Духоўна блізкія людзі

Восьмы, жнівеньскі нумар беларускага літаратурна-мастацкага часопіса “Нёман” прысвечаны сучаснай таджыкскай літаратуры
Восьмы, жнівеньскі нумар беларускага літаратурна-мастацкага часопіса “Нёман” прысвечаны сучаснай таджыкскай літаратуры


Паэтэса Людміла Запольская

“Доказам духоўнай блізкасці таджыкаў і беларусаў з’яўляецца і тое, што яны пасля прымусовага распаду саюза брацкіх савецкіх народаў захавалі пачуццё дружбы і шчырай сімпатыі адзін да аднаго,” — гаворыць у сваёй прадмове да “таджыкскага” выпуска часопіса “Нёман” старшыня Саюза пісьменнікаў Таджыкістана паэт і перакладчык Нізом Касім. Можна лічыць, што выхад такога выдання — яшчэ адна важная падзея ў развіцці беларуска-таджыкскіх літаратурных стасункаў. А нядаўна ў Выдавецкім доме “Звязда” прэзентавалі “беларускі” выпуск часопіса “Памир”. Тады, расказваючы пра творчы праект, Пасол Таджыкістана ў Беларусі Казідаўлат Каімдодаў назваў стасункі паміж пісьменнікамі дзвюх краін сапраўдным мастом дружбы і шчырага сяброўства, выразным прыкладам літаратурнай дыпламатыі паміж нашымі народамі. 

Поруч з творамі Нізома Касіма ў “Нёмане” друкуюцца вершы і проза Фарзоны, Ато Хамдама, Абдулхаміда Самадава, Гулназара Келдзі, Муміна Канаата, Джумы Кудуса, Мухамада Гойіба, Аскара Хакіма, Мансура Суруша, Рустама Вахоба, Кухзода, Раўшана Махсумзода, Маджыда Саліма. Адкрыццём “таджыкскага” выпуска можна лічыць публікацыю падборкі вершаў Людмілы Запольскай — нашай супляменніцы, дзед якой родам з Магілёўшчыны. Аповед пра цяжкі лёс беларуса, удзельніка вайны ў артыкуле-прадмове да публікацыі Івана Ждановіча ўражвае, прымушае задумацца, чаму пасля вайны многія з нашых суродзічаў аказаліся за межамі Бацькаўшчыны. Будзем спадзявацца, зварот да гэтага лёсу нагадае беларусам, раскіданым па свеце, што іх вяртанне — няхай сабе і ў выглядзе публікацыі ў друку ці віртуальнай згадкай у інтэрнэце — патрэбна і Беларусі, іх гістарычнай Айчыне. Спадзяемся, Людміла Запольская, адчуваючы падтрымку яе творчасці, будзе і далей плённа працаваць з паэтычным словам.

Сярод аўтараў часопіса — і Мумін Канаат. Яго творчасць даўно цікавіць перакладчыкаў паэзіі. Вершы паэта неаднойчы друкаваліся па-беларуску. Мумін Канаат прыязджаў у свой час у Мінск, каб уручыць народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву Прэмію Нурэкскай ГЭС. Дарэчы, такая ўзнагарода была прыдумана рабочымі гідраэлектрастанцыі, калі маскоўскі часопіс “Дружба народов” сумесна з калектывам ГЭС заснаваў у Нурэку бібліятэку кніг з аўтографамі. Пісьменнікі з розных куткоў Саюза дасылалі ў яе свае творы. Ёсць у тых зборах кнігі Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі... А лепшым аўтарам “Дружбы народов” уручалася Прэмія Нурэкскай ГЭС. 

Некаторыя творы таджыкскіх аўтараў “Нёмана” пераклаў на рускую мову Леанід Чыгрын. Ён родам з Віцебшчыны, з 1942 года. Пасля вайны патрапіў у Таджыкістан, там жыве і працуе. Аўтар многіх раманаў, большасць з якіх напісаны ім у сааўтарстве з Ато Хамдамам. Іх кнігі перакладзены на розныя мовы свету, выдадзены ў Турцыі, Кітаі, Італіі, а таксама — у Беларусі. “Мы ўдзячны беларускім літаратарам за такі творчы праект, за моцную дружбу, — сказаў з нагоды выхаду “таджыкскага” нумара “Нёмана” Ато Хамдам. — Я часта прыязджаю ў Беларусь, удзельнічаю ў круглых сталах беларускіх і замежных пісьменнікаў у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, у лютаўскім сімпозіуме “Пісьменнік і час”. І штораз вязу ў Душанбэ новыя рукапісы, мастацкія ідэі. У апошнія гады мы выдалі на таджыкскай мове кнігі Алеся Бадака, Юрыя Сапажкова, Георгія Марчука, Міколы Мятліцкага, Марыі Рудовіч. І анталогію сучаснай беларускай літаратуры “Вячэрняе вогнішча”. То можа наспела патрэба ў стварэнні сумеснага беларуска-таджыкскага літаратурна-мастацкага часопіса? І выдаваць яго можна на трох мовах: беларускай, таджыкскай, рускай. Карысць у справе паяднання народаў ад таго была б надзвычай вялікая”.

Алесь Карлюкевіч 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter