Дэпутаты Мінгарсавета прынялі рашэнне аб прысваенні назваў новым вуліцам і перайменаванні старых

Так, вуліца Берсана будзе насіць імя Эдварда Вайніловіча, паведамляе БЕЛТА. Як расказаў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віктар Кураш, з такой прапановай у Мінгарсавет звярнуўся ксёндз-магістр, пробашч Мінскага касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Эдвард Вайніловіч быў вядомым грамадскім і палітычным дзеячам Беларусі, мецэнатам. Ён пабудаваў Чырвоны касцёл у памяць аб сваіх дзецях Сымоне і Алене і сам быў у ім пахаваны.

Безыменны дагэтуль праезд ад вуліцы Каліноўскага да Мінскай кальцавой аўтадарогі цяпер будзе насіць назву “вуліца Усіхсвяцкая”. Ініцыятарам гэтага выступіў протаіерэй Фёдар Поўны, які звярнуўся з гэтай просьбай да Прэзідэнта Беларусі. Як патлумачыў Віктар Кураш, праезд злучае МКАД з Храмам-помнікам у гонар Усіх Святых у памяць бязвінна забітых.
Дэпутаты падтрымалі таксама зварот Таварыства беларускай мовы і жыхароў Мінска аб прысваенні адной з праектуемых вуліц у мікрараёне жылой забудовы ў межах вуліцы Гурскага імя народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. У гэтам жа мікрараёне ў назве адной з новых вуліц будзе ўшанавана імя вядомага беларускага дзяржаўнага дзеяча XVI — першай паловы XVII стагоддзя Льва Сапегі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter