Ад Бабра чакай дабра!

СУСТРЭЧА з Уладзімірам БАБРОМ, галоўным аграномам СВК «Агракамбінат «Сноў», адбывалася ў нязвычных для спецыяліста абставінах — у рабочым кабінеце. Маўляў, узімку крэсла і стол — асноўнае месца дыслакацыі. Сёння менавіта тут, як вялікі ваенны план, распрацоўваецца стратэгія развіцця раслінаводства гаспадаркі на гэты год...

Пра што кожны год марыць Уладзімір БАБЁР — лепшы аграном самай моцнай гаспадаркі Мінскай вобласці?

СУСТРЭЧА з Уладзімірам БАБРОМ, галоўным аграномам СВК «Агракамбінат «Сноў», адбывалася ў нязвычных для спецыяліста абставінах — у рабочым кабінеце. Маўляў, узімку крэсла і стол — асноўнае месца дыслакацыі. Сёння менавіта тут, як вялікі ваенны план, распрацоўваецца стратэгія развіцця раслінаводства гаспадаркі на гэты год...

ДАСЬЕ «БН»

Уладзімір БАБЁР, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, узнагаро- джаны:

граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1986 г.) і Нацыянальнага Сходу РБ (1998 г.);

медалём «За працоўную доблесць» (1979 г.);

ордэнам «Знак Пашаны» (1987 г.) і ордэнам Пашаны (2002 г.).

Летась Уладзімір Серафімавіч стаў лепшым сярод галоўных аграномаў Мінскай вобласці. Дыплом з рук Прэзідэнта атрымаў на Рэспубліканскім фестывалі- кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2010» у Лідзе.

— Шчыра кажучы, кабінетная работа мне не па душы, — зазначае Уладзімір Бабёр. — Але ж без яе ў міжсезонне нельга. Зіма — пэўнае зацішша ў нашай прафесіі, гэта своеасаблівая работа над памылкамі. Ёсць магчымасць прааналізаваць мінулагоднія вынікі, каб прыбавіць сёлета. Таму варта скрупулёзна рыхтавацца да пасяўной: закупляць мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы, насенне, падрыхтоўваць яго, вывозіць угнаенне на палі. У гэтым сэнсе трэба быць узброеным да зубоў! І як толькі сыдзе снег — рвацца ў бой. За новы ўраджай.

На вясну ва Уладзіміра Бабра — нюх. Прафесійны. Зямля скідвае белую коўдру, першыя птушыныя трэлі абу- джаюць прыроду, паветра дыхае вільгаццю… Менавіта так распачнецца самая актыўная для агранома пара, напал якой не спадзе, пакуль снег зноў не ляжа на палі. Гэтую вясну спадар Бабёр сустрэне ў гаспадарцы ўжо ў сорак трэці раз. Менавіта столькі гадоў Уладзімір Серафімавіч працуе ў «Снове». Ён сапраўдны доўгажыхар і ветэран гаспадаркі: падняўся па кар’ернай лесвіцы з простай рабочай спецыяльнасці палявода да пасады галоўнага агранома.

— З тым, што застануся працаваць у роднай вёсцы, вызначыўся яшчэ ў школе, — успамінае Уладзімір Серафімавіч. — Бацькі мае простыя, калгаснікі, з дзяцінства прывучылі дапамагаць — такім чынам і прывілі любоў да зямлі. Адразу пасля школы пайшоў працаваць у калгас, паралельна атрымліваў вышэйшую адукацыю: скончыў агранамічны факультэт сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Усё жыццё працаваў тут, у «Снове». Апошнія дваццаць шэсць гадоў — галоўным аграномам.

— А калі была б магчымасць, змянілі б сваю прафесію на іншую? — цікаўлюся я.

— Не. Ні за якія грошы! — упэўнена ўскліклікае Уладзімір Бабёр. — Калі ў акадэмію паступаў, на стацыянар не хапіла аднаго бала. Прапанавалі ісці на заатэхнію. Але ж я не згадзіўся: вучыўся на завочным аддзяленні. Не раз было, што пераманьвалі ў іншыя гаспадаркі. А я застаўся тут — верны роднай вёсцы і прафесіі. Работу сваю вельмі люблю. Душа радуецца, калі ў сваіх руках трымаеш тое, што вырасціў.

Вядома, зямля ўдзячная тым, хто аб ёй клапоціцца. А гэта значыць, што за сухімі лічбамі і высокімі паказчыкамі (асноўнымі эканамічнымі характарыстыкамі «Снова») стаіць карпатлівая, штодзённая работа. І поспех, на думку Уладзіміра Бабра, —  гэта не заслуга аднаго чалавека. Рэзультат гэты — калектыўны, замацаваны часам.

— Трэба прызнаць, што «Снову» пашанцавала з кіраўнікамі, — упэўнены галоўны аграном. — Я не пяю дыфірамбаў, а ўспамінаю. За гісторыю гаспадаркі (яна была арганізавана ў 1951 годзе. — Аўт.) змяніліся толькі тры кіраўніка — Якаў Аляксанкін, Герой Сацыялістычнай Працы, Міхась Карчміт, Герой Беларусі, і сённяшні Мікалай Радаман. Мэтанакіраваная праца на вынік — задача ўсіх «сноўцаў». І механізатара, і галоўнага спецыяліста, і мая ў тым ліку…

Для агранома важна, каб кожнае поле радзіла, давала добры і якасны ўраджай, павялічвалася ўрадлівасць глебы. Хаця ў прафесійнай скарбонцы Уладзіміра Серафімавіча дастаткова многа агранамічных «рэцэптаў», знаходзіць новыя шляхі, вырашаць складаныя расліназнаўчыя задачкі імпэтнаму спадару Бабру хочацца. Майстэрства, адшліфаванае гадамі, трэба ўдасканальваць — спрабаваць новыя тэхналогіі, працаваць з навукай, абменьвацца вопытам.

Кажуць, сельская гаспадарка — як завод пад адкрытым небам. Непрадказальная. На карту пастаўлены ўвесь ураджай. У адзін год ападкаў недастаткова, у другі — залішне. Вось табе і рызыка!

— Расліна для мяне, быццам бы малое дзіця, — разважае Уладзімір Бабёр. — Калі яно з’яўляецца на свет, аб ім патрэбна заўжды клапаціцца, карміць, сачыць за здароўем, каб у пэўны час жыцця яго не падкасіла нейкая хвароба. А расліна не скажа табе, дзе баліць. Ну зусім як немаўля!

Дарэчы, Уладзімір Серафімавіч неблагі сем’янін. Разам з жонкай Станіславай Станіславаўнай узгадаваў траіх дзяцей. Валерый і Алена займаюцца ў сферы будаўніцтва, а вось сярэдні сын Алег пайшоў па слядах бацькі. Скончыў на агранома Горацкую акадэмію, пэўны час таксама працаваў у «Снове», а сёння — у сельскагаспадарчай фірме.

— Нават спрачаемся адзін з адным, абмяркоўваючы прафесійныя пытанні, — зазначае Уладзімір Бабёр. — Маладыя павінны ісці вышэй і быць лепшымі, чым мы. Як, напрыклад, мае намеснікі — пяць аграномаў. Гэта мая маленькая каманда. Я, можа, кіраўнік вельмі патрабавальны, але ўпэўнены ў сваім калектыве: робім адну справу. Таму, калі што, — а я ўжо два гады на пенсіі — ёсць мне годная змена.

Аднак на заслужаны адпачынак, мне здаецца, Уладзіміра Серафімавіча адпраўляць ранавата: ёсць запал у душы, аганёк у вачах. Як сярэднюю ўраджайнасць падняць з 71,5 цэнтнера з гектара? Як урадлівасць глебы павялічыць? (Сёння бальнасць зямлі 45,3.) Да таго ж у сярэдзіне студзеня ў «Снове» адбылося чарговае ўзбуйненне: далучана насенняводчая гаспадарка «Друцькаўшчызна».

— Пакуль што асаблівых планаў на гэты год на яе няма, — гаворыць Уладзімір Серафімавіч. — Працуем над узбуйненнем палёў — у нас ёсць нават такія, плошча якіх амаль тры сотні гектараў. Аб’ядноўваем угоддзі, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць высокапрадуктыўную сельгастэхніку. Праводзім іспыты новых прэпаратаў у эксперыментальных мэтах. У справе нашай, земляробчай, асабліва агранамічнай, важна не ўпусціць момант, мець свой план развіцця і шукаць тое рацыянальнае зерне, якое ты можаш унесці ў агульны каравай. Ніколі не трэба расслабляцца, а працаваць, працаваць, працаваць… Таму што сёння ты ў перадавіках, а заўтра можаш аказацца і ў хвасце.

Вытрымка і самадысцыпліна — сапраўдныя козыры заўзятага спадара Бабра. А мара ў яго вельмі простая. Кожны год лепшы аграном самай моцнай гаспадаркі Мінскай вобласці з нецярпеннем чакае сваёй любімай пары года.

— Гэта май-чэрвень, калі ўсе палі засцілае зелень. Пшанічка, яравыя… Усё акуратна, прыгожа — у радочках. Выходжу на прастор і радуюся: вось яно, маё дзецішча, вось яно — жыццё…

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter