У Мінску распачаўся ЮНЕСКАўскі год Лявона (Льва) Бакста: мастак нарадзіўся ў Гродне ў 1866 годзе

Доўгі шлях на радзіму

У Мінску распачаўся ЮНЕСКАўскі год Лявона (Льва) Бакста: мастак нарадзіўся ў Гродне ў 1866 годзе
У Мінску распачаўся ЮНЕСКАўскі год Лявона (Льва) Бакста: мастак нарадзіўся ў Гродне ў 1866 годзе


Л. Бакст. Аўтапартрэт
Для мяне асабіста знаёмства з творчасцю суайчынніка пачалося ў 1982 годзе. Атрымаўшы тады двухмесячную стыпендыю ЮНЕСКА на пошукі беларушчыны ў англійскіх бібліятэках і музеях, я апынуўся ва ўніверсітэцкім Оксфардзе, там аказалася нямала нашых культурных памятак. І там, гартаючы старонкі часопіса “Oxford Slavonic Papers”, натрапіў на звесткі: у мясцовым Ашмалейскім музеі захоўваецца звыш дзесяці малюнкаў “партрэтыста, ілюстратара Леана (!) Бакста” (1866—1924). Самым істотным у інфармацыі мне падалося тое, што нарадзіўся ён у Гродне. Чаму ж, падумалася мне, пра такога суайчынніка я нічога не чуў?

Заснаваны Э. Ашмолам яшчэ ў 1683 годзе музей — другі па значнасці ў Вялікабрытаніі. Побач з дзясяткамі егіпецкіх мумій і грэчаскіх статуй, з палотнамі Левітана і Сярова, Бенуа і Рэрыха ўпершыню пабачыў я творы Бакста. У блакноце пра яго запісаў, а потым змясціў у кнізе “З літаратуразнаўчых вандраванняў” (1987) радкі: “Асабліва прывабліваюць яго партрэт Андрэя Белага з дапытлівымі і сумнымі вачыма і малюнак “Айседора Дункан у танцы”. Лаканічна, некалькімі энергічнымі штрыхамі перададзены жаноцкасць, цялеснасць, але і рашучасць славутай актрысы, якая адыграла значную ролю ў жыцці некаторых рускіх паэтаў”. Выходзячы з музейнага будынка, купіў паштоўку пад нумарам 160, якая і цяпер ёсць у маёй філакартычнай калекцыі.

Сярод “пошукавых” пытанняў, што трывожылі мяне пасля ў Мінску, было і такое: няўжо пра Бакста нічога не сказалі савецкія мастацтвазнаўцы? У галоўнай беларускай бібліятэцы знайшоў толькі што выдадзеную ў Ленінградзе манаграфію С. Галынца “Л. С. Бакст”. У ёй вельмі цьмяна гаварылася пра беларускія карані мастака. А ў наборы з 16 паштовак-рэпрадукцый з яго твораў, выдадзеным там жа ў 1986-м, у анатацыі нічога не сказана пра яго паходжанне. У суправаджальных тэкстах ён называецца і Леанам, і Львом... У 2-м томе “Беларускай энцыклапедыі” (1996) ніяк розначытанні не растлумачаны.

То як нам называць сусветна вядомага суайчынніка? Пэўна, рацыю мае Міністэрства замежных спраў, якое свае навагоднія віншаванні суправадзіла невялікім артыкулам пра Бакста. Там падкрэслена: ён належыць адразу тром культурам — беларускай, рускай і французкай. А называны мастак Лявонам. На маю думку, найбольш лагічна  і справядліва будзе называць яго ў беларускіх крыніцах Лявонам (Львом).

Сёлета ў Нацыянальным мастацкім музеі ўрачыста адкрылася выстава “Час і творчасць Льва Бакста”. Яна аб’ядноўвае звыш 200 твораў мастакоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: як уласных, так і пазычаных у іншых краінах. Гэта палотны самога юбіляра, вядомых і малавядомых паплечнікаў яго па знакамітай Парыжскай школе: Зарфіна, Кікоіна, Крэменя, Любіча, Цадкіна. Ёсць творы вядомых рускіх майстроў Валошына, Врубеля, Несцерава, Сярова. Ёсць і нашы суайчыннікі: сын і жыхар Валожыншчыны Фердынанд Рушчыц, насельнік Іванава на Палессі Напалеон Орда, які аб’ездзіў Бацькаўшчыну ды ўвекавечыў добрую сотню архітэктурных помнікаў беларускай зямлі. У Віцебску доўгі час працаваў і ўзначальваў народнае мастацкае вучылішча Мсціслаў Дабужынскі, а ў Мінску, у сваіх блізкіх сваякоў несумненна бываў літоўскі мастак і кампазітар Мікалоюс Чурлёніс.

На адкрыццё выставы з такога выключнага мастацкага багацця тлумна сабралася дзяржаўная, эканамічна-фінансавая, навуковая эліта. Гаварылі: міжнародная падзея ўпрыгожвае нацыянальны Год культуры. Гучалі віншаванні тром галоўным арганізатарам свята. Першы з іх — старшыня праўлення Белгазпрамбанка з 2001 года Віктар Бабарыка. Адзін з выступоўцаў назваў яго беларускім Траццяковым. Імкнучыся пашырыць і паскорыць утварэнне беларускага сярэдняга класа, зрабіць яго як заможным, так і багатым інтэлектуальна, ён прадумана арганізаваў на радзіме і за мяжой, пераважна ў Парыжы, закупку “з першых рук” ажно 80-і (цэлы музей!) карцін і гравюр, якія, будучы пастаўленымі на банкаўскі баланс, выстаўляючыся ў краіне ды замежжы прыбаўляюць у цане. А з часам стануць (пра тое таксама гаварылі) асноваю першага ў Мінску дзяржаўна-прыватнага ці прыватна-дзяржаўнага музея. Згадвалася, што за ўсё гэта Белгазпрамбанк атрымаў, даючы прыклад іншым, намінацыю “Мэцэнат культуры — 2015”, але самому Віктару Бабарыку лепш падабаецца назва “партнёр” (тых жа музеяў).


На выставе “Час і творчасць Льва Бакста” ў  Нацыянальным мастацкім музеі

Віншаванні накіроўваліся і дыпламату, культуролагу, пісьменніку (аўтар п’есы пра Міхала Клеафаса Агінскага) Уладзіміру Шчаснаму, які цяпер у Белгазпрамбанку займаецца сувязямі з грамадскасцю. Калі б у свой час ён не быў цесна звязаны з ЮНЕСКА, з Парыжам, не захапляўся мастацтвам у цэлым і жывапісам у прыватнасці, не напісаў бы і не выдаў кнігу-даведнік пра ролю ўраджэнцаў Беларусі ў Парыжскай школе, то, пэўна, і не было б сённяшняй шматпланавай выставы з Лявонам Бакстам у цэнтры.

Урэшце арганічна і па-дзелавому ў інтэлектуальны “трыумвірат” увайшоў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея і таксама мастак Уладзімір Пракапцоў. Гэта ён разам з “Белгазпрамбанкам” наладзіў дзве папярэднія і такія ж паспяховыя выставы “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” ды “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, ён быў экспертам у многіх закупках банка, гэта ў запасніках яго музея яны цяпер захоўваюцца паміж выставамі.

Выстава “Час і творчасць Льва Бакста” працягнецца ў Мінску да 17 красавіка. А потым яе чакаюць у Гродне, дзе юбіляр нарадзіўся 9 мая 1866 года, а таксама ў Рызе і Вільнюсе.

І апошняе. Толькі што ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” пабачыў свет першы ў Беларусі альбом, прысвечаны нашаму суайчынніку. У друку з’явіліся першыя на яго рэцэнзіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter