Доброго плавания: как проходят техосмотр перед началом сезона рыболовные лодки

Бягучыя па хвалях

Падыходзіць да завяршэння перыяд нерасту, а значыць, хутка скончыцца тэрмін забароны на рух па вадзе ў лодках. Для аматараў рыбалкі гэта самы час, каб падрыхтаваць да сезона свае судны. Проста так спусціць на ваду можна далёка не кожную лодку: усе без выключэння маторныя і вяслярныя грузападымальнасцю звыш 225 кілаграмаў павінны мець рэгістрацыю і сертыфікат аб праходжанні тэхнічнага агляду. У выпадку, калі магутнасць рухавіка лодак перавышае 3,7 кілавата, або 5 конскіх сіл, іх кіроўцы абавязаны прайсці навучанне і атрымаць пасведчанне. Карэспандэнт «Р» даведалася, пры якіх умовах лодкі дапускаюць да вады. 

Нумар рухавіка павінен супадаць з заяўленым у дакументах.

Невялікая затока Заслаўскага вадасховішча, якая належыць гаспадарцы «Крыжоўка», нагадвае паркінг для лодак: на берагах яе захоўваюцца, здаецца, сотні маламерных суднаў — ад старых казанак да сучасных магутных катараў. Уладальнікі многіх ужо чакаюць каля сваіх лодак спецыяліста, які правядзе тэхнічны агляд і паставіць адзнаку аб ім у суднавым білеце. 

— Большасць рыбакоў, якія арандуюць тут месца для лодкі, — людзі законапаслухмяныя, — завярае Аляксандр Курыла, начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Мінскай вобласці. — Яны заўсёды сочаць за наяўнасцю рэгістрацыі, своечасова праходзяць тэхнічны агляд. Ім прасцей выканаць усе патрэбныя працэдуры і потым спакойна плаваць і лавіць рыбу, чым усё лета хавацца ад інспекцыі. 

Адзнака аб тэхаглядзе ставіцца ў сертыфікат суднавага білета.

Дарэчы, штраф за адсутнасць тэхнічнага агляду складае палову базавай велічыні, або 12 рублёў 75 капеек. Столькі ж давядзецца заплаціць за адсутнасць выратавальных камізэлек пры руху па вадзе. У мінулым годзе на вадаёмах краіны ў інцыдэнтах з маламернымі суднамі загінулі 11 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Абсалютна ўсе яны не былі апрануты ў выратавальныя камізэлькі! А вось за адсутнасць рэгістрацыі лодкі штраф пачынаецца ад 2 базавых велічынь. 

Убачыўшы чалавека ў форменным адзенні, рыбакі дастаюць дакументы, адкрываюць свае лодкі. Але першае ж судна тэхнічны агляд не праходзіць — яно настолькі аблезлае, што немагчыма здагадацца, якім быў першапачатковы колер. Амаль сцёрся і рэгістрацыйны нумар на борце. 

— Пастаўце, калі ласка! — просіцца дзядзечка. — Я ўжо ўсё неабходнае купіў, абавязкова пафарбую!

— Вось калі пафарбуеце, та­ды і паставім адзнаку аб праходжанні тэхагляду, — Аляксандр няў­мольны. 

Ён праходзіць па беразе, уваж­ліва аглядаючы кожную лодку, правярае, ці адпавядаюць нумары рухавікоў заяўленым у дакументах, прастуквае сценкі корпуса, абмацвае ўключыны. 

— Радзіма, прымай тарпедны катар! — жартуе ўсмешлівы пенсіянер, указваючы на сваю лодку вясёлага зялёнага колеру. 

Некаторыя часу не марнуюць і ўладкоўваюцца з вудамі на беразе.

Для беспраблемнага праходжання тэхнічнага агляду лодка павінна быць пафарбавана, а нумары на корпусе — выразна чытацца. Зразумела, не мае шанцаў судна з прабоінамі. Абавязкова правяраюць трываласць замацавання ўключын для лодак і наяўнасць бакаў плавучасці — пустот у шорсткім корпусе, якія выконваюць ролю паплаўка і ў выпадку ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі не дадуць лодцы патануць. Ведаючы гэта, многія ўладальнікі лодак, тым не менш, не могуць спакойна вытрымаць наяўнасць свабодных месцаў. Яны робяць у сценках бакаў дзверцы і складваюць туды, напрыклад, інструменты. А вось дадатковая абшыўка корпуса знутры пенапластам вітаецца.

Усе, хто падрыхтаваўся належным чынам, атрымалі запаветны штамп. Цяпер яны могуць ні аб чым не турбавацца цэлы год, а гаспадары лодак, якім менш як дзесяць гадоў, — аж два. Якіх толькі баек не даводзіцца пачуць, пакуль рыбакі чакаюць афармлення дакументаў! Ці ведалі вы, што рыба вельмі любіць прыкормку ў выглядзе сухой дзіцячай какавы? Што карась у літаральным сэнсе жыццё аддасць за ячную кашу з часнаком? Некаторыя часу не марнуюць і ўладкоўваюцца з вудамі на беразе. А калі нехта прыносіць вестку, што «Андрэй толькі што ляшча злавіў на паўтара кілаграма!», людзям становіцца не да дакументаў — вочы гараць, рукі свярбяць. 

Пры тэхаглядзе Аляксандр КУРЫЛА правярае цэласнасць корпуса, наяўнасць рэгістрацыйных нумароў, бакаў плавучасці.

Акрамя тэхнічных аглядаў, супрацоўнікі ДІМС зараз прымаюць экзамены на права кіравання маламерным суднам — наяўнасць пасведчання абавязкова для ўсіх, хто мае лодку з маторам больш за 5 конскіх сіл. Як і пры здачы на правы ў ДАІ, іспыты складаюцца з дзвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. Неабходна вывучыць правілы паводзін на вадзе, водныя знакі, што абазначаюць абмежаванне глыбіні, месцы, куды нельга заходзіць, і інш. Кіраванне здаюць на спецыяльна абсталяванай станцыі на Камсамольскім возеры. Курсанты дэманструюць уменне швартавацца, выконваць «васьмёрку», што дазволіць утрымаць лодку пад кантролем пры рэзкай змене хуткасці плыні, выйсці на буй — падплысці так, каб здолець крануць яго рукой, але не бортам. Гэты прыём неабходны, калі давядзецца ратаваць чалавека. Так што, каб атрымаць правы, давядзецца пастарацца, а вось страціць іх на 3 гады ды яшчэ атрымаць вялікі штраф — надзвычай лёгка: трэба ўсяго толькі стаць за штурвал у нецвярозым стане. 

nevmer@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter