Напамінкам пра тое, што знакаміты стваральнік мовы эсперанта Людвік Заменгоф жыў у Гродне, доўгія гады служыла толькі мемарыяльная дошка на фасадзе старадаўняга будынка.

Доктар Эсперанта

Напамінкам пра тое, што знакаміты стваральнік мовы эсперанта Людвік Заменгоф жыў у Гродне, доўгія гады служыла толькі мемарыяльная дошка на фасадзе старадаўняга будынка.
Напамінкам пра тое, што знакаміты стваральнік мовы эсперанта Людвік Заменгоф жыў у Гродне, доўгія гады служыла толькі мемарыяльная дошка на фасадзе старадаўняга будынка. Сам жа дом Доктара Эсперанта, як яго называюць ва ўсім свеце, ужо дзясятак гадоў стаяў закінутым. Спыніць разбурэнне гістарычнай каштоўнасці два гады назад вырашыў мясцовы прадпрымальнік Мікалай Шамін. Гарадзенца зацікавіў лёс незвычайнага чалавека, які там жыў. Пасля рэканструкцыі дома, максімальна захаваўшы яго аўтэнтычнасць, Мікалай мае намер адкрыць экспазіцыю, прысвечаную стваральніку і па гэты час жывой мовы. 

The house  of Ludwik Zamenhof in Grodno
Дом Людвіка Заменгофа ў Гродне

Людвік Заменгоф (па-руску яго звалі Лазарь Маркович) нарадзіўся ў 1859 годзе ў шматнацыянальным Беластоку, які на той час знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі. Роднай мовай ён называў рускую, але з дзяцінства свабодна валодаў яшчэ польскай і нямецкай, а на працягу жыцця вывучыў восем іншых моў. Сама сямейная атмасфера, у якой ён рос, спрыяла лінгвістычным схільнасцям. Бацька Маркус Заменгоф і дзядзька Ёзэф былі настаўнікамі моў, знаўцамі літаратуры і паліглотамі. 

Людвік з ранняга юнацтва марыў даць людзям агульную, усім зразумелую мову, каб пераадолець адчужэнне паміж народамі. Распрацоўкай універсальнай мовы ён пачаў займацца яшчэ школьнікам і гэтай ідэі прысвяціў усё жыццё. 

Ажыццяўленне мары запатрабавала не толькі часу, але і настойлівасці: сшытак Людвіка з першым праектам міжнароднай мовы бацька кінуў у печку — маўляў, трэба займацца сапраўднай справай, а не фантазіямі. Таленавіты сын потым будзе вучыцца ў двух універсітэтах — Варшаўскім і Маскоўскім, адбудзецца як урач-акуліст, але ідэі не кіне. Першыя накіды ён скончыць да свайго васямнаццацігоддзя. А да 1885 года Заменгоф напіша падручнік, праз два гады выдасць чатыры брашуры на рускай, польскай, нямецкай і французкай мовах. 

Аўтар возьме псеўданім Доктар Эсперанта, што ў перакладзе з распрацаванай ім жа мовы азначае “той, хто спадзяецца”. 

Новая мова хутка стала папулярнай. Ужо ў 1888 годзе было створана першае таварыства эсперантыстаў — са сваёй штомесячнай газетай. 

Пачатковы перыяд у гісторыі эсперанта невыпадкова называюць рускім, паколькі менавіта на прасторах Расійскай імперыі жыло больш за ўсё яго карыстальнікаў. І першым літаратурным перакладам на эсперанта стала апо­весць Пушкіна “Мяцеліца”. Ёю захапіліся і яе прапагандавалі свяцілы навуковай і літаратурнай думкі, у тым ліку і Леў Талстой. З Расіі папулярная мова масава распаўсюдзілася ў Францыі, і ў жніўні 1905 года там адбыўся першы сусветны кангрэс эсперанта, на якім сабралася каля 700 эсперантыстаў з 20 краін. 

У Гродна Людвік Заменгоф перабраўся з сям’ёй у 1893 годзе. У доме на адной з вуліц старога горада, дзе пра­жыў чатыры гады, ён адкрыў сваю прыватную клініку, у якой практыкаваў як акуліст і працягваў працаваць над галоўнай справай свайго жыцця. 

Колькі сёння ў свеце эсперантагаворачых людзей, сапраўды падлічыць цяжка. Паводле некаторых ацэнак, іх да 20 мільёнаў. На штогадовыя сусветныя кангрэсы збіраюцца тысячы ўдзельнікаў. Магчыма, знаўцаў мовы, якая аб’ядноўвае розныя народы, дарогі прывядуць і ў Гродна, дзе жыве памяць пра Доктара Эсперанта. 

Алена Сямёнава 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter