Музей гісторыі Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур з’явіўся ў Гродне

Адметныя сімвалы свята

Музей гісторыі Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур з’явіўся ў Гродне

На вялізных яскравых стэндах, што размясціліся ў Музеі гісторыі Фестывалю нацыянальных культур, можна пабачыць, як паступова ішло  станаўленне свята. Асобныя плакаты прысвечаны розным нацыянальнасцям, прадстаўнікі якіх жывуць на Беларусі. Цікава таксама разглядаць калекцыю непаўторных сувеніраў з папярэдніх фестываляў. Напрыклад, значкі 1996 і 1998 гадоў — цяпер ужо вялікая рэдкасць. А самыя новыя экспанаты папоўнілі музей у дзень яго адкрыцця — гэта сімвал сёлетняга ХІ фестывалю (шкляная выява бусла), а таксама альбом-летапіс гродзенскага фэсту, што толькі выйшаў з друку. Адзін з арганізатараў фестывалю Тадэуш Стружэцкі падарыў музею фільм пра самае першае шматнацыянальнае свята ў Гродне ў 1996 годзе.

“Яшчэ тады мы ведалі, што фестываль будзе мець працяг. Сёння пераконваемся: ён стаў не проста адным з самых яркіх і прыгожых святаў, але і самым дынамічным фэстам. У 96-м удзельнічалі ў ім прадстаўнікі 11 нацыянальнасцяў, а сёння — амаль чатырох дзясяткаў. Прычым, яго творчы патэнцыял яшчэ далёка не вычарпаны, фестывалю ёсць куды расці і развівацца”, — запэўніў удзельнікаў урачыстасці Тадэуш Іванавіч.

Экспазіцыя, прысвечаная ўнікальнаму па насычанасці святу, пачала працу ў школе № 8. З часам, плануецца, музей пераедзе ў асобны будынак у гістарычным цэнтры горада.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter