
Начная змена
Без пятнаццацi поўнач. Халодны красавiк праймае да касцей. Дарожныя рабочыя заступаюць на змену. Наносiм новую разметку на праспекце Дзяржынскага. Кантралюе працэс майстар дарожнай разметкi Аляксей Савасцянкевiч:— Уначы мала трафiка, можам больш эфектыўна працаваць.
Тэмпература паветра крыху вышэй за нуль. Недацягвае нават да мiнiмальных плюсавых пяцi градусаў для нанясення разметкi. Ужо як ёсць, чакаць цяпла няма часу.
Машынiст разметачнай машыны i два дарожныя рабочыя зладжана выконваюць сваю працу — малююць суцэльную. Кампрэсар у кузаве гудзе — нагнятае цiск, па доўгiм шлангу паступае эмаль. Аператар за пультам кантралюе падачу фарбы i дакладныя межы яе нанясення. Да гэтага рабочыя вымералi шырыню праезнай палосы i праграма па шаблоне разлiчыла астатнiя параметры.

— Разметку цяпер наносiм аўтаматычным спосабам, — удакладняе Аляксей Савасцянкевiч. — Уручную фарбуем толькi ў цяжкадаступных месцах. Раздзяляльныя палосы, напрамкi руху, стоп-лiнii, пераходы — аўтаматыкай.
Пасыпаюць свежую разметку шклашарыкамi — для надання ёй святлоадбiвальнага эфекту. Рабочыя выставiлi яркiя конусы па лiнii афарбоўкi. На паўгадзiны па палосе, дзе сохне фарба, абмежаваны рух.
Самае складанае — гэта памяняць разметку цалкам. Напрыклад, як на з’ездах шматузроўневай развязкi на скрыжаваннi праспектаў Жукава i Дзяржынскага. Там з’явiцца выдзеленая палоса для грамадскага транспарту. А тоўстыя стрэлкi, якiя паказваюць звужэнне праезнай часткi, прыйдзецца дэмаркiраваць. Гэтую працу выканае спецыяльная машына, зрэжа фрэзай тонкi пласт асфальту.

Халодны метад
На вулiцах Мiнска, акрамя эмалi, наносяць разметку i гарачым тэрмапластыкам. Гранулы разаграваюцца да 200 градусаў i наносяцца разметачнай машынай пластом таўшчынёй да 6 мiлiметраў. Яго наносяць у асноўным на новы асфальт, тэрмапластык не трывае расколiн i выбоiн. Ды i тэхнiка габарытная. Таму зручней рабiць разметку адразу па свежым асфальце, пакуль няма трафiка. Такое пакрыццё служыць не менш за тры гады. Фарбу ж трэба асвяжаць кожныя паўгода, асаблiва прыкметна яна сцiраецца пасля зiмы. Затое метад танны.Сёлета «СМЭП Мiнгарвыканкама» прымяняе новую тэхналогiю — халодны пластык. Ён прызначаны для разметкi на аўтамабiльных дарогах i вулiцах з удасканаленым пакрыццём. Такую афарбоўку яшчэ лепш вiдаць у цёмны час сутак, чым нанесеную гарачым тэрмапластыкам, больш высокая ў яе зносаўстойлiвасць, устойлiвасць да складаных умоў надвор’я i процiгалалёдных рэагентаў. Дзякуючы новай тэхналогii эканомiцца расходны матэрыял — халодны пластык наносiцца метадам распылення таўшчынёй пласта да 1,5 мiлiметра. I хутка высыхае, усяго за 20 хвiлiн.
ikras@sb.by