На развитие животноводства делает ставку молодой директор ушачского хозяйства "Агро-Селище " Сергей Плиговка

Дырэктар ушацкага ААТ «Агра-Селішча» Сяргей Плігаўка: «Сям’я прыдае настрою ў працы»

Адна з шасці гаспадарак Ушацкага раёна — ААТ «Агра-Селішча» па плошчы і аб’ёме вытворчасці сельгаспрадукцыі рэкорднымі лічбамі пахваліцца не можа. Акцыянернае таварыства спецыялізуецца на вытворчасці малака, ялавічыны і збожжа. На палях і фермах яго занята звыш 60 працаўнікоў. Пасля далучэння часткі зямель суседняга сельгаспрадпрыемства «Кублічы» агульная плошча сельгасугоддзяў у гаспадарцы перавысіла 2600 гектараў, з якіх звыш 2000  — ворыва. З 850 галоў буйной рагатай жывёлы амаль палова дойныя каровы.


У апошнія дні мінулага года калектыў узначаліў выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Сяргей ПЛІГАЎКА. З яго прыходам сельгаспрадпрыемства стала паступова прыбаўляць. Малады кіраўнік перакананы: важна разумець, чаго хочаш і чаго патрабаваць ад падначаленых. Кожнаму кроку наперад у калектыве садзейнічае комплекс розных фактараў. Так, дзякуючы ўдасканальванню рацыёнаў дойнага статка павысіліся надоі малака. Адпаведна растуць і заробкі жывёлаводаў.

Паўтара дзясяткі ўшацкіх вёсак аб’ядноўвае ААТ «Агра-Селішча». Натуральная ўрадлівасць мясцовых зямель крыху перавышае 20 балаў, таму і ўраджайнасць сельгаскультур адпаведная. Невысокія вытворчыя паказчыкі і на жывёлагадоўчых фермах. Для падтрымкі сельгасвытворцаў у аграпрамысловым комплексе Віцебшчыны створаны магутныя інтэграцыйныя структуры. Гаспадаркі некалькіх раёнаў увайшлі ў Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне. Кіраўніцтва яго мінулагодняй вясной выдзеліла селішчанскім хлебаробам энерганасычаны трактар К-744Р. Дзякуючы такой падтрымцы сельгаспрадпрыемства першым у раёне справілася з яравой сяўбой. Але ў інтэграцыйную структуру чамусьці селішчанская гаспадарка не ўвайшла. У канцы мінулага года яе ўзначаліў 26-гадовы Сяргей Плігаўка.

— Прымаць калектыў было адказна, — прызнаецца Сяргей Аляксандравіч. — Да гэтага кіраваў заатэхнічнай службай суседняга ААТ «Дземянец». Праца на зямлі для мяне звыклая. Нарадзіўся ў Віцебску. І года мне не было, як бацькі вярнуліся на родную Лепельшчыну. Там прайшло дзяцінства. Маці Галіна Мікалаеўна загадвала малочна-таварнай фермай, бацька Аляксандр Аляксандравіч працаваў механізатарам на КСК. Здарыўся няшчасны выпадак: яго нагу заматала ў дзеючы прывад. Стаў інвалідам. Жывёлаводамі працавалі да выхаду на пенсію бабуля Валянціна і дзед Мікалай. Яны жылі побач з намі. Разам са старэйшым братам Дзмітрыем дапамагалі ім упраўляцца па хатняй гаспадарцы, на ферме. З дзедам касілі травы, стагавалі сена. Наш працавіты род Калінчыкаў у вёсцы паважалі. Мы выхоўваліся працай. Пасля заканчэння сярэдняй школы прафесію механізатара і пасведчанне вадзіцеля атрымаў у Лепельскім прафтэхвучылішчы. Вярнуўся ў вёску Стараселле. На трактары МТЗ-82 падвозіў ваду каровам на луг, падключаў перасоўную дойку. Паступіў на аграбіялагічны факультэт Белдзяржсельгасакадэміі. Завочна вучыўся і ў лепельскай гаспадарцы «Чарэйшчына» ўзначальваў малочна-таварную ферму. Летнімі вечарамі з сябрамі ездзілі ў Старасельскі клуб суседняга Ушацкага раёна. Там сустрэў Валянціну і закахаўся ў яе. Пазнаёміў са сваімі бацькамі. Тры гады мы сустракаліся. Бабуля Валянціна блаславіла нас на шлюб. Згулялі вяселле. Трох сыноў выхоўваем.

— Далёка не кожнаму выпадае ў 26 гадоў стаць шматдзетным бацькам, ды яшчэ і кіраўніком?

— Напэўна, так наканавана лёсам. Старэйшыя сыны Мацвей і Ягор — школьнікі. Іх часта бяру з сабой на поле ці ферму. Хлопчыкам такія вандроўкі даспадобы. Малодшы Сяргейка толькі падымаецца на ногі. Прыеду вечарам дамоў, а ён цягнецца, каб узяў на рукі і пажмакаў яго. Як пачнуцца зімовыя канікулы, старэйшых адвязу да бацькоў, каб жонка крыху перадыхнула. Нас, мужыкоў, у доме чатыры, а яна адна. Сям’я прыдае настрою ў працы.

— Сяргей Аляксандравіч, роўна год таму пачаліся вашы дырэктарскія будні. Чым яна насычаны?

— Самымі рознымі справамі. Гаспадарка невялікая. Вакантнымі застаюцца пасады галоўных заатэхніка, інжынера, загадчыка машыннага двара, і без некаторых галоўных спецыялістаў можна абысціся. Калі трэба, запрашаем на жывёлагадоўчую ферму былога галоўнага заатэхніка Дануту Баярчук. Яна мінулым летам пайшла на заслужаны адпачынак. Галоўным ветурачом працуе вопытны спецыяліст Віктар Рудак. Агранамічную службу ўзначальвае выпускнік Лужаснянскага дзяржсельгаскаледжа Максім Чарнабаеў. Сёлета ён паступіў на аграфак Белдзяржсельгасакадэміі. У вёсцы Селішча атрымаў дом і там жыве з сям’ёю. Мы ўсіх працаўнікоў, хто мае патрэбу, забяспечваем жыллём. Два дамы чакаюць гаспадароў. Вёс­ку ўпрыгожваюць больш дзесяці новых катэджаў.

— Працоўны калектыў у вас невялікі. Ці стае людзей на жывёлагадоўчых фермах, у механізацыі?

— Пакуль няма вострай патрэбы ў дадатковых працоўных рэсурсах. Дзесяць даярак абслугоўваюць дойны статак. Лепшыя сярод іх Алена Радзюш і Валянціна Лобашава. Яны больш як па дзесяць гадоў працуюць у жывёлагадоўлі. Загадвае МТФ Алена Бельская.

Пасля знаёмства з фермамі высветліў, што запушчана селекцыйная работа, няпоўныя рацыёны кармлення жывёлы. Галоўным было накарміць статак. З першых дзён дырэктарства загадаў выбракаваць нізкапрадукцыйных кароў і за атрыманыя ад рэалізацыі сродкі закупіць канцэнтраты. Як абагацілі кармы неабходнымі дабаўкамі, сталі павышацца надоі. Летам, калі кароў перавялі на пашавае ўтрыманне, яшчэ больш павялічылася прадукцыйнасць. Траву на выпасе пастаянна падкошвалі. Доім кароў тры разы на дзень. Плануем паміж двума кароўнікамі завяршыць будаўніцтва даільнай залы. Узводзіць яе пачалі восем гадоў таму, але з-за недахопу сродкаў працэс быў спынены.

Па тэмпах павелічэння прадукцыйнасці дойнага статка ўступаем у раёне толькі філіялу «Маяк-Ушацкі» ААТ Полацкі КХП. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана 26 цэнтнераў кармавых адзінак. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года валавы надой дасягнуў 112 працэнтаў. Надой ад кожнай з 365 кароў сёлета павялічыўся больш як на паўтоны. Рэалізуем малако на Полацкі малочны завод. У перспектыве з мэтай эканоміі працоўных рэсурсаў і зніжэння затрат добра было б усталяваць робаты. Значныя перамены пачынаюцца з малога.

На жывёлагадоўчай ферме «Баяршчына» ўтрымліваем кормнікаў. Гадуем іх да 100 кілаграмаў і перадаём на дарошчванне філіялу «Маяк-Ушацкі» Полацкага КХП. Для нас гэта эканамічна нявыгадна. Настроены арганізаваць на фермах поўны цыкл утрымання кормнікаў да здачы на мясакамбінат.

Механізатараў таксама хапае. За кожнай адзінкай тэхнікі замацаваны пэўны чалавек. Сёлета збожжавыя ўбіралі тры камбайны. У канцы лета па лізінгу атрымалі зернеўборачны камбайн КЗС-1218. Кіраўніцтва раёна абяцае дапамагчы новай тэхнікай. Нам патрэбны энерганасычаныя трактары. Без іх не можам выкарыстоўваць на палях закупленыя сеялкі АПП-6. Вясною ў абмен на насенне свірэпіцы набылі ў Стаўбцоўскім раёне трактар «Кіравец». Да нашых зямель сёлета далучылі 600 гектараў суседняй гаспадаркі «Кублічы». Для апрацоўкі дадатковых плошчаў неабходна тэхніка.

— Сяргей Аляксандравіч, якія метады кіравання ў вас у прыярытэце?

— Галоўнае — умець ладзіць з людзьмі. Не прыхільнік жорсткіх метадаў. Імкнуся добрым словам падбадзёрыць чалавека, настроіць на пазітыў. Пераважная большасць падначаленых мяне разумеюць. Але ёсць і такія — пакуль не павысіш голас, нічога не атрымліваецца.

— За год працы набылі ўпэўненасць у дырэктарстве?

— Напачатку было складана. Шмат чаго не ведаў. Даводзілася спасцігаць некаторыя тонкасці тэхналогій. Калі пачаліся першыя станоўчыя зрухі, з’явілася ўпэўненасць. Хачу адзначыць, не толькі на нашых фермах, а і ў іншых гаспадарках Віцебшчыны таксама не лепш абстаяць справы з селекцыяй жывёлы. Таму і эфектыўнасць галіны адпаведная. Гэта праблема дзяржаўнай важнасці. А пачынаць можна з самага простага. Вось мы ўзяліся дойны статак папаўняць сваім маладняком. Для ўтрымання яго на свежым паветры набылі спецыяльныя хаткі. Прыплод пасля ацёлаў месяц трымаем у прафілакторыі, а потым пераводзім у гэты лагер. Цяляткі загартоўваюцца, хутчэй развіваюцца і менш хварэюць. Сутачныя прыбаўленні ў вазе павялічваюцца.

— Цудоўна, калі ўсё ў працы ладзіцца. А не баіцеся, што будуць зайздросціць?

— Звычайна зайздросцяць лянівыя, калі самі не змогуць чагосьці дабіцца. У наш час цудоўныя магчымасці праявіць сябе ў любой справе. Толькі не шкадуй старання і кроч да пастаўленай мэты. Бацькі нас з братам выхоўвалі так, каб поспеху дабіваліся самі. Вось мне давераны лёсы людзей. Імкнуся зрабіць усё, каб падначаленым працавалася ў радасць і жылося добра. Даводзіцца быць інжынерам, механікам, заатэхнікам, спецыялістам іншых прафесій. Зараз, калі механізатары заняты рамонтам тэхнікі, трэба забяспечваць запчасткамі машынна-трактарны парк. Прый­дзе вясна, і клопатаў дадасца. Для хлебаробаў пачнецца новы віток барацьбы за ўраджай.

— Хлебароб для вас гэта…

— Той, хто стварае харчовую бяспеку краіны. Мае аднакурснікі па сельгасакадэміі працуюць у розных кутках Беларусі. Мы падтрымліваем сувязь. Цікавімся справамі. Імкнуся ў сяброў пераняць лепшае. На Пружаншчыне, дзе галоўным заатэхнікам адной з гаспадарак працуе аднакурснік Сяргей Уроніч, сярэднегадавы надой малака ад каровы перавышае 8000 кілаграмаў. Спадзяюся і веру, што і нашы жывёлаводы дасягнуць гэтага рубяжа. На Віцебшчыне багатая кармавая база і патэнцыял развіцця галіны перспектыўны.

— Ваша жыццёвае крэда?

— Не спыняцца на дасягнутым і крочыць уперад, каб дабіцца пастаўленай мэты. Настроены вывесці гаспадарку ў лепшыя не толькі ў раёне, а і ў вобласці. Калектыў адчувае станоўчыя зрухі. Гэта стымулюе больш аддана працаваць, нарошчваць аб’ёмы прадукцыі, раўняцца на перадавікоў. Не шкадую, што выбраў прафесію хлебароба. Праца на зямлі нялёгкая, але пачэсная.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter