Білет персанальны пакіньце сабе

Нацыянальны мастацкі музей вызначыў лепшы дызайн білета

Уваходны білет — візітная картка любога музея. Сам па сабе ён ужо твор мастацтва і прадмет калекцыяніравання. На працягу дзесяці гадоў, з 2005-га, Нацыянальны мастацкі музей праводзіць адкрыты публічны конкурс па стварэнні дызайну ўваходнага білета. Сёлета ён прайшоў пад дэвізам «Музей — нацыянальны. Білет — персанальны. Пакіну яго сабе!».

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара музея па навуковай рабоце Надзеі Усавай, з кожным годам конкурс набірае абароты. Сёлета для ўдзелу ў ім была пададзена 101 работа ад 52 аўтараў.

Галоўны прыз рашэннем прафесійнага журы прысуджаны мінскаму графічнаму дызайнеру Уладзіславу Хвастову. За сваю работу ён узнагароджаны грашовай прэміяй у 10 мільёнаў рублёў.

Традыцыйна магчымасць выказаць сваё меркаванне ў ацэнцы конкурсных праектаў была прадастаўлена і наведвальнікам музея, якія маглі прагаласаваць за работу, што спадабалася, на спецыяльна арганізаванай выстаўцы. У выніку прыз глядацкіх сімпатый атрымала студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Паліна Кузьміна. Яна ўзнагароджана прэміяй у памеры 4 мільёны рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter