Прэс-канферэнцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы, прысвечаная факсімільнаму перастварэнню Тураўскага Евангелля

Добрая вестка з Турава

Калі вядомы цяпер вучоны Пётр Лысенка раскопваў гарадзішча над Прыпяццю з аднаго боку, тураўскі хлопчык Аляксандр Швец “даследаваў” яго з іншага. Цяпер жа на карысць Бацькаўшчыны яны папрацавалі разам.
Іван Ждановіч

Калі вядомы цяпер вучоны Пётр Лысенка раскопваў гарадзішча над Прыпяццю з аднаго боку, тураўскі хлопчык Аляксандр Швец “даследаваў” яго з іншага. Цяпер жа на карысць Бацькаўшчыны яны папрацавалі разам.

turov3.png

Фрагменты “Тураўскага Евангелля” вярнуліся на Бацькаўшчыну ў факсімільным выданні


На пачатку нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы, прысвечанай факсімільнаму перастварэнню Тураўскага Евангелля, адбылася вельмі сімвалічная сустрэча. Вітаючы вядомага гісторыка Пятра Лысенку, старшыня Апякунскага савета бібліятэкі, кіраўнік Прадстаўніцтва кампаніі Xerox у Беларусі Аляксандр Швец жартаваў: мы ж разам, Пётр Фёдаравіч, у 60-70-я гады капалі старажытнае Тураўскае гарадзішча! Дарма спрабаваў успомніць “калегу” па археалагічых раскопках Пётр Фёдаравіч. Бо капалі, аказваецца, тураўскія хлопчыкі не ў складзе акадэмічнай экспедыцыі. І шмат чаго знаходзілі! Як прызнаўся Аляксандр Іосіфавіч, перад паступленнем ў сувораўскае вучылішча ён перадаў у родную школу ладную скрынку з каштоўнасцямі — у асноўным старыя манеты, у тым ліку і з арабскай вяззю, знойдзеныя па берагах Прыпяці пасля дажджоў ці паводак. На жаль, тых скарбаў цяпер у школе няма…

А вось яшчэ большую каштоў­насць — фрагменты знакамі­тага Ту­раўскага Евангелля XI стагоддзя — прызнаны вучоны і колішні тураўскі хлапчук, патомны дрыгавіч па крыві, цяпер ужо былы афіцэр і паспяховы бізнесмэн Аляксандр Швец вярнулі Бацькаўшчыне разам. Чым не прыклад для іншых, як трэба, дбаючы пра свой уласны дабрабыт, спрыяць значным культурна-адукацыйным праектам на супольную карысць!

turov2.pngЯк вядома, Тураўскае Евангелле-апракас, ці Тураўскія лісткі — бо з яго захаваліся толькі фрагменты, 10 лістоў — было створана ў XI стагоддзі, напісанне тэкстаў — кірыліцай. Захоўваецца цяпер гэты ўнікальны помнік беларускай культуры ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Гэта, сцвярджаюць спецыялісты, адзін з найстаражытнейшых помні­каў славянскага пісьменства. Цікава, што знойдзены рарытэт быў у Тураве ў 1865 годзе… у скрыні з-пад вугалю. Рукапіс, адшуканы двума ўдзельнікамі археаграфічнай экспе­дыцыі, настаўнікамі з Вільні, паступіў у Віленскую Публічную бібліятэку, быў вывучаны і выдадзены.

У 1868 годзе выйшла хромалітаграфічнае выданне Евангелля, а ў 1869-м — даследаванне тэксту, падрыхтаванае П. Гільтэбрантам. У 1876-м выдалі яго і ў Санкт-Пецярбурзе.
Але ў новым часе — новыя тэхналогіі. І цяпер не з апісанняў, а на свае вочы мы можам пабачыць, што гэта такое: факсімільна пераствораныя  фрагменты Тураўскага Евангелля. Пададзены яны з грунтоўным, цікава выкладзеным нарысам акадэміка Пятра Лысенкі па тураўскай гісторыі, і па гісторыі яго археалагічных раскопак у Тураве ў тым ліку.

На прэс-канферэнцыі першым слова меў прафесар, доктар педагагічных навук, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі. Ён падзякаваў Апякунскаму савету бібліятэкі і непасрэдна прадстаўніцтву кампаніі Xerox у Беларусі за тое, што пры іх падтрымцы, дзякуючы руплівым людзям з’явіцца на паліцах шэрагу беларускіх бібліятэк такі каштоўны том. “Як вядома, асноўнае прызначэнне Нацыянальнай бібліятэкі — захаваць кніжную, дакументальную, духоўную спадчыну народа, — гаварыў  Раман Сцяпанавіч. — Падобныя бібліятэкі ў іншых краінах ствараліся на падмурку буйных кніжных калекцый, якія зберагаюць нацыянальную спадчыну. Раней і беларускія кнігасховішчы былі, ды яны не ацалелі. І цяпер адна з нашых задач — вяртаць кніжную спадчыну ў Беларусь”.

Аднак вяртаць арыгіналы, што ў час розных гістарычных варункаў “развеяліся” па ўсім свеце, практычна немагчыма: амаль усе тыя рарытэты цяпер — у дзяржаўных кнігасховішчах. І нават дружалюбныя нам дзяржавы не аддаюць і не прадаюць такія каштоўнасці. На прыватным рынку іх амаль не знойдзеш. “А вось рабіць факсімільныя копіі сёння магчыма, у гэтым кірунку мы і працуем, — казаў Раман Матульскі. — Ёсць шмат розных праектаў. Найлепш ідзе справа з аднаўленнем духоўнай спадчыны, сведчанняў глыбокіх права­слаў­ных традыцый на Бела­русі. Першай спробай стала “Слуцкае Евангелле” (канец ХVІ ст.) — кніга пабачыла свет у выдавецтве Беларускага экзархата БПЦ, удзельнікі праекта атрымалі прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Нядаўна было перастворана “Полацкае Евангалле” (ХІІ ст.). І вось вяртаецца “Тураўскае Евангелле” — найстарэйшая кніга з вядомых цяпер на Беларусі, што часткова збераглася. Лісты Евангелля кампанія Xerox выкупіла — у лічбавай копіі, з правам друку. Выданне выходзіць з навуковымі каментарамі, кніга вяртаецца на Бацькаўшчыну тыражом 500 экзэмпляраў, зойме пачэснае месца на паліцах беларускіх бібліятэк. Гэта стала магчымым дзякуючы праекту па факсімільным узнаўленні помнікаў пісьменства беларускай даўніны”. 

turov.pngКіраўнік Прадстаўніцтва кампаніі Xerox, старшыня Апякунскага савета Нацыянальнай бібліятэкі  Аляксандр Швец нагадаў: у параўнанні з той вялікай гісторыяй, што маюць беларусы, друкаваных помнікаў у нас збераглося вельмі мала. Адбылося тое ў сілу розных гістарычных прычын. “Тураўскае Евангелле” — гэта помнік гісторыі нашай краіны па значнасці ніколькі не меншы, чым Мірскі замак ці Замак Радзівілаў у Нясвіжы ды іншыя, — упэўнены Аляксандр Іосіфавіч. — Толькі гэта помнік адметны, бо ён — кніжнай культуры. Тыя лісты, што цудам ацалелі ў хвалях часу, дапамагаюць удумлівым людзям глыбей адчуць глыбіні нашай духоўнасці, гісторыі, нашу гістарычную місію. Па сутнасці, гэта — адзін з краевугольных помнікаў нашай гісторыі”.

Аляксандр Швец дадаў, што лічыць за вялікі гонар паўдзельнічаць у такім праекце, бо сам родам з Турава. “Усе добрыя справы — добрыя ў розных плоскасцях і вымярэннях, — па-філасофску заўважыў мецэнат. — Спадзяюся, выданню будзе наканавана доўгае і шчаслівае жыццё. І што кожны, хто пажадае, возьме з яго шмат новага і цікавага. Хацелася б, каб яго патрымалі ў руках школьнікі, студэнты і ўсе, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, дбае пра будучыню Бацькаўшчыны”. Асаблівую ўдзячнасць Аляксандр Швец  выказаў Пятру Лысенку, які напісаў грунтоўны нарыс у новае выданне.

Працу па перастварэнні фрагментаў Тураўскага Евангелля блаславіў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел.  Сапраўдным святам назваў завяршэнне працы, што доўжылася амаль 5 гадоў, кандыдат культуралогіі, адказны рэдактар факсімільнага выдання, намеснік дырэктара НБ па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. Кніга будзе прэзентавацца  пад час Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі, трапіць на паліцы бібліятэк устаноў навукі, культуры і адукацыі.

Выпуск Тураўскага Евангелля — гэта ўжо другі сумесны праект кампаніі Xerox і Нацыянальнай бібліятэкі: віленскі “Буквар” 1767 года быў перавыдадзены імі супольна двума гадамі раней.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter