Дабрадзей з Ліды

Не перастае здзіўляць шматграннасцю талентаў Рычард Груша: скульптар, мастак, паэт… А самае галоўнае — бескарыслівы дабрадзей.Цяпер часам, бывае, людзі старэйшага пакалення любяць разважаць пра бездухоўнасць, амаральнасць і агрэсіўнасць маладых. Кожны раз, слухаючы такое, я ўнутрана пратэстую. Бо не збяднела зямля нашая, па ранейшаму гадуе людзей сумленных, шчодрых і таленавітых. Сярод такіх і мастак Рычард Груша, якому летась споўнілася 50 гадоў: жыццярадасны, энергічны чалавек-стваральнік з горада Ліды, што на Гродзеншчыне.
Не перастае здзіўляць шматграннасцю талентаў Рычард Груша: скульптар, мастак, паэт… А самае галоўнае — бескарыслівы дабрадзей.

Летась на адкрыцці памятнага знака “Гордасць Лідчыны”. Скульптар  Рычард Груша — восьмы справаЦяпер часам, бывае, людзі старэйшага пакалення любяць разважаць пра бездухоўнасць, амаральнасць і агрэсіўнасць маладых. Кожны раз, слухаючы такое, я ўнутрана пратэстую. Бо не збяднела зямля нашая, па ранейшаму гадуе людзей сумленных, шчодрых і таленавітых. Сярод такіх і мастак Рычард Груша, якому летась споўнілася 50 гадоў: жыццярадасны, энергічны чалавек-стваральнік з горада Ліды, што на Гродзеншчыне.
Вы можаце сабе ўявіць такое: многае са створанага Рычард Груша проста дорыць.
І пры тым нічога не патрабуе ўзамен...
Вось такое жыццёвае крэда ва ўраджэнца вёскі Сцеркава Лідскага раёна. Яшчэ пасля школы падаўся ён на курсы мастакоў-афарміцеляў у Гродна, паспеў закончыць іх ды трохі папрацаваць. А потым, на пачатку 80-х, праходзіў вайсковую службу у Красным Сяле, непадалёк ад горада-музея Ленінграда. Кажа: тое, чым займаецца сёння, ёсць здзяйсненне даўніх ягоных мараў. А на персанальным сайце сферу сваіх жыццёвых інтарэсаў творца, індывідуальны прадпрымальнік у сферы мастацтва акрэслівае так: “Цяпер займаюся жывапісам, манументальным мастацтвам у камені, бронзе, пішу вершы, песенныя тэксты”.
У адрозненне ад Дзеда Мароза гэты дабрадзей — рэальны і безбароды, падарункі ён робіць такія, што ў мех ніяк не схаваеш, і не толькі пад Новы год. Яны самі па сабе незвычайныя, і колькасць іх уражвае: уязныя знакі пры паселішчах, памятныя камяні, дошкі, малыя архітэктурныя формы. Усяго ж Рычард Баляслававіч зрабіў каля сотні манументальных работ, з іх каля сарака — дабрачынныя. У пачэсным спіс гарадоў, пасёлкаў і вёсак, дзе прыклаў свой адметны талент лідчанін, значацца Брэст, Столін, Навагрудак, Ліда, Астравец… Ён адзін з нямногіх у краіне, хто працуе з камнем. Сярод ушанаваных ім знакамітых землякоў — Францішак Скарына, Ігнацы Дамейка, Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Чэслаў Немен, Іосіф Гашкевіч… “Яшчэ на пачатку творчай дзейнасці паставіў сабе за мэту: усталяваць памятны знак у кожным райцэнтры Беларусі, ушанаваць з дапамогай скульптур як мага больш знакамітых землякоў, якія добра папрацавалі на карысць Бацькаўшчыны”, — гаворыць Рычард Груша.
Такую шчодрасць скульптара заўважылі. У 2002-м Нацыянальная камісія па справах ЮНЭСКА адзначыла лідчаніна дыпломам за дзейнасць па ўвекавечанні культурнай спадчыны Беларусі. Падобныя ўзнагароды, заўважым, у Беларусі атрымалі нямногія. Не выпадкова менавіта яму летась даверылі і пачэсны заказ: зрабіць памятны знак для закладкі капсулы з запаветам для нашчадкаў — яго мяркуюць устанавіць у Астравецкім раёне пры АЭС, якая будуецца. Аснова помніка —13-тонны валун, які прывезлі ў Ліду з-пад мясцовага аграгарадка Тарнова на спецпляцоўцы.
Ён яшчэ і выдатны мастак. Натхнёны творамі дойлідаў Піцера, сам там яшчэ больш захацеў быць далучаным да творчасці. Станкавы малюнак і жывапіс вывучаў пасля арміі ў Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў імя Крупскай, асноўныя ж урокі жывапісу браў ад сябра, мастака Юрыя Някрасава. Яму так падабаецца тварыць! Спадар Рычард напісаў алеем — і толькі з натуры! — больш за тысячу карцін. У асноўным гэта прырода Гродзеншчыны і месцаў, дзе нарадзіўся і вырас, якія шчыра палюбіў. Грушаўскі каларыт — прыглушаны зялёна-жоўты — быў адзначаны адразу. “Беларускі Ван Гог” — так назваў нехта з калег Рычарда Грушу ў 2003-м пад час першай персанальнай выставы мастака, якая праходзіла ў мінскім Палацы мастацтваў. А цяпер у Рычарда за плячыма ўжо больш за 45 персанальных і сумесных выстаў у розных гарадах Беларусі, у замежжы. Карціны лідчаніна можна бачыць у музеях і прыватных калекцыях знаўцаў пейзажнага жывапісу больш чым дзесяці краін.
А ён жа яшчэ і паэт... “Пішу вершы па начах, пад настрой. Часцей за ўсё гэта песенныя тэксты пра жыццё, каханне, прыгажосць роднага краю”, — прызнаецца ён. Дарэчы, у 2010-м ужо пабачыў свет зборнік яго твораў “Беларуская зорка”: гэта “песні для голаса ў суправаджэнні фартэпіяна”. 37 песень на беларускай і рускай мовах, напісаных у розныя гады ў суаўтарстве з васьмю кампазітарамі. Магчыма, беларускім самадзейным гуртам з замежжа нешта спадабаецца — можна браць тэксты і ноты ў інтэрнэце, на сайце http://rychardgrusha.com/ Складае яшчэ адзін вершаваны зборнік. А да юбілею Ліды, які святкаваўся ўлетку, Рычард Груша стварыў і падарыў гораду “зорную” скульптуру “Гордасць Лідчыны” — у гонар землякоў, якія праславілі родныя і самому творцу мясціны. “ Гэта вялікі камень з зоркамі, і быццам ён прыйшоў да нас з Космаса…” — ганарыцца новым манументальным творам аўтар.

Іна Ганчаровіч

На здымку:
Летась на адкрыцці памятнага знака “Гордасць Лідчыны”. Скульптар Рычард Груша — восьмы справа
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter