Якія яшчэ паслабленні чакае бізнес ад уладаў

Добра, але мала

Практычна ўвесь мінулы год наш бізнес пражыў у чаканні змен заканадаўства. Мінэканомікі пастаянна падагравала цікавасць да тэмы, падкрэсліваючы, што зараз усё будзе зусім па-іншаму. Так яно і выйшла. Адкрыць і развіваць сваю справу цяпер, напэўна, прасцей, чым калі-небудзь. Але многія праблемныя пытанні, на думку прадпрымальнікаў, вырашаныя не да канца. Чаго яшчэ не хапае бізнесу, стала вядома з нядаўна праведзенага апытання.

Мала адкрыць сваю справу, патрэбны яшчэ і спрыяльныя ўмовы для існавання.
фота actioncoach.co.za

Задаволены не ўсім

Малы і сярэдні бізнес, індывідуальныя прадпрымальнікі традыцыйна лічацца важнай часткай эканомікі любой краіны. У развітых дзяржавах да 99% усіх кампаній — гэта малыя і сярэднія прадпрыемствы (МСП). Менавіта ў іх фармiруецца 50—60% дабаўленай вартасці і занята 70% работнікаў.

У нашай краіне ўдзельная вага МСП у ВУП і дабаўленай вартасці склала ў 2016 годзе 23,5 і 27,5% адпаведна, павялічыўшыся нязначна ў параўнанні з 2010-м (на 4,6 і 5,7 працэнтнага пункта). Доля МСП у сярэдняй колькасці работнікаў таксама практычна не змянілася за гэты перыяд і знаходзілася на ўзроўні 32—32,8%. Напрыклад, у Польшчы і Чэхіі ўклад малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў дабаўленую вартасць складаў 53—54%, а ў Латвіі і Літве — 70%, на гэтых прадпрыемствах працавала ад 68 да 79% ад агульнай колькасці занятых.

Нават у перыяд эканамічнага росту 2010—2014 гадоў колькасць малых прадпрыемстваў павялічвалася вельмі ўмеранымі тэмпамі (на 6% за чатыры гады), а затым стала скарачацца і практычна вярнулася да ўзроўню 2010-га.

Даследчы цэнтр ІПМ нядаўна апублікаваў вынікі чарговага апытання малога і сярэдняга бізнесу. Эканамісты цэнтра Ірына Тачыцкая і Глеб Шымановіч супаставілі гэтыя звесткі з прагрэсам у рэйтынгу «Вядзенне бізнесу» і мерамі, прадугледжанымі новым пакетам па лібералізацыі бізнес-асяроддзя.

Аказалася, што апытаныя прадпрыемствы ў цэлым станоўча ацэньвалі змены ва ўмовах рэгістрацыі бізнесу, атрыманне дазволаў, ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур. Гэта цалкам адпавядае вынікам даследавання Сусветнага банка, якія таксама гавораць аб значным скарачэнні адміністрацыйных выдаткаў для бізнесу.

Аднак па іншых аспектах даследчыкі зафіксавалі разыходжанні ў ацэнках змяненняў, што адбыліся:

— Бізнес хутчэй негатыўна ацэньваў змены ў падаткаабкладанні, даступнасці крэдытавання, ва ўмовах ажыццяўлення знешнегандлёвых здзелак, у той час як Сусветны банк адзначаў пэўныя паляпшэнні. Магчыма, гэта звязана з тым, што дадзеныя паляпшэнні не прыводзілі да зніжэння падатковага цяжару для МСП і не палягчалі атрыманне крэдытаў. Да таго ж негатыўнае ўспрыманне МСП умоў вядзення бізнесу ў апытаннях было звязана з пагаршэннем адзнак па паказчыках «умовы арэнды», «памер штрафаў» і «абарона правоў уласнасці». Яны не адлюстроўваюцца ў рэйтынгу «Вядзенне бізнесу», але аказваюць істотны ўплыў на ўстойлівасць працы прадпрыемстваў.

Іншымі словамі, бізнес лічыць, што вельмі адчувальныя бар’еры, звязаныя з арэндай нерухомасці, падатковай нагрузкай і абмежаваннем канкурэнцыі, практычна былі не закрануты пакетам дакументаў па лібералізацыі.

Ад малога да сярэдняга

У сваім даследаванні эканамісты раз-пораз спасылаюцца на адно важнае назіранне. Зыходзячы з дынамікі колькасці арганізацый, за апошні час не назіраўся пераход ад мікрапрадпрыемстваў да малых і ад іх да сярэдніх:

— Адсутнасць прыкмет функцыянавання мадэлі стадый росту для МСП і наяўнасць толькі слабага павелічэння ролі гэтага сектара ў эканоміцы Беларусі назіраліся, нягледзячы на спрыяльныя змены ў дзелавым клімаце. У рэйтынгу «Вядзенне бізнесу» Беларусь паднялася са 110-га месца ў даследаванні 2008 года да 38-га ў справаздачы за 2018-ы.

У бізнесу застаюцца старыя страхі: што калі пачну працаваць, а потым падаткі з’ядуць увесь прыбытак?
фота canacopegdl.com

Але нават шырокія меры па лібералізацыі бізнес-клімату могуць аказацца недастаткова эфектыўнымі з-за захавання асобных бар’ераў, якія могуць быць нешматлікімі, але ўсё роўна непераадольнымі для бізнесу. Менавіта гэты страх па звычцы застаецца ў розумах прадпрымальнікаў да цяперашняга часу. І нават лібералізацыя не змагла развеяць такія страхі.

Для прадпрыемстваў, якія ўжо даўно працуюць на рынку, больш жаданымі застаюцца змены не ўмоў рэгістрацыі, а канкрэтных радкоў іх выдаткаў: гэта ў асноўным арэнда і штрафы. Крыху менш нараканняў на падатковы цяжар, паколькі Дэкрэт № 7 увёў мараторый да 2020 года на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў і збораў (пошлін).

Дакумент таксама абавязаў Урад распрацаваць меры па спрашчэнні падатковага адміністравання і зніжэнні падатковай нагрузкі пры стварэнні новых працоўных месцаў. Але тут і праўда ёсць да чаго імкнуцца і што мяняць: агульная стаўка падаткаў і ўзносаў у працэнтах ад прыбытку складае 59,2% і істотна перавышае сярэдні паказчык па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі (33,1%).

Крэдыты і канкурэнцыя

Жорсткая макраэканамічная палітыка апошніх гадоў істотна знізіла праблему інфляцыі і ваганняў абменнага курса, значнасць якой у 2017 годзе заўважала 38,7% рэспандэнтаў, а ў 2016-м — 61,7%:

— У выпадку захавання нізкіх тэмпаў інфляцыі і ў далейшым верагодна таксама зніжэнне вастрыні праблемы даступнасці банкаўскага крэдытавання. Аднак важным бар’ерам, ліквідацыя якога звязана не з макраэканамічнай палітыкай, а з дзяржаўным рэгуляваннем, з’яўляецца даступнасць арэнднай нерухомасці. Чаканыя змены ў заканадаўстве толькі збольшага вырашаюць дадзеную праблему для мікрабізнесу, пашыраючы магчымасці працы дома.

Многія рэспандэнты застаюцца таксама незадаволенымі абмежаваннем канкурэнцыі. Гэта павінна быць сігналам для Урада, што далейшыя намаганні па паляпшэнні бізнес-асяроддзя павінны быць накіраваны на «стварэнне роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання розных форм уласнасці».

kuletski@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter