50 колераў “Вясёлкі”

Калектыў рэдакцыі часопіса “Вясёлка” з 50-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. “Сімвалічна, што юбілей вашага часопіса супаў з Годам дзіцяці, які праводзіцца цяпер у Беларусі. Гэта перыядычнае выданне для самых маленькіх чытачоў адыгрывае значную ролю ў выхаванні, далучае дзяцей да скарбаў роднай мовы і культуры”, — сказана ў віншаванні.

Сімвалічна, што свой дзень нараджэння старэйшы дзіцячы часопіс краіны святкуе менавіта ў красавіку. Тады, калі вяртаюцца з выраю
птушкі, пачынаюць ісці дажджы, на небе з`яўляюцца першыя вясёлкі. Як вясна абуджае прыроду, так з “Вясёлкай” у душах юных
чытачоў прачынаецца любоў да іх  гісторыі, культуры, мовы.  
Сёння часопіс, як і паўстагодзе таму, бачыць сваю місію ў тым, каб не толькі рабіць светлую пару дзяцінства яшчэ больш вясёлай и радаснай,
але і спрыяць таму, каб дзеці ўмелі шанаваць людзей, якія цярпліва выводзяць іх на жыццёвыя пуцявіны, любілі зямлю, на якой жывуць. Традыцыі гэтага дзіцячага выдання заклаў заснавальнік і першы рэдактар часопіса лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Васіль Вітка. Штогод лепшыя пісьменнікі, кампазітары, мастакі, якія супрацоўнічаюць з “Вясёлкай”, атрымліваюць прэмію імя гэтага выдатнага пісьменніка і педагога.
Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч павіншаваў з юбілеем выдання супрацоўнікаў рэдакцыі часопіса “Вясёлка”, пазаштатных аўтараў, сярод якіх беларускія пісьменнікі, мастакі, настаўнікі, выхавацелі дзіцячых садкоў, бібліятэкары, і ўзнагародзіў іх ганаровымі граматамі.
— Цяжка пераацаніць значнасць гэтага часопіса, — адзначыў Уладзімір Русакевіч. — Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім тым, хто яго стварае. Гэта справа вялікай сацыяльнай важнасці. “Вясёлка” сёння робіць усё, каб нашы дзеці адчувалі сябе ў нашай  краіне шчаслівымі.
Усе нумары “Вясёлкі” знітаваны агульным дэвізам “Люблю Беларусь”. Напрыклад, сёлета, калі краіна адзначае 125-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, дзіцячы часопіс знаёміць юных чытачоў з радаводамі славутых беларускіх песняроў. “Вясёлка” не толькі публікуе лепшыя творчы сваіх чытачоў, але і выдае іх асобнымі зборнікамі.  Так, да юбілею “Вясёлкі” ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла ў свет чарговая кніга, прысвечаная году дзіцяці.
— Акрамя ўсяго рэдакцыя паспрыяла выхаду ў свет кніг “Урокі цікавых сустрэч”, зборніка нарысаў “Нам засталася спадчына”, толькі што выйшаў у друк пяты том кнігі-чытанкі для малодшых школьнікаў “Вясёлка”, — расказвае галоўны рэдактар часопіса лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, старшыня Беларускага дзіцячага фонду Уладзімір Ліпскі. — Можна сказаць, што ўся дзіцячая літаратура, пачынаючы з сярэдзіны мінулага стагоддзя, выйшла з “Вясёлкі”. Аўтарамі часопіса былі такія пісьменнікі, як Янка Маўр, Сяргей Грахоўскі, Артур Вольскі, Эдзі Агняцвет, Іван Шамякін.
— Мне здаецца, каб ў часы майго дзяцінства быў такі часопіс, то я быў бы яшчэ лепшым, — падсумаваў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — Гэты часопіс мае такую канцэпцыю, што пранікае ў сэрца і розум кожнага дзіцяці. Важна таксама і тое, што часопіс заахвочвае іх першыя крокі ў напісанні празаічных, паэтычных і нават крытычных твораў. І самае галоўнае, “Вясёлка” дапамагае наблізіць дарослых да праблем падрастаючага пакалення.
У гэтыя дні “залаты” юбілей “Вясёлкі” святкуюць не толькі яе стваральнікі. Учора ў сталічным Доме літаратара свой любімы часопіс віншавалі школьнікі, а таксама самыя маленькія сябры выдання з дзіцячага садка “Ліхтарык”, ансамбляў “Апельсін”, “Буслік”, “Грушаўскія музыкі”, літаратурнага гуртка “Купалінка”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter