Час, калі дыхае зямля

У юбілейны для мастака Вячаслава Ігнаценкі год адкрылася яго чарговая персанальная выстава ў сталіцы МалдовыНовая выстава ўраджэнца Лоеўшчыны, беларуса Вячаслава Ігнаценкі мае паэтычную, а разам з тым і энергетычна моцную назву: “Дыханне зямлі”. На вернісажы, дарэчы, праект называлі і “дыпламатыяй выяўленчага мастацтва беларускай дыяспары Малдовы”. А ўрачыстае дзейства адбылося ў цэнтры Кішынёва — у будынку Пасольства Венгрыі ў Рэспубліцы Малдова.
У юбілейны для мастака Вячаслава Ігнаценкі год адкрылася яго чарговая персанальная выстава ў сталіцы Малдовы

Вячаслаў Ігнаценка (злева) і Маціяс СілагіНовая выстава ўраджэнца Лоеўшчыны, беларуса Вячаслава Ігнаценкі мае паэтычную, а разам з тым і энергетычна моцную назву: “Дыханне зямлі”. На вернісажы, дарэчы, праект называлі і “дыпламатыяй выяўленчага мастацтва беларускай дыяспары Малдовы”. А ўрачыстае дзейства адбылося ў цэнтры Кішынёва — у будынку Пасольства Венгрыі ў Рэспубліцы Малдова.
Пасол Венгрыі ў Малдове спадар Маціяс Сілагі — сапраўдны знаўца, эксперт у галіне выяўленчага мастацтва. Ён ладзіць шматлікія мастацкія выставы і творчыя сустрэчы сярод дыпкорпуса ў Малдове, творчай эліты краіны. Першае знаёмства дыпламата з творчасцю Вячаслава Ігнаценкі адбылося летась увосень на выставе “Дарога” ў Бюро міжэтнічных адносін. Беларус, трэба сказаць, венгра вельмі ўразіў. Захапленне ад работ майстра, шчырае жаданне бліжэй пазнаёміць іншых прадстаўнікоў дыппрадстаўніцтваў з творчасцю нашага земляка хутка перарасло ў ідэю выставы ў венгерскім пасольстве.
На вернісаж прыйшлі кіраўнікі дыпмісій з Беларусі, Венгрыі, Грузіі, Італіі, Расіі ды ЗША, прадстаўнікі творчай эліты Малдовы. У вітальнай прамове Маціяс Сілагі заклікаў прысутных спрыяць развіццю мастацтва ў Малдове. Пасол вельмі высока ацаніў творчасць беларускага майстра, адзначыў віртуозную гульню Вячаслава Ігнаценкі з колерам і святлом, падкрэсліў каштоўнасць абраных для выставы прац.
“Намаляваць добры пейзаж — не значыць якасна скапіраваць прыроду: трэба здолець увасобіць на палатне сваё ўражанне”, — падкрэсліў Маціяс Сілагі.
Сонечны дзень. Мастак В. ІгнаценкаВячаслаў Ігнаценка прадставіў на выставе больш за 20 пейзажаў, у асноўным Малдовы, ды, што натуральна для беларуса, выставіў і краявіды Бацькаўшчыны. Мастак прызнаўся, што адбіраць працы для выставы, а тым больш такога ўзроўню, для яго заўсёды галаўны боль: усё не пакажаш, а напісана вельмі шмат. Вячаслаў Міхайлавіч распавёў пра сваю творчую дзейнасць, падзяліўся планамі. Ён нагадаў, што роўна 30 гадоў таму ўпершыню афіцыйна выставіўся на мастацкай выставе: 1984-ы, горад Кішынёў. У лістападзе плануе зрабіць персанальную выставу ў галерэі Саюза мастакоў Малдовы “Канстанцін Брынкуш”, і сёлета ж яму спаўняецца 60 гадоў.
Год, як бачым, у творцы багаты на юбілеі. Зрэшты, у таленавітага ды творчага чалавека і павінна ўсё перыядычна сыходзіцца ў адным пункце. Гэткі момант ісціны: што зроблена? чаго я ў гэтым свеце варты? Тады лягчэй пераходзіць на новы віток існавання, самарэалізацыі. Дыпламатыя выяўленчага мастацтва, якой віртуозна валодае наш сябар і зямляк Вячаслаў Ігнаценка, не ведае межаў. Яму ўдалося знайсці ўніверсальны сродак пашырэння за межы Бацькаўшчыны і “прыгажосці па-беларуску” (якая не мае патрэбы ні ў дадатковым перакладзе, ні ў тлумачэнні), і падаць вестку ўсім: Беларусь і беларусы ёсць, мы таленавітыя і адкрытыя свету.
“Дыханне зямлі” — 37-я па ліку персанальная выстава майстра. Вячаслаў Ігнаценка па-ранейшаму нястомны ў працы: амаль штодзень у майстэрні. Ад прыроды таленавіты ўраджэнец вёскі Пярэдзелка, што на Палессі, на Дняпры, сваёй творчасцю сцвярджае — магутнаю сілаю валодае беларускае мастацтва, нават на немалой адлегласці ад роднай зямлі. Мушу дадаць: праз таленты такіх землякоў, праз іх творчую актыўнасць мы, беларусы замежжа, проста фізічна адчуваем Дыханне Беларускай Зямлі. І яно бальзамам пранікае ў нашы душы.
Вячаслаў Міхайлавіч Ігнаценка — гэта сапраўды ўнікальная асоба. Больш падрабязна пра яго газета “Голас Радзімы” пісала ў тэксце “І буду я дома” (4 жніўня 2011 года). На мой погляд, ягоная “дыпламатыя выяўленчага мастацтва” заслугоўвае ўвагі, высокай ацэнкі не толькі ў Пасольстве Венгрыі, як цяпер, не толькі сярод прадстаўнікоў іншых народаў і краін. Мяркую, і Бацькаўшчына ў юбілейны год ушануе належным чынам сына, якім можа ганарыцца.

Ганна Мазур, культуролаг, кіраўнік Беларускага культурнага руху Рэспублікі Малдова “Кліч”

На здымках:
Вячаслаў Ігнаценка (злева) і Маціяс Сілагі
Сонечны дзень. Мастак В. Ігнаценка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter