Беларусы Малдовы стварылі цэлую вуліцу на 15-м этнакультурным фестывалі ў Кішынёве

Чатыры падворкі віталі сяброў

Беларусы Малдовы стварылі цэлую вуліцу на 15-м этнакультурным фестывалі ў Кішынёве


Рэспубліканскі этнакультурны фестываль “Адзінства праз разнастайнасць” сёлета быў юбілейным, праходзіў у Малдове з 16 па 25 верасня. Як заўжды, арганізатарамі свята выступілі Бюро міжэтнічных адносін Малдовы ў партнёрстве з этнакультурнымі суполкамі, мэрыяй муніцыпія Кішынёў. Гэты фестываль спрыяе захаванню і прымнажэнню традыцый этнаменшасцяў, развіццю міжкультурнага дыялогу і ўмацаванню дружалюбных стасункаў паміж прадстаўнікамі розных этнасаў, што жывуць у краіне.


Да беларусаў праяўлялі цікавасць малдаўскія тэлеканалы

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў цэнтры Кішынёва, у парку “Stefan cel Mare si Sfânt” пры ўдзеле кіраўніцтва краіны, дыпламатаў і прадстаўнікоў этнакультурных арганізацый, акрэдытаваных пры Бюро міжэтнічных адносін Малдовы і мэрыі Кішынёва. Беларусы Малдовы годна прадставілі сваю самабытнасць, народны каларыт. Дзеля таго суладна працавалі чатыры беларускія суполкі, выкарысталі ўласныя сродкі. Удзельнікі ды госці фестывалю змаглі палюбавацца цэлай беларускай вуліцай, якая з’явілася на адной з цэнтральных алей парка.

Наша суполка, Беларускі культурны рух Малдовы, зрабіла экспазіцыю “Культурная спадчына Беларусі”. Знайшлі сваіх зацікаўленых гледачоў-чытачоў выстаўленыя кнігі: пра традыцыі, звычаі, гісторыю і мастацтва Беларусі. Госці з інтарэсам разглядалі свежыя выданні “Добры дух зямлі Дняпроўскай” і “На берагах Дняпра і Друці”, прывезеныя з 23-га Дня беларускага пісьменства – яго сталіцай сёлета быў Рагачоў. А на старонках газет “Голас Радзімы”, “Беларусы ў свеце” бачылі і знаёмыя твары. Была запатрабаванаю, спараджала шмат пытанняў інфармацыя для патэнцыйных турыстаў: буклеты, прыгожыя фотаальбомы… Выклікалі захапленне мастацкія фатаграфіі, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускага прадпрыемства “Скарбніца”. “А дзе можна купіць такія прыгожыя лялькі?” – чулася раз-пораз. Мяркуем, наступным разам трэба падумаць і пра гандаль...

Актывісты Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова–Беларусь” ды Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь” парадавалі фэстаўцаў выдатным (жывым!) выкананнем беларускіх і малдаўскіх народных песень. Гучала таксама і сусветная класіка. Оперная спявачка Маргарыта Будзей ды яе маладая каляжанка Вольга Садоўнік увесь дзень вабілі прыгожымі галасамі наведнікаў да беларускіх падворкаў. А знакамітая песня “Бывайце здаровы!” на музыку Iсака Любана, словы Адама Русака стала хітом беларускай вуліцы і шматкроць выконвалася “на біс”. Да нас прыходзілі сябры, знаёмыя, вядомыя дзяржаўныя, палітычныя, культурныя і грамадскія дзеячы. Пабыў і Пірка Тапіёла, кіраўнік дэлегацыі Еўрасаюза ў Малдове: пажадаў беларусам Малдовы вялікіх поспехаў, з задавальненнем пачаставаўся беларускім шакаладам фабрыкі “Камунарка”.


Ім таксама падабаецца этнафестываль

Прыемна было бачыць, як з непадробнай цікавасцю госці жадалі больш даведацца пра Беларусь, задавалі шэраг пытанняў, на якія з радасцю адказвалі сябры беларускіх суполак. Быў немалы інтарэс да беларусаў і з боку СМІ. У нас бралі інтэрв’ю малдаўскія тэлеканалы. А нацыянальны Малдаўскі канал “Maldova 1”якраз на фоне першай тытульнай старонкі Псалтыра 1517 года Францыска Скарыны зрабіў прамое ўключэнне з фестывалю, калі ішоў чарговы выпуск тэленавін.

На гэтым інтэрнацыянальным свяце можна было і пакаштаваць розныя смачныя стравы ды напоі беларускай кухні. А родныя нам словы “бульба”, “каўбаскі”, “дранікі”, “бярозавы сок” ды “Белавежская” дзейнічалі на гасцей беларускага падворка неяк асабліва магічна… Ну проста па вачах шаноўнага люду чыталася: смак беларускай кухні для іх ужо не проста знаёмы, але й надта падабаецца. Гендырэктар Бюро міжэтнічных адносін Алег Бабенка адзначыў, што сёлетні фестываль – наймаштабны за апошнія гады. У ім паўдзельнічала 45 этнакультурных суполак, якія прадстаўляюць 14 этнічных груп.

Культурная разнастайнасць, уласцівая малдаўскаму краю, дазваляе людзям розных нацыянальнасцяў жыць тут у міры і згодзе. А беларусы Малдовы – гэта адзін з самых яркіх узораў талерантнасці, бесканфліктнасці, працавітасці, дружалюбнага стаўлення адзін да аднаго.

Ад рэдакцыі

У чарговы раз атрымалі мы з Малдовы па электроннай пошце аўдыёфайл з запісам радыёперадачы “Беларуская крыніца”. “Гэта адзіная перадача, якая выходзіць ужо трэці год на ўзроўні Нацыянальнага радыё за мяжой на беларускай мове, – удакладняе стваральнік, рэдактар перадачы Генадзь Зяньковіч. – Адзіная – на прасторах СНД, а таксама краін Прыбалтыкі, Еўропы ў цэлым, на прасторах Паўночнай і Паўднёвай Амерык... Мы ганарымся гэтым!”.

І мы, у Беларусі, ганарымся, што такі важны праект паспяхова рэалізуюць супляменнікі ў Малдове. Пра тое і пісалі ўжо. Цяпер у стварэнні перадачы ў асноўным удзельнічаюць сябры Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова–Беларусь”, Беларускага культурнага руху Малдовы ды Асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь”. Апошні ж дасланы выпуск – гэта яскравы аповед-рэпартаж пра15-ы этнакультурны фестываль. Адначасова Генадзь Зяньковіч просіць, заклікае да ўдзелу ў перадачы ўсе іншыя беларускія суполкі Малдовы: з Ціраспаля, Бельц, Бяндэр, Грыгарыопаля, Рыбніцы, Камрата... А таксама ўсіх беларусаў Малдовы, іншых краін, якія маюць што расказаць пра адметныя падзеі ў жыцці, сяброў-беларусаў, кантакты з Беларуссю. А можна, піша Генадзь, і проста заказаць любімую беларускую песню, выказаць сваё меркаванне з нагоды нейкіх падзей, датаў. Электронны адрас Генадзя Зяньковіча ёсць у рэдакцыі. Каму цікавыя такія прапановы – пішыце, паспрыяем наладжванню кантактаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter