Новы віток гісторыі старажытнага Антопаля

Антопаль: дэмаграфічныя прывілеі, навагоднія навасёлы і местачковыя фабрыканты

ДНЯПРОЎСКА-БУГСКІ канал, пракладзены амаль два стагоддзі таму праз палескія балоты, адкрыў водны шлях прыбярэжным населеным пунктам, сярод якіх і мястэчка Антопаль. Упершыню яно пісьмова ўзгадваецца ў ХVI стагоддзі ў дакументах Берасцейскага ваяводства.


У 1731 годзе Антопаль атрымаў статус горада і прывілею на правядзенне тройчы на год кірмашоў. Мясцовы люд займаўся рамесніцтвам, земляробствам, жывёлагадоўляй. Дзейнічала шэсць маслабойняў, некалькі млыноў. Цэнтральную частку паселішча ўпрыгожвалі праваслаўная царква, касцёл, сінагога. Адкрыліся манастыр базыліянаў і адзіная на акругу сярэдняя публічная школа з ухілам на вывучэнне рыторыкі. За ваколіцай мястэчка пры сядзібе Бравэрнаў з’явіўся ўнікальны парк.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай правінцыяльны Антопаль панізілі зноў да мястэчка, якое адышло да Кобрынскага павета Расійскай імперыі.

95-ы Новыгод сустракае Надзея МАЦУКА.

У 1882 годзе пабудавана чыгуначная станцыя Антопаль на першай на Палессі лініі Жабінка–Пінск. У Першую сусветную вайну па чыгунцы рухаліся на фронт баявыя эшалоны. Неаднаразова мянялася ўлада. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі згодна з Рыжскай мірнай дамовай мястэчка апынулася ў буржуазнай Польшчы, дзе зноў стала горадам. У 1939 годзе заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад БССР, і Антопаль атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу і цэнтра раёна, якім быў да канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Нямецка-фашысцкія захопнікі праз тры дні пасля вераломнага нападу на СССР акупіравалі мясцовасць. Арганізаваўся партызанскі рух. Народныя мсціўцы падрывалі на чыгунцы варожыя эшалоны, устройвалі засады на гітлераўцаў. У сярэдзіне лета 1944 года савецкія воіны вызвалілі Антопаль ад акупантаў. Многія мясцовыя жыхары ўліліся ў дзеючую армію і прымалі ўдзел у вызваленні еўрапейскіх краін ад фашысцкай чумы.

Начальнік аддзела ААТ “Асіпавічы” Аляксей ЕМЕЛЬЯНОВІЧ і старшыня сельсавета Міхаіл ШЧЭРБАЧ.

З першых пасляваенных дзён аднавілі дзейнасць райпрамкамбінат, харчовыя прадпрыемствы, калгас “1 Мая”, які цяпер стаў ААТ “Асіпавічы”. Адкрылася вытворчасць ільняных вырабаў, якая рэарганізавана ў ААТ “Антопальская ватна-прадзільная фабрыка”. У вёсках сельсавета актыўна развіваецца фермерства. 

Выпускнік сярэдняй школы Мікалай Кузьміч, які вырабіў копію Крыжа Еўфрасінні Полацкай, адзначаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” і ўганараваны званнем заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

Рэжысёр Яна ПРАКАПЕНКА і мастацкі кіраўнік Дома культуры Алена ГУМІНА.

Повар бальніцы Генадзь ВАЛАСЕВІЧ.

ПЕРАД вандроўкай у Антопаль зазірнуў у інтэрнэт. На пачатку мінулага стагоддзя тут пражывалі амаль чатыры тысячы чалавек. Праз паўвека колькасць насельніцтва дасягнула шасці тысяч. Сёння ў былым райцэнтры, ад якога рукой падаць да Брэста і суседніх Кобрына, Бярозы, Драгічына, у тры разы паменшала жыхароў. Старшыня сельвыканкама Міхаіл Шчэрбач, педагог па адукацыі, пастаянна бывае ў кожным з 24 населеных пунктаў, у якіх колькасць жыхароў складае чатыры тысячы чалавек. Вандроўку па антопальскіх мясцінах з Міхаілам Міхайлавічам пачалі са шматдзетнай сям’і Ліліі і Барыса Барысюкоў з аграгарадка Дзеткавічы. У прасторным новым катэджы нас сустрэлі гаспадыня і яе малодшыя дачушкі Юля і Вольга. Старэйшыя Ліна і Кірыл былі ў школе, а гаспадар Барыс Міхайлавіч – на жывёлагадоўчай ферме ААТ “Агра-Дзеткавічы”. Ён тэхнік-асемянатар. Лілія Васільеўна займаецца хатняй гаспадаркай і дапамагае аслеплай свекрыві Галіне Мікалаеўне. Дзеці падсабляюць даглядаць карову, свіней, качак, курэй. 

У такіх жа тыпавых катэджах жывуць і некаторыя іншыя вяскоўцы. Шматдзетныя сем’і маюць прывілеі на аплату газу і электрычнасці, набыццё падручнікаў для школьнікаў. Усе навучэнцы бясплатна харчуюцца ў школе. Кожная з 72 шматдзетных сем’яў сельсавета мае дзяржпадтрымку. 250 дзяцей выхоўваюцца ў іх, і амаль 60 — у няпоўных сем’ях, якім таксама дзяржава дапамагае.

Народны майстар Беларусі Галіна СЦЕПАНЮК.

Конюх бальніцы Юрый МІСЕЙКА.

35 жыхароў сельсавета сустракаюць 95-ы Новы год, амаль 400 — адлічваюць дзявяты дзясятяк. За адзінока пражываючымі пенсіянерамі замацаваны сацыяльныя работнікі, 25 прыняла бальніца сястрынскага догляду. Чвэрць стагоддзя нязменна кухараць тут Генадзь Валасевіч і яго памочнік Людміла Саўчук. Генадзь Сяргеевіч жыве ў вёсцы Худлін, што ў пяці кіламетрах ад Антопаля, на краі суседняга Кобрынскага раёна. У любое надвор’е ён на кухні. Дзве брыгады кухараў пачаргова праз дзень мяняюцца. А конюх Юрый Місейка і ў выхадныя даглядае кабылку, якая ў бальнічнай гаспадарцы незаменная.

ПАЎТАРА дзясятка коней захавалася ў ААТ “Агра-Дзеткавічы”. Памятае 94-гадовая Надзея Мацука, як у першыя пасляваенныя гады заліваліся потам на полі калгасныя коні. Пра трактары сяляне толькі чулі. Коннымі жняяркамі касілі травы паабапал Дняпроўска-Бугскага канала, нарыхтоўвалі сена. Надзея Сазонцьеўна тады толькі вярнулася з нямецкага рабства. У Велікоднае свята яе з сяброўкамі схапілі гітлераўцы і адправілі ў Германію. Цягала ваганеткі на цагельні ў горадзе Маент. Пасля вызвалення пешшу вярталіся дамоў. Да выхаду на пенсію працавала паляводам у калгасе. Выйшла замуж. Доўгім выдалася сямейнае жыццё. На дзясятым дзясятку аўдавела. Падтрымліваюць дзеці. Дачка Люба і сын Мікіта з сем’ямі жывуць побач.

Урок у 3-м класе вядзе настаўніца Наталля КУЛІК.

Пенсіянераў гаспадаркі ведае дырэктар Міхаіл Новік, які сямнаццаты год кіруе калектывам. Аднаму дровы падвезці, другому агарод пераараць, а каго проста паслухаць. Для ўсіх знаходзіць час Міхаіл Міхайлавіч. 

Нам з ім сустрэцца не ўдалося — выклікалі ў раён. У канторы засталі выконваючага абавязкі галоўнага агранома Андрэя Богуша. Пасля заканчэння аграфака Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ён дзевяць гадоў займаўся аховай раслін. Упершыню самастойна давядзецца правесці веснавую кампанію. Фронт работ на палях вялікі. Сельгасугоддзяў 4000 гектараў. У севазвароце прыярытэт — збожжавым, ад якіх найбольшы прыбытак. Эканаміст Лідзія Труш адзначыла, што сёлета рэнтабельнасць зерневых дасягнула 30 працэнтаў. Вышэйшую адукацыю Лідзія Васільеўна атрымала на экфаку БДУ. Эканамічны аналіз вытворчай дзейнасці гаспадаркі – яе стыхія: падсумоўвае вынікі, аналізуе іх. Рэнтабельнасць вытворчасці малака вырасла да сарака працэнтаў. З 3257 галоў буйной рагатай жывёлы амаль 900 дойных кароў, якія ўтрымліваюцца на Дзеткавіцкай і Дубоўскай малочна-таварных фермах. Сярэднегадавы надой ад кожнай перавысіць 4000 кілаграмаў. Займаюцца і вытворчасцю ялавічыны: на Мяневіжскай ферме 125 кормнікаў.

Слесар ААТ “Антопальская ватна-прадзільная фабрыка” Уладзімір КУЛІК.

Суседняе ААТ “Асіпавічы” зараз перажывае санацыю. Начальнік аддзела раслінаводства і кормавытворчасці Аляксей Емельяновіч лічыць: справа наладжваецца. Пры ўсіх фінансавых цяжкасцях своечасова пасеяны збожжавыя на 1500 гектарах.

Развіваецца на тэрыторыі сельсавета і фермерства. Прыватныя гаспадары Барыс Думанскі з Навасёлак, Валянцін Крэйдзіч з Асіпавіч, Алена Вакульчык з Хамічыцаў займаюцца гароднінай. Садавіну, арэхі і розныя вострыя прыправы вырошчвае фермер Вадзім Ллойд, які вярнуўся на бацькаўшчыну з Эстоніі. Паклікалі родныя пенаты і Рамана Кавалеўскага. Будуе свой дом у Антопалі. Дзясятак новых сядзіб паўстала ў гарпасёлку. Старшыня сельвыканкама таксама будуе дом на Паўночнай вуліцы, дзе адведзена паўтара дзясятка ўчасткаў.

Швачка Іна ЧЭРНІК.

БРЭНД Антопаля – прадукцыя ватна-прадзільнай фабрыкі. Праз прапускны пункт падымаемся са старшынёю сельвыканкама на другі паверх адміністрацыйнага корпуса. У кабінеце дырэктара Генадзя Радчука шмат грамат і дыпломаў. Размова з Генадзем Анатольевічам пачалася з гісторыі. У першае пасляваеннае лета пачыналі з канапляных і льняных вяровак, матрацаў, стэрыльнай ваты для медыцыны. Зараз у цэхах звыш сотні рабочых. Кітайскія інвестары паставілі тэхналагічнае абсталяванне і самі ўстанаўліваюць яго. Мадэрнізацыя дазволіць павялічыць выпуск нятканых матэрыялаў для швейнай і мэблевай вытворчасці, вільготных салфетак для даільных цэхаў. Спадзяецца дырэктар: тады вырасце і заробак у рабочых. Адчувальны на прадпрыемстве недахоп прафесіяналаў. 

Славіцца Антопаль і народнымі майстрамі. Былы будынак райкама партыі стаў Домам рамёстваў. Дзясяты год кіруе ім выпускніца Гродзенскага дзяржкаледжа мастацтваў Галіна Сцепанюк. Паўсотні дзетак у гуртках. Галіна Міхайлаўна адраджае народныя традыцыі ткацтва. У адным з пакояў усталяваны кросны, на якіх ткуць паясы. Свае вырабы ўмельцы дэманстравалі і рабілі майстар-класы ў Францыі, Чэхіі, Польшчы. Галіна Сцепанюк уганаравана званнем “Народны майстар Беларусі” і прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. 

Лілія БАРЫСЮК з дочкамі Юляй і Вольгай на падворку.

Ні адна ўрачыстасць у гарпасёлку не праходзіць без выступленняў артыстаў Дома культуры, пры якім дзейнічаюць гурткі мастацкай самадзейнасці. Рэжысёр святочных канцэртаў Яна Пракапенка закончыла Пінскі каледж мастацтваў. Яе муж Іван Аляксеевіч працуе на энерганасычаным трактары “Джон Дзір” у ААТ “Асіпаўшчына”. Атрымалі катэдж ад гаспадаркі, які намераны выкупіць. 

ГАРПАСЁЛАК, аграгарадок Дзеткавічы, вёска Асіпавічы і іншыя буйныя населеныя пункты сельсавета газіфікаваны. Праведзены водаправод. Пачынае павялічвацца колькасць навучэнцаў у Антопальскай сярэдняй школе. Перад навагоднімі святамі ўпрыгожыць цэнтральную плошчу лясная прыгажуня. Новы легкавік да канца года чакаюць у сельвыканкаме. Чакаюцца і наваселлі.

Выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ “Агра-Дзеткавічы” Андрэй БОГУШ.

Так завяршаюць адыходзячы год у старажытным мястэчку, назву якому некалі, згодна паданню, падарыў гаспадарлівы Антон.  

Драгічынскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter