Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Даўгаўпілсе ўшанавалі памяць народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна

Cябе ў творчасці знайсці

Ягоная паэзія — і глыбокафіласофская, і тонка-лірычная, і гарэзлівая, жартаўлівая... Вельмі розная. А думкі, вобразы, дзівосныя сугуччы ззяюць-пераліваюцца, нібы каштоўныя дыяменты. Зрэшты, кожны можа знайсці ў творчасці Рыгора Барадуліна тое, што яму да душы — з умовай: мову барадулінскую варта навучыцца разумець. І каб чуць яе — трэба ўмець услухацца, паглыбіцца ў плынь гаворкі жывой, народнай, сакавітай. Вось якраз тое й спрабавалі мы рабіць, калі ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) 26 ліпеня зладзілі літаратурную гасцёўню ў гонар народнага паэта Беларусі. Нагодай для таго была перасоўная выстава “Рыгор Барадулін. Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцці... ”. Яе прадставілі Міністэрства культуры Беларусі ды Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры з Мінска.

Удзельнікі літаратурнай гасцёўні ў гонар паэта Рыгора Барадуліна

Як вядома, 2017-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі. Таму ў ЦБК стартаваў праект “Навуковы музейны марафон” і была падпісана дамова аб доўгачасовым супрацоўніцтве паміж ЦБК і вышэйзгаданым музееі. У плыні пагаднення ладзіліся выставы, створаныя на аснове навуковых распрацовак літаратуразнаўцаў і даследчыкаў, прысвечаныя Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Петрусю Броўку. І вось — магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жыццём, творчасцю Рыгора Барадуліна (1935—2014). Ён вялікага таленту паэт, эсэіст, перакладчык: дзякуючы яму мы чытаем пабеларуску некаторыя творы Уільяма Шэкспіра, Амара Хайяма, Сяргея Ясеніна, Адама Міцкевіча, Джорджа Байрана ды іншых сусветна вядомых творцаў. Вясковец з Вушаччыны меў і фенаменальнае пачуццё гумару, напісаў шмат сатырычных і гумарыстычных твораў, эпіграм. Гэта быў і вядомы народны паэт Беларусі, імя якога цяпер шырока вядомае па ўсім літаратурным свеце.

Яшчэ Рыгора Іванавіча называюць віртуозам паэтычнага слова, і паэзія барадулінская — надзвычай самабытная і вобразная, поўніцца глыбокімі сэнсамі. Першыя вершы ягоныя пад псеўданімам А.Чабор з’явіліся ў друку, калі Рыгор вучыўся ў старэйшых класах. Галоўныя тэмы першага зборніка “Маладзік над стэпам” (1959) — нядаўняя вайна, духоўнасць і таленавітасць беларусаў, рэаліі пасляваеннага часу. Потым былі кнігі “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961), “Нагбом” (1963) ды іншыя. А за зборнік малітоўнай паэзіі “Ксты” (2005) паэт вылучаўся кандыдатам на Нобелеўскую прэмію. Ды непаўторную плынь ягонай думкі, вобразаў, сэнсаў, бадай, ніхто не зможа гэтак жа прыгожа, дасціпна перастварыць на іншай мове. Зрэшты, крыло славы ўсё ж Рыгора Іванавіча кранула: ён быў ушанаваны ордэнам Дружбы народаў, латвійскім ордэнам Трох зорак, медалём Францыска Скарыны, стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Рум” (1976).

Чаму, аднак, у Цэнтры беларускай культуры мы зладзілі менавіта літаратурную гасцёўню? Бо імкнемся падыходзіць да працы нефармальна, шукаць у дзейнасці новыя формы-фарматы. Вось і сабраліся ў нас людзі, неабыякавыя да мастацкага слова, да беларускай паэзіі.

“Трэба дома бываць часцей,/ Трэба дома бываць не госцем,/ Каб душою ты стаў чысцей/ І не страціў святое штосьці…” Вядомай песняй ансамбля “Песняры” на словы Рыгора Барадуліна распачыналі мы імпрэзу. “Менавіта гэты сімвалічны верш, які адкрыў нашу гасцёўню, кранае душу і сэрца кожнага беларуса — як у Беларусі, так і за мяжой”, — казала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. Яна ж прадставіла і кнігу вершаў паэта “І свету ўсяму”, якую нам на З’ездзе беларусаў свету падарыў рымска-каталіцкі прыход знакамітага мінскага Чырвонага касцёла. З яго, дарэчы, і праводзілі Паэта ў апошні шлях. Загалоўны верш прагучаў і на латышскай мове — яго чытала кіраўніца культурных праектаў ЦБК Настасся Лукашонак.

Велізарнае ўражанне на ўсіх зрабіў фільм пра Рыгора Барадуліна з сімвалічнай назвай “Пачуй!”. На жывой, мілагучнай беларускай мове ў ім апавядаецца пра яркае жыццё і творчасць паэта. Потым, за кубкам гарбаты, мы чыталі вершы, дзяліліся думкамі, уражаннямі. Паэт Станіслаў Валодзька распавёў шмат цікавага пра дзядзьку Рыгора, з якім быў асабіста знаёмы. Займальна расказвалі пра шматтэмную і шматколерную барадулінскую паэзію адна сузаснавальніц даўгаўпілскага Беларускага таварыства “Уздым” Яўгенія Гуляева, паэтка і мастачка Настасся Сазанкова. Гаварылі таксама старшыня Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Марыя Сафронава, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валеры Амбросаў ды іншыя.

На пругкіх хвалях барадулінскай паэзіі вельмі душэўнай, лірычнай і цёплай атрымалася размова. І было ўражанне, што кожны з нас пачуў, зразумеў нешта важнае, пабываўшы ў сілавым полі вялікай паэзіі Рыгора Барадуліна. Спадзяюся, тыя адкрыцці дапамогуць нам у жыцці, бо, як пісаў паэт, “Прыходзім,/ Каб знайсці сябе ў жыцці,/ А не згубіцца/ І не разгубіцца...”

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 34 (3538), чацвер, 7 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter