«Да гэтага часу памятаю студэнцкія «агеньчыкі»

СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВА размясцілася на самай мяжы з Украінай. А нарадзілася гаспадарка ў балотах амаль 40 гадоў таму разам з адваяванымі ў багны палямі і сенажацямі, пабудаванымі з нуля сядзібамі. Не менш упарта камунальнае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства спрабуе падтрымліваць сёння ў належным стане цэлую сетку меліярацыйных аб’ектаў. Калі выйдуць са строю каналы, шлюзы, дрэнаж — балота вернецца назад у гэтыя ўжо абжытыя і непаўторныя мясціны. Кожны амаль з шасці тысяч гектараў сельгасугоддзяў гаспадаркі — асушаныя землі, вынік праведзенай яшчэ ў савецкія гады глабальнай меліярацыі Беларускага Палесся. Але ж мясцовыя тарфянікі не заўсёды дзякуюць сваім пакарыцелям. Нават невялікія замаразкі ў веснавы перыяд перакрэсліваюць работу земляробаў. — Страхавы фонд заўсёды падрыхтаваны, — гаворыць Рыгор БАБЧАНОК. — Гаспадарка жывёлагадоўчага накірунку, у нас каля 6000 галоў статка і надзейная кармавая база — аснова поспеху. А для людзей — гэта грошы, прыбытак і добры задзел у дзень заўтрашні. Рыгор Уладзіміравіч, які кіруе гаспадаркай ужо 15 гадоў, сам, як кажуць, «ад сахі», з сялянскай сям’і з Жыткавіцкага раёна. Дбайны гаспадар, аптыміст па натуры, а ў душы… паэт. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў студэнцкія гады, пастаянна друкаваўся ў шматтыражцы акадэміі «Советский студент».

Юнацкі запал і зараз у гаспадарчых справах і вершах дырэктара вядомага ў рэспубліцы саўгаса «Камуніст» Ельскага раёна Рыгора Бабчанка

СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВА размясцілася на самай мяжы з Украінай. А нарадзілася гаспадарка ў балотах амаль 40 гадоў таму разам з адваяванымі ў багны палямі і сенажацямі, пабудаванымі з нуля сядзібамі. Не менш упарта камунальнае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства спрабуе падтрымліваць сёння ў належным стане цэлую сетку меліярацыйных аб’ектаў. Калі выйдуць са строю каналы, шлюзы, дрэнаж — балота вернецца назад у гэтыя ўжо абжытыя і непаўторныя мясціны. Кожны амаль з шасці тысяч гектараў сельгасугоддзяў гаспадаркі — асушаныя землі, вынік праведзенай яшчэ ў савецкія гады глабальнай меліярацыі Беларускага Палесся. Але ж мясцовыя тарфянікі не заўсёды дзякуюць сваім пакарыцелям. Нават невялікія замаразкі ў веснавы перыяд перакрэсліваюць работу земляробаў. — Страхавы фонд заўсёды падрыхтаваны, — гаворыць Рыгор БАБЧАНОК. — Гаспадарка жывёлагадоўчага накірунку, у нас каля 6000 галоў статка і надзейная кармавая база — аснова поспеху. А для людзей — гэта грошы, прыбытак і добры задзел у дзень заўтрашні. Рыгор Уладзіміравіч, які кіруе гаспадаркай ужо 15 гадоў, сам, як кажуць, «ад сахі», з сялянскай сям’і з Жыткавіцкага раёна. Дбайны гаспадар, аптыміст па натуры, а ў душы… паэт. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў студэнцкія гады, пастаянна друкаваўся ў шматтыражцы акадэміі «Советский студент».

МІНУЛА амаль 30 год, як мы скончылі зааінжынерны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, але ў памяці назаўсёды захаваліся светлыя і прыемныя ўспаміны пра студэнцкае жыццё.

Як цяпер памятаю свае ўступныя экзамены ў 4-м корпусе, куды я зайшоў, каб здаць біялогію (а мне патрэбна было здаваць адзін уступны экзамен, бо я скончыў тэхнікум з чырвоным дыпломам). Экзамен прымалі дзве жанчыны і мужчына. Каб неяк уздзейнічаць на прыёмную камісію, я, як і многія іншыя, сфатаграфаваўся ў вайсковай форме. Мужчына ў гэты час дзесьці адсутнічаў і з’явіўся ў самы неабходны момант, калі мне трэба было атрымаць пяцёрку, а жанчыны задавалі вельмі складаныя і цяжкія пытанні. Тут прыйшоў старшыня камісіі, паглядзеў мой экзаменацыйны ліст, спытаў на якім флоце служыў, сказаў, што ён служыў на Паўночным, і задаў адно пытанне: што такое Н2О? Вядома, я адказаў, тады ён на маім лісце паставіў «выдатна» і сказаў, што прызначаюся старастай 3-й групы. Затым папярэдзіў, каб 1 верасня быў на занятках і ўзяў рабочае адзенне і чобаты, бо трэба будзе ехаць у калгас.

Калі стаў студэнтам, то даведаўся, што тым разумным і мудрым выкладчыкам быў мой дэкан Пётр Мікалаевіч Катуранаў, які ў першыя часы змог распазнаць, хто і як будзе працаваць на вёсцы. Я вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку, у тым ліку і за яго спагадлівыя адносіны да студэнтаў.

Вядома, у далейшым былі таксама добрыя выкладчыкі, сярод іх вядомыя і таленавітыя:  Мая  Сямёнаўна Партнова, Макс Залманавіч Фрэйдзін, Міхаіл Уладзіміравіч Шалак, Віктар Ільіч Караба, Міхаіл Пятровіч Шулік, Павел Хвёдаравіч Перацягін, ужо, на жаль, нябожчыкі Шумскі, Старавыбарны, Менчукава і шмат іншых. Яшчэ ў студэнцкія гады я прысвяціў гэтым людзям верш:

Педагогам

Не шкадуючы часу,

Не шкадуючы сіл,

Душу, сэрца аддаўшы,

Педагог нас вучыў.

Вучыў шчырасці, праўдзе —

Дабрыню ў сэрца нёс,

Вельмі проста, як маці,

Гартаваў кожны лёс.

А колькі цёплых і прыемных слоў патрэбна сказаць пра Маю Сямёнаўну Партнову, якая выкладала ў нас гісторыю партыі і была парторгам факультэта. Але хіба знойдзеш столькі слоў, каб кампенсаваць той час і сілы, якія былі аддадзены нам у Ленінскім пакоі зааінжынернага факультэта. Колькі добрых, прыемных і цёплых вечароў праводзіла яна з намі, вясковымі дзецьмі, у гэтым пакойчыку, на якіх толькі мовах ні гучалі ў ім песні ці вершы, колькі культур і традыцый розных народаў пазналі мы тут.

А было іх вельмі шмат, бо ў акадэміі ў той час навучаліся студэнты больш як з 30 краін свету. Да гэтага часу мы памятаем студэнцкія «агеньчыкі», якія праводзіліся там, а колькі вершаў і песень было складзена і гучала на «Парнасе». У тыя гады было такое студэнцкае літаб’яднанне. Вершы і апавяданні друкаваліся ў «Савецкім студэнце». А колькі маршаў было складзена ў музычным пакоі зааінжынернага факультэта нябожчыкам П. І. Шумскім — былым дэканам зааінжынернага факультэта. Ён вельмі добра валодаў любым музычным інструментам і складаў маршы для духавога аркестра, а пасля разам з намі, студэнтамі, развучваў іх. Наш духавы аркестр быў лепшым у акадэміі. І гэта ўсё дзякуючы Шумскаму.

У час перападрыхтоўкі

Пры пераходзе з корпуса

                                                  ў корпус

Льецца дзіўны выток, дзе юнацтва глыток.

Выток

Выток сялянскай моладзі,

Напору, ведаў, сілы

Цячэ з рання да поўначы,

Становіцца на крылы.

Прад бурамі жыццёвымі,

Вытворчымі рапрызамі,

Шляхамі невядомымі,

Жыццёвымі капрызамі.

Цячэ моладзь, гартуецца,

Кляновымі алеямі

І дух студэнцтва чуецца,

Гадамі не завеяны!

Вітае ён над Горкамі —

Не першае стагоддзе

Над гэтымі пагоркамі,

У студэнцкім карагодзе.

А сэрцу вельмі хочацца

У цудоўную краіну.

Душа пяе і коціцца

У юнацтва на хвіліну.

А колькі ўсяго добрага, разумнага і вясёлага было ў Горках у дыскатэчнай зале зааінжынернага факультэта. Яна была пабудавана ў закінутым падвале, на сродкі, якія зарабілі нашы студэнты ў калгасах раёна на сельскагаспадарчых працах. За студэнцкія грошы абсталявалі не толькі танцавальную пляцоўку, але і невялічкі бар. Гэта быў першы дыскатэчны цуд, створаны рукамі і розумам студэнтаў зааінжынернага факультэта. Менавіта тут праводзіліся дыскатэчныя і тэматычныя вечары, лілася музыка і гучалі сучасныя песні, там раскрываліся студэнцкія таленты. Сюды было вельмі цяжка трапіць — не хапала месца, а студэнты і знаёмыя прыходзілі з розных інтэрнатаў. Так як я быў старшынёй студсавета, то прыходзілася праводзіць сваіх сяброў праз наш інтэрнат.

Верш «Сябры» прысвечаны майму сябру, вядомаму вучонаму, прафесару Міхаілу Кадыраву:

Ёсць людзі, проста

                                             нібы зоркі,

Яскравай знічкаю гараць,

Цяпло душы, сардэц гаворкі,

Якую нельга не спрыняць.

Яны з адкрытаю душою,

З любоўю крочаць па жыцці,

Памогуць з рознаю бядою,

Падкажуць, як далей ісці.

І ты паціху ажываеш,

Падтрымку ўзяўшы,

                                              цеплыню,

Зноў волю, сілу набіраеш,

Нібыта ўсё ўпершыню.

Жыццё зноў кружыць і віруе,

І ты віруеш разам з ім,

Няхай Хрыстос сяброў

                                                     ратуе,

Такіх надзейных, і другім.

Мне ўсё ў свеце даспадобы

Чатыры любыя пары,

Мае сябры —

                        вышэйшай пробы,

Яны сапраўдныя сябры!

Гэта былі незабыўныя вечары нашай маладосці. А якія навагоднія вечары ладзіліся ў нашай акадэміі! Факультэты былі падзелены па памяшканнях. Як памятаю, дык заафак, мехфак і бухфак заўсёды ладзілі свае вечары ў спартыўнай зале. Не памятаю такіх выпадкаў, каб на Новы год студэнты ехалі дамоў, яны, наадварот, запрашалі да сябе ў госці знаёмых і сваякоў з іншых інстытутаў. Менавіта тут праходзілі самыя вясёлыя святы, цякло самае бестурботнае жыццё і быў самы лепшы час нашага жыцця.

Я не толькі ўспамінаю акадэмію як сваю альма-матар, цаню і шаную яе за тыя веды, што яна мне дала. Але таксама стараюся раз альбо два на год наведаць яе, чымсьці дапамагчы свайму роднаму факультэту, пасядзець і пагутарыць са сваімі выкладчыкамі, якія вучылі жыццю і мяне, і майго малодшага сына Уладзіміра, які таксама скончыў зааінжынерны факультэт нашай акадэміі.

Нізкі паклон і павага вам, добрыя і мілыя выкладчыкі, за вашу працу, за ваш клопат!

Роздум

Мы ўсе ляцім,

                          кудысь спяшаем,

Шукаем грошай і дабра.

Бацькоў, сяброў

                                  не заўважаем,

Нібыта іх ужо няма.

Няма калі нам любавацца

Прыродай роднай і ракой,

Хутчэй дадому б нам

                                            дабрацца,

Махнуць знаёмаму рукой.

Няма калі вясці гаворку

Пра неўгамоннае жыццё,

Адведаць родную старонку,

Узяць старэнькае кассё.

Прайсціся ранкам па пакосах

І па духмяных мурагах.

Дзяцінства тут маё ў росах,

У сэрццы, блізкіх мне лугах.

Бурліць, кіпіць жыццё імкліва,

Ва ўсім і ўсюды мітусня,

І абыякавасці сіла

Нясе, як дзікага каня.

Я часам сам не маю сілы

Уцячы ад гэтай мітусні,

Праведаць родзічаў магілы,

Свайго дзяцінства карані.

На здымках: Рыгор БАБЧАНОК (справа) у час наведвання фермерскай гаспадаркі ў Германіі; На экзаменах у Горках; Вясёлае студэнцкае жыццё.

Былы студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дырэктар саўгаса «Камуніст» Ельскага раёна Рыгор БАБЧАНОК.

Запісаў Аляксандр ШАЎКО, «БН»

Фота Анатоля СІЛІВЕРСТА і з архіва Рыгора БАБЧАНКА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter