Ад продкаў нам застаўся талент

На Гродзеншчыне прайшоў фестываль абрадаў і рамёстваў

Фестываль абрадаў і рамёстваў «Скарбы Гродзеншчыны» паказаў, што на гэтай зямлі засталося яшчэ шмат самабытных знакамітых майстроў

Такое вялікае свята традыцыйнай беларускай культуры ладзіцца на Гродзеншчыне ўпершыню. Арганізатары — галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага і Мастоўскага райвыканкамаў. На правядзенне фестывалю з абласнога бюджэту выдаткавана больш за 100 мільёнаў рублёў. Каб прадставіць свае «скарбы», на лідскую і мастоўскую землі прыехалі прадстаўнікі 17 цэнтраў рамёстваў Гродзеншчыны, госці з Брэсцкай вобласці, творчыя калектывы з Польшчы і Літвы.

Першай гасцей фестывалю вітала лідская зямля. На працягу дня Лідскі раённы Палац культуры поўніўся гукамі народных песень, танцамі, вабіў позірк гледачоў набыткамі майстроў і мастакоў Гродзеншчыны. Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пачалося вясёлымі музычнымі нумарамі. Іх выконвалі выхаванцы мастацкіх калектываў Лідскага раённага Палаца культуры — народны ансамбль песні і танца «Лідчанка» і ўзорны ансамбль танца «Сонейка». Акцёры, якія забаўлялі публіку і сустракалі гасцей, увасаблялі галоўныя рысы беларусаў: працавітасць, гасціннасць, адкрытасць. Гэта даводзілі і іх гаваркія імёны: Каравайніца і Жартаўнік, Захавальніца і Майстар.

Як паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі, галоўная мэта фестывалю — захаванне і папулярызацыя рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры вобласці, далучэнне шырокай грамадскасці да рэгіянальных рамёстваў і промыслаў Гродзеншчыны, падтрымка і захаванне традыцыйнай культуры рэгіёна, паказ магчымасцей уключэння аб’ектаў нематэрыяльнай культуры ў турыстычныя маршруты, прэзентацыя розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэманстрацыя рэгіянальных свят і абрадаў, а таксама далучэнне да традыцыйных рамёстваў дзяцей і падлеткаў і ўсіх жадаючых праз навучанне і майстар-класы ад майстроў-носьбітаў.

— Наша рэспубліка мяжуе з некалькімі краінамі, мы не раз падвяргаліся палітычнай і эканамічнай агрэсіі, але, нягледзячы на гэта, захавалі традыцыйную культуру, — паведаміў Аляксандр Вярсоцкі ў прывітанні да лідчан і гасцей свята. — У нас ёсць унікальныя прыклады матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры. Але самы вялікі скарб — гэта нашы людзі. І сёння нам пашчасціла сустрэцца з асаблівай праслойкай грамадства, якой Богам дадзены талент і магчымасць перадаваць яго праз свае вырабы.

Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю яго ўдзельнікі наведалі дворык з выстаўкай-прэзентацыяй «Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны». Тут на пяці падворках майстрыхі шчыра запрашалі пакаштаваць беларускія нацыянальныя прысмакі розных мясцовасцей. Чаго тут толькі не было: дзеруны, халаднік, зацірка, мачанка, смажанка, каўбасы, клёцкі, бульбяная бабка і не толькі. Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці Гродзенскага раёна нават падрыхтаваў сцэнку выпякання хлеба ў рускай печы, якая суправаджалася вершамі, жартамі і прыказкамі. Усё дзейства ацэньвалася экспертнай камісіяй, а госці проста мелі магчымасць з’есці тое, што, можа, ніколі не давядзецца пакаштаваць.

У фае Лідскага раённага Палаца культуры душэўныя песні выконвалі гурты «Вяргіня» і «Скарбоначка» Шчучынскага раёна. Каларытныя бабулі-вяргіні маглі бы даць фору расійскім буранаўскім бабулям. У рамках фестывалю быў праведзены конкурс па наступных намінацыях: «Лепшая калекцыя выставачных работ традыцыйных рамёстваў», «Ткацтва», «Вышыўка», «Саломапляценне», «Роспіс яек», а таксама абласная выстаўка-конкурс выцінанкі «Папяровыя фантазіі» (па трох намінацыях).

На працягу ўсяго дня госці свята наведвалі майстар-класы, спектаклі, анімацыйныя праграмы. Пасля чаго ў Палацы культуры быў арганізаваны круглы стол на тэму захавання і папулярызацыі рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры на Гродзеншчыне. Не застаўся ў баку ад фестывалю і Лідскі замак — тут гледачы сталі ўдзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення «Вяселле Ягайлы». А пад вечар на канцэртнай пляцоўцы творчыя калектывы Лідчыны і Літвы арганізавалі святочную праграму «Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах».

Другі дзень фестывалю прайшоў у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна пад назвай «Кірмаш рамёстваў» сумесна з праектам транспамежнага супрацоўніцтва «Вандроўка ў этнаказку». Менавіта тут можна было ўбачыць работу экспазіцыі выставак традыцыйных рамёстваў раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў Гродзенскай вобласці з дэманстрацыяй тэхналогіі выканання вырабаў. Перш за ўсё гэта выстаўка «Гродзенскія дываны» — традыцыйнае падвойнае ткацтва, прэзентацыя майстэрні ткачыхі Веры Белакоз. На падворку ткачоў былі прадстаўлены розныя тэхнікі ткацтва: простае двухнітовае (Ваўкавыскі раён), пераборнае (Шчучынскі раён), падвойнае ткацтва (Мастоўскі раён), ткацтва габеленаў (Гродзенскі раён). Тут жа прайшлі майстар-класы па пляценні паясоў, выстаўка ўзораў мастацкага саломапляцення і майстар-класы ад лепшых майстроў салома-пляцення Гродзеншчыны. На алеі музея адбыліся выстава мастацкай коўкі «Стыхія металу і агню», майстар-класы па мастацкай апрацоўцы металу, па роспісе яек, конкурс на лепшую пісанку і іншыя. Увесь дзень вёска Гудзевічы ўдзельнічала ў народных сюжэтна-гульнёвых праграмах, ацэньвала выступленне творчых калектываў Сувальшчыны (Польшча). Паводле слоў удзельнікаў і гасцей фэсту, традыцыйная народная культура — гэта мост, па якім да нас у госці прыходзіць мінуўшчына. І добра, калі нам яшчэ ёсць што ўспомніць і што захаваць.

На здымку: у час фестывалю «Скарбы Гродзеншчыны».

Фота: Таццяна КАНДРАЦЬЕВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости