Дзеці і іх бацькі ўдзячныя тым, хто ладзіў на Вілейшчыне рэабілітацыйна-аздараўленчую змену “Вясёлыя сэрцайкі”

Ад шчырага сэрца

Іван Іванаў

Дзеці і іх бацькі ўдзячныя тым, хто ладзіў на Вілейшчыне рэабілітацыйна-аздараўленчую змену “Вясёлыя сэрцайкі”

У адным з нядаўніх нумароў мы паведамлялі, што ў чарговы раз сёлета на Вілейшчыне прайшла 12-дзённая рэабілітацыйна-аздараўленчая змена для больш чым сарака дзяцей і падлеткаў, якія маюць складаныя прыроджаныя заганы сэрца, перанеслі аперацыі. У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Надзея” яны змаглі пажыць без абмежаванняў у актыўнасці, займаліся творчасцю, шмат гулялі.

heart.png

Здымак на памяць пра змену “Вясёлыя сэрцайкі”


У працяг тэмы прэс-сакратар Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч паведаміла, што ў праграму рэабілітацыі ўваходзіць і псіхалагічная падтрымка ды суправаджэнне кожнага дзіцяці і групы ў цэлым. Штодзень у адпаведнасці з узростам праходзілі сустрэчы, гульнявыя заняткі з псіхолагам. Былі індывідуальныя сустрэчы і кансультацыі. Прычым абавязкова ўвечары ўсе збіраліся разам, дзяліліся ўражаннямі і эмоцыямі ад пражытага дня. Конкурсы, гульні, шоу, інсцэніроўкі бурна абмяркоўваліся, бо многія з іх дзеці самі і рыхтавалі. Заняткі ў творчых гуртках, экскурсія ў Вілейку, заключнае вогнішча з пікніком, гульнямі ды карагодамі — усё гэта пакінула незабыўныя ўражанні.

“Мы ўдзячны ўсім артыстам беларускай эстрады, хто паўдзельнічаў у дабрачынным канцэрце і прыехаў у “Надзею” на сяброўскую сустрэчу, — напісала Юлія. — А былі гэта Вольга Субота, Святлана Агарвал, Арцём Сарока, Андрэй Шумак. Тады ж прайшоў паказ моднай калекцыі дзіцячага адзення ад студыі “Мадмуазель Адры” пад кіраўніцтвам Нінэль Аракелян, вядучымі свята былі Святлана Статкевіч і Алена Дамарацкая. А на завяршэнне дзеці разам з артыстамі селі за салодкі стол. Важна, што кожны ўдзельнік праекту “Вясёлыя сэрцайкі”атрымаў падарунак ад артыстаў, ад студыі “Мадмуазель Адры”, кіраўнікоў кампаній “ЦентрООбувь.by”, “Лазер Графикс” ды іншых. Такая ўвага вядомых людзей, у якіх добрыя сэрцы, таксама лечыць…”

У аздараўленчым цэнтры многія дзеці і падлеткі змаглі зрабіць нешта ўпершыню: адны — праехаць на ровары, другія — прайсці да возера пешшу. Хтосьці ўпершыню стаў капітанам каманды ці ў першы раз выйшаў на сцэну. Вось што казалі самі ўдзельнікі праекта, калі ён заканчваўся. Марына, 15 гадоў: “Галоўнае тут — гэта нашы зносіны, сяброўства, людзі, якія вакол нас, і яшчэ — свабода выбару заняткаў”. Аліна, 14 гадоў: “Хацелася ўсё паспрабаваць, каб потым не шкадаваць пра страчаныя магчымасці. Я спачатку саромелася, а потым зразумела, што выдатна знаёміцца з хлопцамі, удзельнічаць у конкурсах, пераўвасабляцца, быць смялейшаю. Гэта іншым дае прыклад і зарад энергіі”. Ігар, 15 гадоў: “Мяркую, тут мы сталі трошкі іншымі: больш кантактнымі і смелымі, цікавімся ўсімі падзеямі, мы творча актыўныя і згуртаваныя, мы самастойныя і ўмеем адзін другога падтрымаць”. Жэня, 12 гадоў: “Шмат хто з нас прыехаў упершыню на адпачынак без бацькоў. Спачатку было цяжка і сумна... А цяпер не хочацца ехаць дадому: гэтак мы пасябравалі і сталі адной вясёлай сям’ёй! Мы купаліся ў возеры, гулялі па лесе, удзельнічалі ў конкурсах, спявалі ўсе разам, былі спартыўныя гульні, равары, аздараўленчыя працэдуры і нават трэнажорная зала. Таму я вельмі хачу яшчэ раз сюды прыехаць”.

Ад імя бацькоў дзяцей і падлеткаў, якія адпачывалі, аздараўляліся, вучыліся паўнацэнна жыць, пераадольваць праблемы са здароўем вось што сказала “мама Святлана”: “Мой хлопчык упершыню адпачываў самастойна, без нас, бацькоў. Для мамы заўсёды няпроста даверыць сваё дзіця іншым дарослым. Я непакоілася за сына, але ён справіўся! Пасябраваў з іншымі хлопцамі, столькі ўсяго цікавага паспрабаваў, удзельнічаў у конкурсах і віктарынах. Калі сын расказвае цяпер пра “Вясёлыя сэрцайкі”, у яго вочы свецяцца радасцю. А галоўнае, што ён быў з іншымі дзецьмі разам, не звяртаючы ўвагі на хваробу. Ён адпачываў, як любы іншы хлопчык у яго ўзросце. Вялікі дзякуй усім, хто даў магчымасць нам, бацькам, убачыць, што нашы дзеці могуць жыць інакш!”

Нагадаем, што праект “Вясёлыя сэрцайкі” — гэта плён намаганняў супрацоўнікаў Беларускага дзіцячага фонду, кардыёлага і псіхолага. Ён праходзіць пры пастаянным удзеле высокакваліфікаваных спецыяліс­таў. Таму і з’яўляецца надзея на паўнацэннае жыццё ў тых, хто звычайна жыве з асцярогай і аглядкай на здароўе: амаль тры чвэрці ўдзельнікаў праекта перанеслі складаныя аперацыі са спыненнем сэрца. І таму для іх недаступныя, па сутнасці, звычайныя дзіцячыя радасці. Пакуль такая змена — адзіная ў краіне. З часам, спадзяемся, каштоўны досвед будзе пашырацца.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter