У горадзе на Прыпяці ствараецца музей традыцыйнай культуры, абрадаў і побыту палешукоў

Чым багата ў Тураве хата

Палессе — унікальны рэгіён Беларусі. Мне ж пашчасціла пажыць у Тураве, таму і цяпер ён мне — як родны. Раскажу пра цікавыя навіны з тых мясцін.

Тураўскі народны ансамбль танца “Прыпяць” 

Многія ведаюць: Жытка­віцкі раён Гомельшчыны ды Столінскі Брэстчыны суседзяць. Яны ж багатыя на ўнікальныя гарады: Тураў і Давыд-Гарадок. Цяпер яны сталі пабрацімамі. Артысты, школьнікі — цэлыя дэлегацыі едуць на святы да суседзяў. Скажам, калі ў Давыд-Гарадку спраўляюць унікальны абрад “Конікі”, то заўсёды едуць на яго й сябры-тураўцы. А яшчэ ж і некаторыя хлопцы пажаніліся з дзяўчатамі-“суседкамі”... І школьнікі абодвух раёнаў сустракаюцца на спартыўных ды сцэнічных пляцоўках, разам вывучаюць гісторыю сваіх гарадоў.

Таму й не выпадкова на нядаўнім пасяджэнні абодвух гарвыканкамаў вырашылі, што трэба стварыць фотаальбом пра гарады-пабрацімы: Тураў і Давыд-Гарадок. Яшчэ ў Тураве вырашылі заснаваць музей, прысвечаны традыцыйнай культуры, абрадам, побыту палешукоў. Назва яго: “Да матулінай хаты. Ад продкаў да нашчадкаў”. Хату ўжо выдзеліў Тураўскі гарвыканкам: зробім  у ёй рамонт ды будзем рухацца далей. Энтузіясты гатовы збіраць экспанаты, паказваць і расказваць наведнікам тое, што самі ведаюць. У планах — вывучаць народныя песні, танцы, запісваць аповеды-ўспаміны старажылаў гарадоў ды ладзіць для іх “Вячоркі”. А моладзь у хаце будзе вучыцца, як любіць працу, зямлю палескую ды як паважаць і зберагаць традыцыі продкаў.

На Палессі жывая традыцыя: матуліна хата сустракае госця смачным квасам з дзежкі, прахалодным у летнюю спёку. А тут яшчэ плануюцца, акрамя квасу, і відэапаказы абрадавых дзеяў з абодвух гарадоў, і гучанне аудыёзапісаў фальклорных гуртоў. З часам можа й гурт ужывую будзе сустракаць гасцей-турыстаў, у тым ліку й беларусаў з замежжа. Дарэчы, зацікаўленасць у праекце “Да матулінай хаты” выказаў і вядомы, паважаны  мясцовы фермер Міхаіл Шруб: ён заўсёды падтрымлівае народныя традыцыі.

Мікола Котаў, харэограф

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter