанне дыяспары цяпер вельмі патрэбна.

Л.Гуляка: Калі МЗС прапануе папрацаваць з праектам закона — мы падключымся. Наконт з’езда скажу: тэма заслугоўвае ўвагі, і з’езд трэба рыхтаваць. Можа, на канец года ці ў пачатку наступнага.

Таццяна Бучэль,
намеснік старшыні культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”
(Латвія, г.Даўгаўпілс):


У Даўгаўпілскім дзяржуніверсітэце мы амаль 15 гадоў выкладаем беларускую мову, і заўсёды яна запатрабаваная. Нават студэнты рускія, якія маюць беларускія карані, нашай культурай, літаратурай цікавяцца. Мы заўсёды, у тым ліку і дзякуючы падтрымцы таварыства “Радзіма”, знаходзім магчымасць прывезці іх у Мінск. А пасля таго, як яны пабачаць на свае вочы, як тут людзі жывуць, яны з яшчэ большым даверам ставяцца і да беларусаў, і да Беларусі. Нам гэта вельмі прыемна. Сёлета ў нас такая радасная навіна: адразу тры навуковыя працы пішуцца па творах Уладзіміра Караткевіча: бакалаўрская, магістарская і нават доктарская дысертацыі. Як бачым, ёсць інтарэс да Беларусі. Мне прыемна бачыць тут прафесара Адама Восіпавіча Мальдзіса, які аказвае вялікую падтрымку ў нашых задумах. Вось і гэтай вясной мы прыязджалі разам з дактаранткай, атрымалі ад яго вельмі цікавую інфармацыю, патрэбную для работы, кнігі, навуковыя працы. Так што ёсць і міжстудэнцкае, і міжнавуковае ўзаемадзеянне. Дарэчы, мы свядома акрэслілі такую мэту ў сваёй дзейнасці: пакінуць, як гаворыцца, пасля сябе моладзь. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна, але і пра наступнікаў, пераемнікаў, на мой погляд, актывістам дыяспары варта заўсёды думаць.

Людміла Бяляўская,
прадстаўніца Нацыянальна-культурнага цэнтра “Беларусы Сібіры”(Расія, Новасібірск):


Наш цэнтр узначальвае Ніна Кабанава, і гэта, мусіць, адзіная ўстанова беларускай культуры ў Расіі, якая мае дзяржаўны статус. Мы праводзім вялікую і асветніцкую, і выдавецкую працу, асабліва ўдзячныя за гэта сельскія жыхары. У Сібіры шмат беларусаў, яны патрапілі туды рознымі шляхамі і ў розны час: пры сталыпінскай рэформе, рэпрэсаваныя, маладыя спецыялісты ў пасляваенны час ехалі. Я з ліку перасяленцаў апошняй хвалі, жыву ў Новасібірску больш за 30 гадоў. Паехала як малады спецыяліст і засталася. Працавала ў выдавецтве, цяпер — на тэлебачанні. Мой журналісцкі вопыт дапамог пры стварэнні кнігі “Сібір’ю злучаныя лёсы”, якая нядаўна пабачыла свет. Каб выпусціць яе, ўдзельнічалі мы ў конкурсе і атрымалі грант на праект. Тыраж невялікі: усяго 100 экземпляраў. Мяркуем і другі, і трэці выпускі зрабіць, бо матэрыялаў вельмі шмат. Дарэчы, у беларускім парламенце ў нас спыталі: калі ў Сібіры гэтак шмат беларусаў, то чаму там не выкладаюць беларускую мову? Думаю, пытанне заканамернае, але яно не да нас... Мы ж на ўзроўні Цэнтра робім тое, што можам. У Новасібірску выдаецца часопіс “Содружество наций”, ёсць фэст “Горад сяброўства” — людзі розных нацый, якіх у рэгіёне каля 120, дэманструюць свае ўменні. Гэта вельмі вясёлае свята, з феерверкамі фарбаў, песень, музыкі, танцаў, рознымі мовамі. І свае стравы кожная дыяспара дае паспрабаваць.

Размова за круглым сталом атрымалася змястоўнайЯ шмат пішу пра беларусаў, справы дыяспары ў абласную газету “Советская Сибирь”, і да 2 красавіка, Свята яднання народаў Беларусі і Расіі, рыхтавала публікацыю. Між іншым, у рэдакцыі неяк сказалі, што дзякуючы такім артыкулам “мы ўжо вашу Беларусь палюбілі”. Некаторыя мае артыкулы змяшчаліся ў газеце “Голас Радзімы”, якой я вельмі ўдзячна за падтрымку. Таму хачу прапанаваць, каб і журналісты з Расіі, з іншых краін, якія пішуць пра беларускую дыяспару, таксама мелі магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе, лаўрэатаў якога сёння тут так прыгожа ўшанавалі.

Л.Гуляка: Згодзен з вамі. Зробім удакладненне ва ўмовах конкурсу. Пішыце, дасылайце свае артыкулы — разгледзім.

Л.Бяляўская: Дзякуй. Яшчэ адна праблема. Цяпер ёсць захады на тое, каб аб’яднаць у Новасібірску рускі, беларускі і ўкраінскі культурныя цэнтры. Мы ў сувязі з гэтым хвалюемся, што сродкі пачнуць распыляцца, і “малодшым братам-беларусам” з фінансаў мала што застанецца на нашы праекты. Разумею, што не тут вырашаецца гэтае пытанне, але ўсё ж мы просім апарат Упаўнаважанага давесці нашу пазіцыю да ведама тых чыноўнікаў, якія будуць прымаць рашэнне.
Цяпер — наконт матэрыялаў пра Беларусь. У іх ёсць неабходнасць, будзем рады любой дапамозе. Нам вельмі патрэбна газета “Голас Радзімы”, яна трапляе да нас, але нерэгулярна. Я пыталася ў іншых прадстаўнікоў дыяспары — у іх тое ж самае назіраецца. Можа, сістэма дастаўкі патрабуе ўдасканалення?

Дарэчы. Электронны варыянт газеты “Голас Радзімы”, яе архіў ёсць на інтэрнэт сайце www.golas.by, а з гэтага года кожны свежы нумар газеты выстаўляецца там у PDF-фармаце, што дазваляе зручна праглядаць яе старонкі на камп’ютары.

Людміла Сярдзюк,
каардынатар прэс-службы Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томска (Расія, г. Томск):


Паводле афіцыйных дадзеных, беларусаў у Томску каля трох тысяч. Суполка наша актыўная і творчая, таму за пяць з лішкам гадоў работы да нас многія далучыліся. У Томску надаецца немалая ўвага пытанням міжнацыянальных зносін, бо там, як і ў Беларусі, жывуць прадстаўнікі 120 нацыянальнасцяў. Ужо 14 гадоў у горадзе 1 Мая адзначаецца каларытнае Свята дружбы народаў. З гэтай нагоды праводзіцца ўрачыстае пасяджэнне ў памяшканні тэатра, свята прадаўжаецца і на плошчы ля Канцэртнай залы. Збіраюцца ўсе дыяспары, дэманструюць свае дасягненні ў культуры і рамёствах. Дарэчы, і мы работу ў суполцы пачыналі з пашырэння беларускай культуры. Цяпер займаемся і даследчыцкай дзейнасцю: вывучаем гісторыю гэтак званага перасяленскага руху. Дарэчы, па ініцыятыве беларускай дыяспары ў адным з раёнаў вобласці адкрыты музей Інакенція Смактуноўскага — ён адтуль родам, а родавыя карані ў акцёра беларускія. Мы правялі ўжо шэраг гарадскіх фэстаў беларускай культуры і два міжнародныя. Былі на іх нашы землякі з Новасібірскага рэгіёна, прадстаўнікі творчых арганізацый Мінска, Мазыра, беларускага пасольства ў Расіі. Так што запрашаем у госці на нашы фестывалі, яны набіраюць сілу.

Цяпер мы шмат працуем над тым, каб беларусы Томска, вобласці ведалі адзін аднаго, кантактавалі і не парываліся нашы сувязі з гістарычнай, этнічнай радзімай. Можна вобразна параўнаць кожнае наша мерапрыемства з невялікім духоўным мастом, які злучае Томск з Беларуссю. Думаю, у многім і дзякуючы дзейнасці нашай суполкі ў Томска цяпер вельмі моцныя кантакты з Беларуссю. На нашы мерапрыемствы прыходзяць і прадстаўнікі іншых дыяспар, як на вечарыну, прысвечаную творчасці ансамбля “Песняры”. Мяркую, дзякуючы нашым фестывалям ёсць добрыя кантакты ў гарадскіх адміністрацый Мінска і Томска. Хутка плануецца візіт дэлегацыі Томска ў Мінск. І на заканчэнне ў якасці пажадання. Нам хацелася б атрымліваць больш інфармацыі пра Беларусь, яе сучасны дзень, знаёміцца з творамі сучасных паэтаў, мастакоў, кампазітараў.

Аляксандр Карачун,
дырэктар Цэнтра культуры Беларусі ў Польшчы:


Мы працуем пад эгідай Міністэрства замежных спраў, а маем кантакты з многімі арганізацыямі. У Польшчы, што важна, жывуць этнічныя беларусы, а не проста дыяспара. Мы падтрымліваем беларускасць, якая склалася гістарычна, што там засталося і што культывуецца такой, напрыклад, арганізацыяй, як Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Я прадстаўляю пасольства Беларусі ў Польшчы, якое, дарэчы, аказала падтрымку дэлегацыі, і беларусы Польшчы паказалі на выставе, як шмат цікавага выдаюць.

Падчас работы выставы ў мяне пыталі: ці ёсць у вас мастацкія калектывы? Няма. І ўсяго ў цэнтры два супрацоўнікі: я і намеснік. Але ў Польшчы 14 моцных беларускіх суполак, з якімі мы цесна ўзаемадзейнічаем, каардынуем работу і арганізуем яе там, дзе патрэбна дапамога з боку беларускай дзяржавы. Цэнтрам былі выдаткаваны грошы на друк у Польшчы трох кніжак беларускіх паэтаў. Мы рабілі прэзентацыю зборнікаў у цэнтры, выязджалі ў Гайнаўку, Бельск-Падляскі. І з выставамі, і з іншымі праектамі дзейнічаем па ўсёй тэрыторыі Польшчы. У хуткім часе ў будынку цэнтра, які мае плошчу звыш 250 квадратных метраў, рыхтуемся адкрыць бібліятэку.

Базыль Сегень,
прафесар, намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства (Польшча, г.Беласток):


Я прадстаўляю самую вялікую беларускую грамадскую арганізацыю ў Польшчы, якая дзейнічае з 1956 года. Мы захоўваем і развіваем беларускую культуру на тэрыторыі Польшчы, асабліва ж ва усходняй Беласточчыне, дзе яна спаконвечная. Разлічваем у асноўным на сродкі, што выдзяляе польская дзяржава, шукаем дапамогі і ў спонсараў, а таксама ад Беларусі. Скажу шчыра і выразна: такую дапамогу з этнічнай Радзімы мы атрымоўваем, за што ёй вельмі ўдзячныя.

Сярод значных мерапрыемстваў культурнага напрамку БГКТ — штогадовы фестываль “Беларуская песня” ў Беластоку. І “Свята беларускай культуры” таксама ладзіцца намі, і фестываль “Беласток — Гродна. Гродна — Беласток”, які папераменна праходзіць у Польшчы і Беларусі. З апошнім фэстам з нядаўняга часу спалучана і навуковая канферэнцыя, скіраваная на пазнанне праблем польска-беларускага памежжа.

Хачу сказаць: наша дзейнасць у Польшчы не была б магчымай у такім аб’ёме і з такім плёнам, каб не дапамога Беларусі. Найперш важная яна цяпер з боку Цэнтра культуры Беларусі. У нас цесныя кантакты з дыпслужбамі Беларусі: Генконсульствам у Беластоку, беларускім пасольствам у Варшаве. Добрыя стасункі з рэгіянальнымі структурамі беларускай дзяржавы, па ўсёй Беларусі нас вітаюць цёпла і гасцінна.

***

Пасля таго, як выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары, пра свае набыткі за круглым сталом расказвалі старшыні розных нацыянальных супольнасцяў Беларусі: армянскай, азербайджанскай, дагестанскай, цыганскай, польскай, украінскай, яўрэйскай. Падкрэслівалася, што ўсе яны маюць магчымасць развіваць сваю культуру, а дзяржаўныя сродкі, якія выдзяляюцца на гэтыя мэты, цяпер размяркоўваюць самі члены Кансультацыйнага міжэтнічнага савета, які працуе пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Зрэшты, у планах рэдакцыі — бліжэй пазнаёміць нашых чытачоў з гэтымі цікавымі людзьмі, якія маюць свой адметны голас у шматмоўным міжнацыянальным дыялогу на беларускай зямлі.

Падрыхтаваў Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter