Купалле ў Літве святкавалі з улікам культурных традыцый чатырох розных народаў

Адвечная сіла Купалля

Купалле ў Літве святкавалі з улікам культурных традыцый чатырох розных народаў

litva.pngЛітоўскія беларусы актыўна ўдзельнічаюць у культурным жыцці паселішчаў, дзе цяпер жывуць, і святы ладзяць з улікам нацыянальных традыцый. Сёлета ўпершыню ў Вісагінасе правялі імпрэзу “Йонас-Ліга-Купалле”, яна сабрала людзей з розных гарадоў і краін. Як бачна з назвы, гэта была спроба паяднаць розныя святы: беларускае Купалле, латвійскае Ліга, літоўскае Йонас. І рускім у нашым Купальскім карагодзе месца знайшлося. Па сутнасці, сэнс і абрады святаў “на вяршыні лета”вельмі падобныя. На смелы эксперымент рашыліся супольна актывісты Беларускага культурнага цэнтра “Крок” з літоўскага Вісагінаса ды Цэнтра беларускай культуры з латышскага Даўгаўпілса.

З беларусамі Даўгаўпілса сябруем даўно, сумесныя імпрэзы ладзім штогод. Ідэю сумеснага Купалля падаў кіраўнік “Крока” Алег Давідзюк. Даўно марыў пра такое, прыкідваў, як зрабіць лепш і цікавей: каб розныя гурты, салісты змаглі выступіць, паказаць майстэрства, каб зладзіць адметнае свята, надыхацца паветрам, нацешыцца прыгажосцю купальскіх траў ды кветак — і проста адпачыць у гожым месцы. Урэшце вырашылі сабрацца на сядзібе ў старадаўнім стылі на беразе возера Устас. Акрамя беларусаў Даўгаўпiлса, “крокаўцы” запрасілі суполкі суродзічаў з Вільнюса, Шальчынінкай, аб’яднанне рускіх з Вісагінаса — ім кіруе Ігар Красікаў. І кожная суполка, дарэчы, зрабіла свой адметны ўнёсак у агульную справу. І надвор’е спрыяла: амаль штодзённы сёлета ў Прыбалтыцы дождж спынiўся, і выглянула Сонца — галоўнае, дарэчы, боства Купальскага свята.

Пачалі з рускай гадзіны. Дзіцячы гурт “Родничок” з Вісагінаса, якім кіруе Галіны Хутарскіх, выканаў некалькі танцавальных нумароў, народныя песні спявалі Соф’я Зюзева, Эла Красікава, Соф’я Боля.  Потым усіх запрасілі адведаць рускай акрошкi: традыцыйная страва Купалля. Кухарылі таксама і беларускі Вільнюса і Шальчынінкай, так што праз смачны абед і перайшлі паціху ў беларускую частку свята. Выступіў вакальны гурт з Шальчынінкай, потым артысты “Крока”: гаспадары свята Святлана Чайкоўская, Валянціна Давідзюк, Юлія Карпенка і Міхаіл Чайкоўскі завабілі ўсіх у карагод, цікава правялі віктарыну пра цудадзейныя ўласцівасці купальскіх траў, забаўлялі грамаду гульнямі.

І вось ужо госці з Латвіі ператварыліся ў ветлівых гаспадынь, частавалі ўсіх дранікамі  “розных мадыфікацый”. На апетыт ніхто не скардзіўся, частаванне ўпрыгожвалі жарты, усмешкі, родныя беларускія словы. А калі даўгаўпілсцы выйшлі на сцэну... Купальскае прадстаўленне атрымалася яркім, захапляльным. Потым была яшчэ сяброўская вячэра, якую зладзілі вісагінскія беларусы.

Ну як не пажадаць, каб падобныя Купальскія сустрэчы былі і ў будучыні! Будзем да таго імкнуцца, пашыраючы карагод сяброў. За доўгі дзень незнаёмыя людзі не проста пасябравалі — сталі вельмі блізкімі. Расставаліся са слязьмі, з надзеямі, што яшчэ сустрэнемся. Вось якая ў Купалля чароўная сіла!

Iрына Дамiнiкевiч-Кузняцова, г. Вісагінас

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter