Ашмяншчына: шляхі гістарычныя

Адразу скажу: я падрыхтаваў тры невялікія артыкулы пра даўняе і сучаснае жыццё аднаго з найцікавейшых беларускіх рэгіёнаў. І гэта — першы з іх. Дарэчы, неяк адзін знаёмы, сталы чытач “Голасу Радзімы”, ці то жартам, ці то сур’ёзна папракнуў мяне: “Што ты, Адаме, усё ў газетах пра сваю родную Астравеччыну пішаш: то пра яе мінулае, то людзей хваліш?! Хіба няма па суседстве, а то і ў аддаленні іншых раёнаў і рэгіёнаў, вартых увагі?!” Згадаў і пра колішнюю маю кнігу “Астравеччына, край дарагі…”. Што ж, і сапраўды, родныя мясціны — заўсёды наймілей. І найбольш аўтару вядомыя. Ды цікавыя мне і бліжэйшыя суседзі: Ашмяншчына, Мядзельшчына, Пастаўшчына, Смаргоншчына...
Адразу скажу: я падрыхтаваў тры невялікія артыкулы пра даўняе і сучаснае жыццё аднаго з найцікавейшых беларускіх рэгіёнаў. І гэта — першы з іх. Дарэчы, неяк адзін знаёмы, сталы чытач “Голасу Радзімы”, ці то жартам, ці то сур’ёзна папракнуў мяне: “Што ты, Адаме, усё ў газетах пра сваю родную Астравеччыну пішаш: то пра яе мінулае, то людзей хваліш?! Хіба няма па суседстве, а то і ў аддаленні іншых раёнаў і рэгіёнаў, вартых увагі?!” Згадаў і пра колішнюю маю кнігу “Астравеччына, край дарагі…”. Што ж, і сапраўды, родныя мясціны — заўсёды наймілей. І найбольш аўтару вядомыя. Ды цікавыя мне і бліжэйшыя суседзі: Ашмяншчына, Мядзельшчына, Пастаўшчына, Смаргоншчына...
А чаму я пачынаю менавіта з Ашмяншчыны? Не толькі таму, што яна першая тут па алфавіце. Узрост салідны: Ашмяны — самы стары горад у нашым наваколлі. Паселішча згадваецца ўжо ў 1040 годзе, на карце зафіксавана ў 1385-м, калі там стаяў драўляны замак, які не раз спыняў крыжацкую навалу. Астравец жа, як мне ўдалося ўстанавіць, упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1468-м. І замка там не было: адзін двор Гаштальдаў ды касцёл, імі заснаваны. Ашмяны паважаю і па доўгу памяці да сваіх продкаў, якія да верасня 1939-га жылі пераважна на тэрыторыі вялікага тагачаснага Ашмянскага павета.
Між іншым, упершыню я глыбока і візуальна асэнсаваў, што значная частка Астравеччыны (ды нават і ўся Смаргоншчына і Мядзельшчына, нават Докшыцы і Валожын, Паставы і Свянцяны!) доўгі час належала да Ашмянскага павета, калі пазнаёміўся з кнігай-фотаальбомам Тамары Філіповіч “Падарожжа па Ашмянскім краі”. А да гэтага краю, паводле даўнейшых граніц, былі аднесены тэрыторыі не толькі часткі сённяшняй Гродзеншчыны, але і Мінскай, Віцебскай абласцей, і нават цяперашняй Літвы.
Шыкоўнае выданне з мноствам каляровых ілюстрацый, з таленавіта напісанымі паралельнымі тэкстамі на беларускай і англійскай мовах не так даўно прынесла ў рэдакцыю даволі часты яе госць Валянціна Лузіна, дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Валянціна Міхайлаўна — гарачы патрыёт Ашмяншчыны, балатавалася ад яе як намеснік старшыні райвыканкама ў склад парламента. Яна з гордасцю гаварыла пра выбаршчыкаў: “Ні разу не падвялі мяне, калі я везла туды дэлегацыі з іншых краін, блізкіх і далёкіх.У цэнтры “Гіпіка” захапляюцца гістарычнай рэстаўрацыяй Госці пакідалі Ашмяншчыну, задаволеныя тамтэйшым узроўнем сельскай культуры: там людзі добра валодаюць беларускай мовай, любяць родныя мясціны”.
Прывяла госця і канкрэтны прыклад павагі да мінуўшчыны свайго краю. У размешчанай на ўзбоччы ад вялікіх шляхоў вёсцы Болтуп калісьці жыў польскі хімік, прафесар Віленскага ўніверсітэта Енджэй (Анджэй) Снядэцкі, там ён памёр і пахаваны. Але памяць пра яго не згасла. Вучні сярэдняй школы ў вёсцы Кальчуны, што па суседстве, даглядаюць магілу вучонага. Аб’яднаўшыся ў гурток “Сябры музейнай справы”, яны сабралі звыш тысячы экспанатаў, зрабілі макет гатычнага палаца ў Болтупе (дарэчы, туды прыязджаў і класік польскай паэзіі Юльюш Славацкі), абсталявалі вялікую экспазіцыю, самі сталі па ёй экскурсаводамі. А настаўніца Кальчунскай школы Таццяна Давідовіч да 240-х угодкаў прафесара выдала на Ашмяншчыне за свой кошт прыгожую кніжку з каляровымі здымкамі пад красамоўнай назвай “З мінулым у будучыню”. Такі факт прыемна здзівіў польскіх парламентарыяў, калі яны вандравалі па Ашмяншчыне. Цёплыя ўражанні засталіся ў гасцей і пасля наведвання адроджанай сядзібы ў Бянюнах, дзе нарадзіўся мастак з еўрапейскай славай Юльян Карчэўскі.
Ды, відаць, пацікавіўся я, найбольшае ўражанне ў вандроўнікаў па Ашмяншчыне ўсё ж пакідаюць Гальшаны? Там — руіны сапегаўскага замка, францішканскія касцёл і кляштар, у якім, кажуць, з’яўляецца прывід Белай дамы... А Валянціна Лузіна ўдакладніла, што ў Гальшанах найперш людзі падыходзяць да каменя-валуна ў памяць пра Соф’ю Гальшанскую. Помнік у гонар С. Гальшанскай
І сапраўды, гэтую жанчыну, знакавую асобу ў гісторыі, даследчыкі з поўным правам называюць “маці каралёў”. Соф’я Гальшанская, варта нагадаць, у 16 год стала чацвёртай жонкай 70-гадовага польскага караля Уладзіслава Ягайлы з роду Гедымінавічаў. Першыя тры з яго выбранніц не падаравалі каралю жаданых сыноў-нашчадкаў. Таму і на “Соньку”, дачку князя Андрэя Гальшанскага і праваслаўнай княжны Аляксандры з Друцкіх, польскія вяльможы глядзелі скептычна. Таму і каранавалі яе амаль праз два гады пасля шлюбу, калі нарэшце з’явілася ўпэўненасць, што новая жонка зацяжарыла. І сапраўды, Соф’я Гальшанская стала пачынальніцай цэлай еўрапейскай дынастыі Ягайлавічаў, прычым сама і выхоўвала сыноў, як сведчаць храністы, у “рускіх” традыцыях. Адзін з сыноў, Уладзіслаў, панаваў на польскім і венгерскім тронах, другі ж, Казімір, — у Вялікім Княстве Літоўскім, а найлепшым “дарадцам” для яго была маці. Потым адзін з Ягайлавічаў сеў на чэшскі трон: якраз тады, калі там выдаваў беларускую Біблію Францыск Скарына. А ўвогуле, як сведчаць энцыклапедыі, Соф’я Гальшанская і Уладзіслаў Ягайла з’яўляюцца ў той ці іншай ступені продкамі ўсіх цяперашніх еўрапейскіх каралёў і пануючых князёў, а таксама дынастый, якія страцілі троны ў выніку рэвалюцый.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter