Золата сумеснага жыцця. Нядаўна мы адсвяткавалi “залатое” вяселле нашай сястры Марыi Якаўлеўны i швагра Пятра Паўлавiча Альховiкаў, што жывуць на Любаншчыне.

Наш Пятро — ветэран вайны i працы, ёсць медалi i ордэн. Яны з Машай усё жыццё адпрацавалi ў калгасе. Гэта сардэчныя, душэўныя, добрыя, чулыя i працавiтыя людзi. Сястра добра лечыць па-народнаму: пярэпалах, нервы i шмат што iншае.
На “залатое” вяселле сабралiся сыны, нявесткi, унукi, радня i сяброўкi. Сын Аляксандр iграў i пеў, у яго ёсць “Ямаха”. Сястра з сяброўкай пад магнiтафон спявалi прыпеўкi. Наш брат, Аляксандр Якаўлевiч Рабый, былы загадчык клуба, грае на гармонiку i баяне, дзялiў каравай, падзываў кожнага да стала i вельмi смешна, з прыказкамi, прыгаворваў. А я, фалькларыстка калектыву народнага фальклору “Аршаначка”, расказвала свае вершы пра родны хутар, пра тое, як пазнаёмiлiся жанiх з нявестай.
Наша Маша майстрыха здатная. Умее прасцi, шыць, вязаць, вышываць. А чараўнiца ды весялуха якая! Як выйдзе скакаць, то вачэй не адарваць. Прыпевак з сотню прапяе, прымаўкi смешныя расказвае. Дванаццаць жанiхоў сватоў засылалi, хацелi замуж браць, але яна ўсiм адмовiла. Сяброўкi, а iх у Машы было дзве, раiлi ёй: “Маша, хлопцаў у цябе на прымеце многа, яшчэ гуляй ды лепшага жанiха выбiрай”. Яны ўтраiх наогул на хлопцаў увагi не звярталi i толькi гадам к 27 надумалiся замуж iсцi. Адна пайшла за маладога, другая падалася на Урал. А Машу даўно прыкмецiў Пятро. I прыйшоў у сваты пад Каляды. А на Маслянку згулялi вяселле.
Жылi дружна, шанавалi адзiн аднаго, разам пераадольвалi ўсе цяжкасцi. Траiх сыноў выгадавалi. Старэйшы, Аляксандр, — музыкант, паэт, пясняр, мастак, кампазiтар, рэжысёр. У Астраўцы прайшлi яго два аўтарскiя вечары.
Сярэднi, Слава, у Барысаве жыве, прафсаюзны лiдэр. А малодшы, Iван, працуе на Байкануры, у Казахстане.
Шасцёра ўнукаў маюць Маша з Пятром.
Гаспадарку трымаюць: карову, свiней, авечак, гусей, курэй. На агародзе корпаюцца.
I няхай сабе старасць каля варот чакае, у вокны заглядае, у хату хоча прабiцца. Як заспяваюць сястра са шваграм, пра гады ды хваробы забываюцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter