Телеканал «Беларусь 3» отметил дни рождения композитора Людвига ван Бетховена и режиссера Сергея Бондарчука

Алгарытмы жыцця

На наступным тыдні самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы плануе прысвяціць эфір двум выбітным дзеячам сусветнага музычнага і кінамастацтва. У пятніцу, 25 верасня, тэлеканал узгадае Сяргея Бандарчука: у гэты дзень вядомаму рэжысёру, акцёру, сцэнарысту магло б споўніцца 100 гадоў. А на наступны дзень узяць у рукі пульт мы прапануем усім аматарам класічнай музыкі. У 22:50 у эфіры «Беларусь 3» пакажуць тэлеверсію канцэрта да 250-годдзя Людвіга ван Бетховена. За дырыжорскім пультам — маэстра Аляксандр Анісімаў.

Кінастужка Сяргея БАНДАРЧУКА «Лёс чалавека» была прызнана лепшым фільмам 1959 года па апытанні чытачоў часопіса «Советский экран».

Лёс рэжысёра

Да стагоддзя народнага артыста СССР Сяргея Бандарчука на тэлеканале ўзгадаюць апошнія дні майстра і яго дэбютную работу ў якасці пастаноўшчыка. У 10:05 і 19:40 гледачоў чакае дакументальны фільм з цыкла «Апошні дзень», прысвечаны памяці Сяргея Фёдаравіча. Блізкія рэжысёра калісьці расказвалі тэлежурналістам, што апошнія тыдні яго жыцця суправаджаліся абставінамі дзіўнымі і нават містычнымі: Бандарчука-старэйшага мучылі прывіды, прыходзілі ў снах вобразы даўно памерлых людзей, а таксама персанажы яго фільмаў. Яны з’яўляліся ў сваім самым жахлівым выглядзе і катавалі хворага, не даючы яму спакою ні днём, ні ноччу… Калі святар айцец Ціхан (Шаўкуноў) прыйшоў у дом па запрашэнні блізкіх рэжысёра, каб спавядаць і прычасціць яго, высветлілася, што да гэтага ёсць перашкода… Якая — гледачы даведаюцца, паглядзеўшы новы выпуск папулярнага праекта «Апошні дзень». Цікавыя і кранальныя гісторыі пра Сяргея Бандарчука раскажуць яго дачка Наталля (таксама актрыса і рэжысёр), удава Ірына Скобцава, былая жонка Іна Макарава, сябар сям’і кінарэжысёр Дзмітрый Таланкін, а таксама вядомы акцёр Васіль Ліванаў.

У 14:20 і 21:05 «Беларусь 3» пакажа першую кінастужку Бандарчука — ваенную драму «Лёс чалавека», створаную паводле аднайменнага апавядання Міхаіла Шолахава. Дарэчы, сам рэжысёр выканаў у фільме галоўную ролю — цесляра Андрэя Сакалова, які перажыў мукі і выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, адстаяў сваё права звацца чалавекам і захаваў здольнасць кахаць...

За гэту працу рэжысёр атрымаў шмат прэстыжных міжнародных узнагарод. Сярод іх, напрыклад, галоўны прыз фестывалю ў швейцарскім Лакарна і спецыяльны прыз XII Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах за лепшы антыфашысцкі фільм, паказаны ў рэтраспектыве.

Маэстра, музыку!

А вось на наступны дзень,  26 верасня, ёсць добрая нагода пераслухаць лепшыя сімфоніі Бетховена. Тыдзень таму здымачная група тэлеканала «Беларусь 3» правяла запіс новай канцэртнай праграмы Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі да 250-годдзя Людвіга ван Бетховена. Аркестр Белдзяржфілармоніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава распачаў музычны сезон выкананнем 5-й і 6-й пастаральных сімфоній майстра. Два сусветна вядомыя і розныя па настроі творы прагучалі ў адной праграме, як некалі ўпершыню пад кіраўніцтвам самога аўтара. Маэстра Анісімаў распавядае:

— Выкананне і інтэрпрэтацыя сімфанічнай творчасці Бетховена — наколькі складаная, настолькі ж і радасная задача. Тое самае можна сказаць і пра ўспрыманне музыкі вялікага нямецкага сімфаніста. Адной з найважнейшых прычын «складанасці» Бетховена для музыкантаў і слухачоў з’яўляецца нейкае стаўленне да яго як да святыні. Мы, музыканты, ведаем, што іграць і слухаць Бетховена вельмі цяжка, таму часта не можам знайсці з ім простага кантакту, а гэта абсалютна неабходна. Не трэба баяцца і шукаць складанасцей там, дзе іх няма. Нямецкі дырыжор Ота Клэмперэр казаў: «У музыцы няма догмаў, а ў Бетховена тым больш. Іграйце так, як адчуваеце, гэта важней за ўсё». І менавіта так, са сваім стаўленнем, пачуццямі мы паспрабавалі данесці да слухачоў нашы вялізныя эмоцыі і цудоўную музыку выбітнага кампазітара.

Дарэчы, некалькі гадоў таму канал «Беларусь 3» вярнуўся да практыкі запісаў канцэртных праграм і спектакляў — і сёння гэта адна з самых запатрабаваных форм тэлевізійных трансляцый, кажа прадзюсар канала Алена Манькоўская:

— Ідэя адразу знайшла шырокі водгук як з боку саміх канцэртных залаў і тэатраў, так і з боку гледачоў. Гэта бачна ў тым ліку па колькасці праглядаў запісаў на нашым YouTube-канале. У месяц, як правіла, мы запісваем 3—4 канцэрты і адзін драматычны спектакль. Галоўная задача — каб глядач ля экрана чуў і бачыў усё тое ж, што і глядач у партэры.

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter