Баль кнігі

Калядная дабрачынная акцыя і аўкцыён пройдуць у Нацыянальнай бібліятэцы
Калядная дабрачынная акцыя і аўкцыён пройдуць у Нацыянальнай бібліятэцы

У Беларусі пачалася традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», накіраваная на аказанне дапамогі і падтрымкі дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства. Аднымі з першых яе мерапрыемстваў стануць Калядны дабрачынны баль кнігі і кніжны аўкцыён. Яны адбудуцца сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы напярэдадні адкрыцця VIІ Міжнароднай канферэнцыі выдаўцоў, паліграфістаў і распаўсюджвальнікаў друку, якая сабрала ў Мінску прафесіяналаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, каб абмеркаваць пытанні трансфармацыі друкаваных і кніжных рынкаў ва ўмовах інтэграванай эканомікі.

Беларусь захоўвае статус краіны, якая чытае. Як вядома, Мінск рыхтуецца да вылучэння на атрыманне ў 2017 годзе пачэснага звання «Сусветная сталіца кнігі». Калядны дабрачынны баль, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі сумесна з Саюзам выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку, прызваны ў чарговы раз прыцягнуць увагу да кнігі і чытання, падкрэсліць іх значнасць у развіцці інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі, ва ўмацаванні маральных і духоўных асноў грамадства і дзяржавы.

Як распавяла «Р» намеснік начальніка Упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Таццяна Бунас, на кніжны аўкцыён, які пройдзе ў час дабрачыннага балю, будуць прадстаўлены 43 лоты. Гэта — лепшыя выданні Беларусі, у тым ліку кнігі, якіх ужо няма ў продажы, і самыя свежыя навінкі, якіх у продажы яшчэ няма. Стартавыя цэны цалкам прымальныя. На аўкцыёне можна будзе набыць творы беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў, гістарычную і дзіцячую літаратуру, мастацкія і фотальбомы, а таксама рарытэты — факсімільныя выданнi «Жыція блажэннай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Уседзяржыцеля Святога Спаса ў горадзе Полацку» XVI стагоддзя, «Біблейскіх гісторый Старога Запавету» ў трох тамах, 2 кніг «Баркалабаўскага летапісу».

Сродкі, сабраныя ад продажу, будуць накіраваны на дабрачынныя мэты. Нагадаем, Калядны дабрачынны баль кнігі ўпершыню адбыўся ў Мінску летась. Тады ў ходзе аўкцыёну выручылi каля 50 мільёнаў беларускіх рублёў. Большая частка гэтай сумы была накіравана ў Брэсцкую вобласць выхаванцам Гарадзішчанскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Ірына СВІРКО, «Р»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...