Вог, хип-хоп, контемпорари: как жительница агрогородка Мышковичи получила госсубсидию на развитие танцевальной студии

Да пераможнага па

Дзяржава гатова падтрымаць пачынанні грамадзян, якія жадаюць заняцца сваёй справай, не толькі рублём. Тых, хто плануе атрымаць бязвыплатную субсідыю для запуску асабістага бізнесу, яшчэ і навучаюць граматна весці прадпрымальніцкую дзейнасць. На спецыяльных курсах учарашнія беспрацоўныя даведваюцца пра асаблівасці падаткаабкладання ІП, вучацца, як трэба весці бухгалтэрыю, праводзіць маркетынгавыя даследаванні ды іншыя працэдуры. Такое навучанне напярэдадні атрымання дзяржсубсідыі прайшла і жыхарка аграгарадка Мышкавічы Кіраўскага раёна Вера Даноўская. Год таму яна вырашыла пачаць працаваць на сябе і займацца любімай справай — танцамі.

Вера ДАНОЎСКАЯ: «Мая самая галоўная задача — прывіваць любоў да танцавальнага мастацтва і дзякуючы граматна падабранаму комплексу практыкаванняў развіваць фізічныя, духоўныя, артыстычныя даныя дзіцяці».

Батман тандзю, пліе…

— Нарадзілася я ў Рызе. У Беларусь, адкуль родам бацька, пераехалі, калі распаўся Савецкі Саюз. Карані наша сям’я пусціла ў аграгарадку Мышкавічы, дзе мы пабудавалі свой дом, — расказвае пра сябе Вера. — Колькі сябе памятаю, заўсёды танцавала ў розных гуртках — у школе, Доме культуры. У 11-м класе нават прыняла ўдзел у тэлевізійным конкурсе «Лесвіца ў неба»: паказала там усходнія танцы і заняла 2-е месца.

Нягледзячы на тое што бацькі былі далёкія ад творчасці — бацька ў свой час скончыў Ленін­градскае вышэйшае ваенна-тапа­гра­фічнае каманднае вучылішча, падпал­коў­нік у адстаўцы, а мама — выпускніца Латвійскага дзяр­­жаў­нага ўніверсі­тэта, — яны раз­гледзелі ў дачцэ здоль­насці і не пера­шкаджалі яе жаданню звязаць сваё жыццё з танцамі.

— За гэта я ім вельмі ўдзячная, — працягвае Вера Даноўская. — Пасля 11-га класа спрабавала паступіць у Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў (БДУКіМ). Памятаю, як на занятку перад экзаменамi з мяне смяяліся іншыя абітурыенты, паколькі я не ведала асноў класічнага танца — ні батман тандзю, ні пліе. Але калі выступіла, дацэнт кафедры харэаграфіі Наталля Карчэўская сказала: «Ну як так можна: ты нічога не ведаеш, але так адчуваеш музыку, так танцуеш!» Можа, я была вельмі эмацыянальная? Пластычная і эмацыянальная. І яна мяне заўважыла. Але ў апошні момант я не падала дакументы. Вырашыла, што мая вучоба ў сталіцы будзе для сям’і цяжарам.

Залу для заняткаў кіраўнік харэаграфічнага калектыву арандуе ў тым жа Доме культуры аграгарадка.

Рука дапамогі

Пасля гэтага мама літаральна за руку завяла дачку ў Бабруйскі каледж мастацтваў, дзе тая акунулася ў атмасферу творчасці.

— Я вельмі ўдзячная лёсу, што паступіла ў каледж, бо ён мне надзвычай шмат даў. Вучоба была вельмі насычанай і цікавай. Мы танцавалі ад світання да захаду сонца! — адзначае суразмоўніца. — Пастаянна ўспамінаю добрым словам дырэктара школы-каледжа Клаўдзію Іванаўну Лукашэвіч, дзякуючы якой я стала педагогам-харэографам.

Пасля заканчэння каледжа малады спецыяліст трапіла па размеркаванні ў Дом культуры ў свой жа аграгарадок, дзе стварыла харэаграфічны калектыў «Вера».

— Дзеці амаль з усёй вёскі танцавалі ў мяне, — не без гонару кажа Вера. — Памятаю, як мяне падтрымлівалі не толькі іх бацькі. Нашымі дасягненнямі заўсёды цікавіўся старшыня ААТ «Світанак імя К.П. Арлоўскага» Аляксандр Іванавіч Багель. Дапамагаў сродкамі на касцюмы і прафесійны абутак.

Адзначыўшы выдатную працу Веры Даноўскай, яе прызначылі дырэктарам Дома культуры. Хаця многія скептыкі прадракалі ёй хуткі сыход з гэтай пасады, дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці яна змагла выстаяць.

— Але я разумела, што займацца адміністрацыйнай працай — гэта не маё. Мне больш падабалася выкладаць, працаваць з дзецьмі, — дзеліцца Вера Анатольеўна.

Хлопчыкі і дзяўчынкі ходзяць на заняткі ў харэаграфічны ансамбль «Вера» з задавальненнем. Бацькі прывозяць дзяцей нават з Кіраўска, таму што недалёка і кошт адэкватны.

Вольныя хлябы

Падчас дэкрэтнага водпуску ў яе быў час грунтоўна падумаць, як будаваць сваю кар’еру далей. Вырашыла не вяртацца на ранейшую працу і некаторы час была беспрацоўнай.

— Мяне зноў падтрымалі бацькі. Тата да гэтага часу быў індывідуальным прадпрымальнікам, мама працавала ў яго бухгалтарам. Менавіта яны параілі адкрыць сваю справу. Па дапамогу я звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Кіраўскага райвыканкама, дзе мяне накіравалі на навучальныя курсы «Асновы бізнес-планавання», — узнаўляе храналогію падзей суразмоўніца. — Паколькі раней я ўсё ж скончыла завочнае аддзяленне мінскага БДУКіМ па спецыяльнасці «рэжысёр», напісаць бізнес-план мне было не складана.

Затым бізнес-план эфектыўнасці арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і заяву аб выдзяленні субсідыі Вера Даноўская падала ва ўпраўленне. Пасля разгляду прадстаўленых дакументаў там прынялі рашэнне аб выдзяленні ёй фінансавай падтрымкі (субсiдыi) для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Прычым пры жаданні адкрыць сваю справу мной рухала не імкненне такім чынам абагаціцца. Мая самая галоўная задача — прывіваць любоў да танцавальнага мастацтва і дзякуючы граматна падабраным практыкаванням развіваць фізічныя, духоўныя, артыстычныя даныя дзіцяці. Таму што заўсёды можна «забіць» калені і спіну, паставіўшы на танцах крыж. Я імкнуся ўдасканальваць фізічныя даныя выхаванцаў, каб танец быў іх спадарожнікам жыцця.

На доўгія гады

Яшчэ пры напісанні бізнес-плана Вера дакладна распланавала, на што патраціць сродкі субсідыі. На іх яна набыла музычны цэнтр, мікрафон, гімнастычны мат, кубікі для расцяжкі і іншае. Доўга выбірала, купляла свядома ўсё добрай якасці, каб абсталяванне праслужыла даўжэй.

— Усім гэтым карыстаюся да гэтай пары, — дадае суразмоўніца. — Удзячная за гэтыя сродкі, яны сталі добрай дапамогай.

Залу для заняткаў свайго харэаграфічнага калектыву Вера Даноўская арандуе ў тым жа Доме культуры свайго аграгарадка. У верасні ў яе будзе чарговы набор выхаванцаў:

— Лічу, што ў Беларусі павінны больш развівацца розныя танцавальныя напрамкі. Таму акрамя асновы — класічнага танца — знаёмлю дзяцей з вогам, хіп-хопам, кантэмпарары ды іншымі відамі. Дзеці ходзяць на заняткі з задавальненнем, і бацькі задаволеныя. Да мяне прывозяць хлопчыкаў і дзяўчынак нават з Кіраўска, таму што недалёка і кошт адэкватны.

Дарэчы, цэняць вучняў Веры Даноўскай і выкладчыкі творчых ВНУ і ССНУ. Калі даведваюцца, у каго тыя займаліся, адразу выдаюць: «Бяром!» Так што калі ў будучыні таленавіты і мэтанакіраваны харэограф вырашыць пашырыць сваю справу, добра падрыхтаваных абітурыентаў з Кіраўшчыны стане больш.

КАМЕНТАРЫЙ

Алена ЛЯНКЕВІЧ, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Кіраўскага райвыканкама:


— Зараз у раёне налічваецца 24 бес­працоўныя на 117 вакансій. Гэта значыць, што на аднаго беспрацоўнага — 5 вольных месцаў. Штогод каля 10 грамадзян у нас атрымліваюць субсідыю на развіццё ўласнай справы, большасць з якiх — на развiццё дзейнасцi па дрэваапрацоўцы, развядзенне сельскагаспадарчай птушкi i iншае. За апошнi час выдадзена бюджэтных субсiдый на агульную суму 34,8 тысячы рублёў 13 грамадзянам.

statkevich@sb.by

Фота з архіва гераіні матэрыялу.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter